Амаль усе свае доўгія 97 гадоў адзін з найстарэйшых жыхароў Жабінкаўшчыны Казімір Церпілоўскі жыве ў родных Лясотах. Бадай, было толькі адно выключэнне, калі Казімір Іосіфавіч надоўга пакідаў Айчыну. Адбылося тое ў саракавыя агнявыя, калі давялося гнаць ворага да самага Берліна.
У біяграфіях азятчука Аляксея Гумянкі і нараджэнца Лясотаў Казіміра Церпілоўскага ёсць адзін агульны момант. Паселішчы, у якіх яны нарадзіліся, ніяк не назавеш суседнімі, але ў вайну абодва ветэраны раптоўна сталі “суседзямі”, калі Чырвоная Армія і Войска Польскае супольна крушылі агульнага ворага на берагах Нейсы (Нісы) і Одэра. Менавіта тады часць, у якой служыў Гумянка, суседнічала з палком Церпілоўскага.
Часы акупацыі Казімір са сваёй Ядзвігай перажыў у трывозе: ведалі, што зусім недалёка карнікі спалілі Драмлёва, і да іх таксама наведваліся, але забіралі толькі ежу — не жыцці…
Казіміраў вайсковы паход па-чаўся з Любліна. У тагачасным беларускім горадзе, калі даведаліся ў ваенкамаце, што Церпілоўскі паляк па нацыянальнасці прапанавалі запісацца ў Войска Польскае. Ён згадзіўся і 10 жніўня 1944 года стаў радавым 6-га стралковага палка.
Надыходзіла спякотная пара вайсковага “жніва”. Стралок Церпілоўскі двойчы фарсіраваў Віслу, дайшоў да Варшавы, біўся пад Шчэцінам і Ольштынам.
Дасюль шануе ветэран узнагароды, здабытыя ў баях за Польшчу, захоўвае, як сапраўдны скарб, медалі з мячамі “Грунвальд — Берлін. 1410-1945”, “За Варшаву”, “За Одру, Нісу, Балтыку”. У гэтых назвах — увесь баявы шлях салдата з Лясотаў.
Найбольш у памяці Казіміра Іосіфавіча адбіліся незлічоныя чалавечыя ахвяры, што паклаў ягоны полк у наступленні ў раёне канала Рупін, дзе давялося моцнай сілай зламаць грозную нямецкую абарону. Бо напрыканцы вайны вораг змагаўся адчайна, агрызаўся, як паранены звер, загнаны ў пастку.
— Спачатку, перад боем, было неяк млосна на душы, — згадваў у час адной сустрэчы ветэран. — Ды з першым стрэлам страх некуды знік, і мы ўзняліся ў атаку… Бо кожны ведаў, што выбар невялікі: або застанешся жывым, або загінеш.
У тым баі Церпілоўскаму давялося быць санітарам. На сваіх плячах ён выносіў сяброў з вогненнага пекла. Калі закончыліся бінты, парваў сарочку на шматкі і прыкладаў іх да салдацкіх ран…
А потым былі Вісла, Нейса, Одэр. Канец вайны сустрэў на Эльбе. Ён памятае радасць і сяброўскія абдымкі ў той славуты дзень, калі гучала слова “Перамога!”
Зараз, як найдаражэйшыя рэліквіі, Казімір Іосіфавіч захоўвае ваенныя ўзнагароды, атрыманыя ад польскага ўрада і савецкага камандавання ў 1945-1947 гадах. На грудзях ветэрана зіхацяць і юбілейныя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, шматлікія медалі да гадавінаў Вялікай Перамогі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва “СП”
