Дар’я НІКАНЧУК.
У рамках дзевяцідзённага тура па Беларусі 38 прадстаўнікоў Польшчы з Гданьскага павята пабывалі на Жабінкаўшчыне і наведалі наш раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Гасцей урачыста сустрэла яго дырэктар Дзіяна Дубіна, а супрацоўнік установы Уладзіслаў Скабук правёў змястоўную экскурсію. Наведвальнікаў зацікавіў расповед пра героя двух кантынентаў Тадэвуша Касцюшку. Асабліва перыяд ягонага жыцця з 1784 па 1790 год, калі Касцюшка вярнуўся з Амерыкі, дзе ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць, і, прыехаўшы ў Малыя Сяхновічы, стаў гаспадарыць у радавым маёнтку.
Затрымаліся госці з Польшчы і каля бюста героя, што створаны вядомай польскай скульптаркай Бальбінай Відацкай-Свіціч і размешчаны ля будынка музея. Акрамя таго, яны зрабілі памятныя фотаздымкі з аўтэнтычнымі элементамі беларускай хаты, прадстаўленымі ў першай зале гісторыка-краязнаўчай установы. Пасля экскурсіі госці падзякавалі за цёплы прыём на Жабінкаўшчыне і прадоўжылі сваё займальнае падарожжа па гасціннай Беларусі.
