Свет-люстэрка, адкажы, ці да твару мне касцюм?

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота аўтара.

Не за гарамі новы навучальны год, бацькі паціху збіраюць дзяцей у школу, у асноўным размяркоўваючы пакупкі на некалькі месяцаў. У жабінкаўскім “Універмагу” нешматлюдна. Па словах прадаўцоў, наплыву пакупнікоў чакаюць у выхадныя дні і бліжэй да верасня. Па суботах у магазіне дзейнічаюць 10-працэнтныя зніжкі, таму народу ў гэты дзень найбольш.
Вольга Шэдава з сынам Антонам завіталі ва “Універмаг”, каб набыць абутак, прымераць касцюм. Хлопчык перайшоў у шосты клас першай гарадской школы. Матуля з гонарам расказвае, што ў сына толькі адна сямёрка за год, астатнія адзнакі вышэйшыя, вучыцца Антону падабаецца.
Рыхтавацца да школы Шэдавы пачалі нядаўна. Хадзілі па жабінкаўскіх крамах, ездзілі ў Брэст і Кобрын, прыглядаліся, прыцэньваліся. Галоўнае для іх, як сцвярджае Вольга Анатольеўна, суадносіны цаны і якасці. Абутак, на яе погляд, павінен быць толькі скураны. Мадэльны рад туфляў і чаравікаў ва “Універмагу” даволі шырокі, ёсць з чаго выбіраць. Вытворцы — “Нёман” і “Марка”, “Блік” і “Чаўляры”, Лідская абутковая фабрыка. Цэны ад 47 рублёў на невялікія памеры і вышэй, у сярэднім туфлі каштуюць 69-79 рублёў. Кеды для фізкультуры — ад 18 рублёў.
Пасля прымеркі абутку матуля з сынам падбіраюць пад касцюм кашулю (на здымку). Кошты на іх — ад 30 рублёў, выраблены на Мазырскай швейнай фабрыцы “Надэкс”. Касцюмы, у асноўным, ад “БелКрэда” — ёсць і па 71 рублю, і па 100 рублёў. Прыгожыя і элегантныя. Спартыўныя камплекты ўдвая таннейшыя: 35-50 рублёў. Яны, як і бялізна, у большасці сваёй вытворчасці “Світанку” і “8 Сакавіка”.
Святлана Якавук зазірнула ва “Універмаг”, каб прыгле-дзець дачцэ Волечцы абутак, купіць канцылярскія прылады, а самае галоўнае — падарунак да дня нараджэння, які дзяўчынка святкуе 16 жніўня. Вольга ідзе сёлета ў першы клас, таму спіс неабходных пакупак у матулі ў руках унушальны. Святлана Яўгенаўна прызналася, што абуць-апрануць траіх дзяцей (20, 6 і 3 гады) — справа не з лёгкіх, трэба “лавіць” зніжкі, шукаць, дзе танней.
І Волечка Якавук, і Антон Шэдаў да школы амаль гатовы. А вы?