У студзеньскія дні адзначаецца чарговая гадавіна з часу, калі быў утвораны аддзел прымусовага выканання. Гэта яшчэ адна з важкіх прычын, чаму спецыялісты гэтай праваахоўнай службы ва ўзнёслым настроі сустракаюць пачатак года. У іх ліку – судовы выканаўца Юлія Ульяніцкая, якая вось ужо пяць гадоў жыцця прысвяціла працы ў Жабінкаўскім АПВ.

– Жадаю людзям не трапляць у складаныя жыццёвыя сітуацыі, калі патрабуецца наша ўмяшальніцтва, – гаворыць судовы выканаўца. – Мы заўсёды стараемся з разуменнем ставіцца да чалавечых праблем. Са свайго боку, як можам, дапамагаем даўжнікам устаць на шлях выпраўлення, пазбавіцца памылак і вярнуцца да жыцця, неабцяжаранага даўгамі.
Юлія Анатольеўна згадвае афарызм, пачуты ад універсітэцкага выкладчыка Руслана Круцько: “Кожны – каваль свайго шчасця”. Гэтыя словы Руслана Віктаравіча Юлія Ульяніцкая адносіць не толькі да асоб, з якімі даводзіцца працаваць, але і да сябе асабіста.
Вось гэты самы “кавальскі” шлях да ўласнага шчасця наша суразмоўніца пачынала ў родным горадзе-спадарожніку, дзе карэнная жабінкаўчанка паспяхова скончыла трэцюю гарадскую школу. Да слова, Юліі пашчасціла вучыцца ў моцным класе, які дарогай ведаў надзейна вялі класны кіраўнік Людміла Марчанка ды іншыя цудоўныя настаўнікі. І вынік аказаўся вельмі добрым. З іх дапамогай многія пайшлі правільнай дарогай. Мяркуйце самі: з 25 вучняў ажно 23 паступілі і выдатна закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны. Былі сярод аднакласнікаў і тыя, хто, падобна нашай гераіні, вырашылі звязаць сваю біяграфію з юрыспрудэнцыяй ды праваахоўнымі органамі.
Што тычыцца непасрэдна былой выпускніцы сярэдняй школы №3 горада Жабінка, дык Юлія накіравалася па навуку ў Баранавічы, дзе ў дзяржаўным універсітэце пажадала здзейсніць сваю даўнюю мару. Яна, тая крылатая мара, вяла дзяўчыну ў студэнцкія аўдыторыі, дзе на працягу чатырох гадоў вопытныя прафесары і выкладчыкі рыхтавалі будучых правазнаўцаў.
На пытанне, адкуль узялося такое жаданне звязаць лёс з Фемідай, наша суразмоўніца адказала без ваганняў:
– Усё вельмі проста. Я хутка зразумела, што менавіта да гэтай справы мая душа ляжала. Хацелася ведаць законы, быць карыснай людзям і дзяржаве, у якой мы ўсе жывем.
Набірацца ведаў і затым пашыраць іх дапамагалі людзі, што былі побач. Юлія Анатольеўна прыгадвае, як у часы вучобы ва ўніверсітэце вялікі ўплыў на яе аказала выкладчык Вольга Пракуда, якая курыравала групу, дзе вучылася наша зямлячка. З такіх прафесіяналаў, як Вольга Юр’еўна, хацелася браць прыклад. Яна запомнілася ў якасці чалавека надзвычай арганізаванага, патрабавальнага і вельмі справядлівага.
Дзяўчына планавала, што першым месцам працы стане Жабінкаўскі РАУС. Аднак так склалася, што ёй прапанавалі ўладкавацца вядучым рэферэнтам, а затым і судовым выканаўцам у аддзел прымусовага выканання. Такім чынам, Юлія Ульяніцкая вось ужо пяць год займаецца справай, якая ёй падабаецца. Справа заключаецца ў тым, каб аднаўляць справядлівасць у выпадках, калі нядобрасумленныя грамадзяне не жадаюць вяртаць пазыкі, пагашаць штрафы, выплочваць аліменты на дзяцей, якіх дзяржава выхоўвае замест гора-бацькоў. Шмат розных сітуацый трапляе ў поле зроку супрацоўніка АПВ. Уявіце толькі: зараз у Жабінкаўскім аддзеле прымусовага выканання знаходзяцца на выкананні каля трох тысяч выканаўчых вытворчасцяў. І ўся гэта вялікая маса адказных спраў – на плячах начальніка аддзела Ірыны Тэадаровіч і нашай гераіні.
– Наша праца адначасова і складаная, і цікавая, – разважліва гаворыць Юлія Анатольеўна, – бо не бывае, як у знакамітым кінафільме “Дзень сурка”, аднолькавых жыццёвых сітуацый, нават калі справа на першы погляд здаецца падобнай. Кожны дзень на нашай працы асаблівы і непаўторны.
Вядома, пры гэтым даводзіцца ўзаемадзейнічаць і з іншымі праваахоўнымі службамі і падраздзяленнямі, асабліва шчыльнае супрацоўніцтва з судом і РАУС. Ёсць усведамленне, што ўсё робіцца на агульную карысць. Нездарма судовы выканаўца Юлія Ульяніцкая атрымала Падзяку за ўзаемадзеянне з аддзелам унутраных спраў райвыканкама па абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Як чалавек зімовы (усё ж, мабыць, нездарма суразмоўца святкуе свой дзень нараджэння ў самым пачатку лютага), яна вельмі любіць гэты сезон, багаты на святы. І пачынаецца ён з вельмі выдатных – Новага года і Раства. Пагэтаму Юлія Ульяніцкая скарысталася момантам і выказала віншаванні ў адрас калег:
– Жадаю ўсім моцнага здароўя і сямейнага шчасця. Мне яго даруюць найперш муж Міхаіл і дачушка Анечка, якая ўжо ў свае чатыры гады любіць, калі яе завуць паважліва Ганнай Міхайлаўнай! А яшчэ – усім нам пабольш пазітыву ў Год беларускай жанчыны. Са святамі!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
