На мінулым тыдні намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк і намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Іна Тарасевіч сустрэліся з працоўнымі калектывамі дашкольных устаноў райцэнтра.
Падчас размовы асаблівая ўвага была нададзена няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі: перапрафілізацыі медустаноў і некаторых прадпрыемстваў вобласці, мерам прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, а таксама развіццю эканомікі ў такіх умовах. Генадзь Іосіфавіч падкрэсліў, што на Брэстчыне назіраецца спад захваральнасці насельніцтва на кавід, але пакуль пад увагаю застаюцца абласны цэнтр, Пінск, Баранавічы і Лунінец, дзе сітуацыя кантралюецца. Намеснік старшыні аблвыканкама акцэнтаваў увагу на захаванні мераў перасцярогі ў шматлюдных месцах, падкрэсліў, што неабходна насіць маскі і пальчаткі, апрацоўваць рукі дэзынфікуючымі сродкамі.
Прысутныя задалі гасцям пытанні. Яны тычыліся будаўніцтва новага дзіцячага сада ў Жабінцы, праблемы недахопу ў раёне педагогаў-дашкольнікаў, новай сістэмы аплаты працы. У прыватнасці, была звернута ўвага, што ў разраднай сетцы не ўлічваецца вышэйшая адукацыя.
Ад імя бацькоў вучняў другой гарадской школы выступіла адна з матуль са словамі ўдзячнасці ў адрас кіраўніцтва раёна, аддзела па адукацыі райвыканкама за дапамогу ў аснашчэнні неабходным абсталяваннем кабінета хіміі, яна выказала спадзяванне, што такія змены ў хуткім часе адбудуцца і ў кабінеце фізікі.
Госці адказалі на пытанні прысутных, далі свае каментарыі.
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара
Главные новости
