Работа сельскага старасты – гэта не проста грамадская нагрузка, гэта прызванне. Сапраўдны стараста павінен быць і гаспадаром, і псіхолагам, і першым памочнікам улады. А галоўны паказчык работы любога вясковага лідара – давер людзей. Да старасты звяртаюцца па дапамогу, па парады, яму давяраюць вырашэнне розных пытанняў і просьбаў.
Адзін з тых, каму важна не страціць гэты людскі давер, заваяваны гадамі, – стараста вёсак Новыя Дворы і Баляўшчына Крыўлянскага сельсавета Віктар Васільчык. Старшыня сельвыканкама Святлана Пешка расказала, што па выніках работы ў 2025 годзе Віктар Іванавіч прызнаны лепшым старастам сельсавета.
Сам ён родам з Крыўлян, са шматдзетнай сям’і, скончыў мясцовую школу, пасля якой у Кобрыне набыў спецыяльнасць станочніка шырокага профілю. Працаваў у Жабінкаўскай сельгастэхніцы, а затым у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Мацеевічы” – вадзіцелем, механізатарам. Шчыраваў на МАЗах, на камбайнах, на легкавых аўтамабілях. Зараз ён выконвае абавязкі галоўнага інжынера ААТ “Мацеевічы”, і мы засталі Віктара Іванавіча на мехдвары гаспадаркі. Віктар Васільчык расказаў, што сёлета 15 гадоў, як ён працуе ў “Мацеевічах” і 13 – як з’яўляецца старастай.
Разважлівы падыход да справы
Самай яскравай старонкай у працы Віктара Васільчыка як старасты стала газіфікацыя Новых Двораў, дзе жыве сям’я нашага героя. Гэта быў маштабны праект, які спачатку многім здаваўся невыканальным. Стараста не стаў вырашаць усё аднаасобна, а адразу вынес тэму на адкрытае абмеркаванне вяскоўцаў.
– Мы сабраліся на сход, абмеркавалі, якое ацяпленне праводзіць: электра- ці газавае, большасць прагаласавалі за “блакітнае паліва”. Быў складзены папярэдні спіс жадаючых. Я вывучыў паспяховы вопыт газіфікацыі ў суседніх Якаўчыцах, падрыхтаваў усю неабходную дакументацыю. Вялікую падтрымку нашай ініцыятыўнай групе па газіфікацыі аказаў Жабінкаўскі райвыканкам і асабіста тагачасны кіраўнік Вадзім Краўчук. У выніку ўтварыўся газавы кааператыў, у які ўваходзіла больш за паўсотні жыхароў Новых Двораў, – расказвае стараста.
Былі пройдзены ўсе этапы – ад складання праектна-каштарыснай дакументацыі да правядзення афіцыйнага тэндара на мадэрнізацыю. Сёння прыродны газ у дамах жыхароў Новых Двораў – гэта звыклая выгода, за якой стаіць каласальная праца іх старасты.
Вырашыўшы газавае пытанне, Віктар Васільчык узяўся за іншыя. Напрыклад, пастаяннай увагі патрабуе сітуацыя з вадой у Новых Дворах. Воданапорная вежа і свідравіна знаходзяцца на адлегласці, з-за чаго аўтаматыка часам дае збой і губляе ціск. Па гэтай прычыне напор вады ў кранах некаторых вяскоўцаў нізкі, яны прабіваюць свідравіны на ўласных падворках, каб быць з вадой.
Нядаўна на воданапорным аб’екце ўсталявалі больш магутную помпу, аднак кардынальнае вырашэнне праблемы Віктар Іванавіч бачыць у пракладцы сучаснага цэнтралізаванага водаправода. Цяпер ініцыятыўная група рыхтуе дакументы для ўступлення ў праграму будаўніцтва сетак водазабеспячэння. Тут дзейнічае зразумелая і празрыстая схема: палову кошту бярэ на сябе дзяржава, другую палову аплачваюць жыхары.
– Галоўнае правіла любога такога кааператыва простае: чым больш людзей запішацца ў спіс, тым танней абыдзецца праект для кожнага асобнага двара, – тлумачыць стараста. – Калі пагодзяцца на правядзенне водаправода 30 і больш дамоў, фінансавая нагрузка адразу стане пасільнай для большасці сем’яў. Затым можна будзе думаць і аб правядзенні цэнтральнай каналізацыі, хоць там доля ўдзелу жыхароў традыцыйна вышэйшая, таму што яны аплачваюць 30 працэнтаў, а дзяржава 70.
Набалелае пытанне для многіх жыхароў Новых Двораў – дарожнае пакрыццё вуліц. Вяскоўцы мараць пра асфальт, аднак Віктар Васільчык мае чыста гаспадарчую, прагматычную пазіцыю: асфальт нельга класці раней, чым водаправодныя трубы. Такі дзелавы і разважлівы падыход старасты да любой справы дае плён: крок за крокам Новыя Дворы мяняюцца, ператвараючыся ў сучасную, добраўпарадкаваную вёску з усімі гарадскімі выгодамі.
Талакой працаваць весялей
Прайшліся па вуліцах Новых Двораў (а іх тут чатыры: Цэнтральная, Зарэчная, Палявая і Чыгуначная) і пераканаліся ўвачавідкі, што многія дамы і падворкі не адрозніваюцца ад гарадскіх. Напрыклад, на вуліцы Цэнтральнай сярод іншых выдзяляецца сваёй прыгажосцю, дагледжанасцю і ўтульнасцю падворак Алены і Пятра Скачыкоўскіх. Тут усё патанае ў кветках і арт-аб’ектах, зробленых рукамі гаспадара і гаспадыні. Майстравітых і працавітых Пятра Віктаравіча і Алену Адамаўну застаем за перабіраннем бульбы. А дапамагаюць ім Марыя Ласкевіч з суседняй вёскі Грыцэвічы і Надзея Андрасюк з Новых Двораў. Талакой працаваць хутчэй і весялей. Абедзве Васільеўны хваляць гаспадароў Скачыкоўскіх і ўраджай другога хлеба.
– Добрая бульбачка сёлета ўрадзіла, будзем з дранікамі! – кажуць жанчыны-руплівіцы. – А з тэхнікай, каб пасадзіць, выкапаць, дапамагае і мясцовае сельгаспрадпрыемства “Мацеевічы”, і наш стараста Віктар Васільчык.
– А з якімі яшчэ пытаннямі звяртаецеся да старасты? – цікаўлюся ў вяскоўцаў.
– З самымі рознымі: і каб дапамог арганізаваць пакос травы пажылым жыхарам вёскі, і па ацяпленні звярталіся, і па асфальтаванні вуліц у Новых Дворах, і па правядзенні цэнтральнага водаправода. Наш Віктар Іванавіч – чалавек слова і справы. Нікому не адмаўляе ў дапамозе. Калі не можа нешта вырашыць адразу, абавязкова зробіць гэта пазней. Вельмі адказны, надзейны чалавек, – кажуць Марыя Васільеўна, Надзея Васільеўна і Алена Адамаўна.
Што радуе гаспадароў?
Такой жа думкі прытрымліваюцца Аляксей і Галіна Андрасюкі – жыхары дома №20 на вуліцы Зарэчнай. На іх падворку нас сустракаюць дружным кулдыканнем індыкі ды гергечуць гусі, а трое катоў ляніва грэюцца на сонцы і не звяртаюць аніякай увагі на гасцей з Жабінкі.
Аляксей Аляксеевіч дзеліцца сваёй багатай біяграфіяй, у якой знайшла сваё адлюстраванне не толькі гісторыя вялікай краіны пад назвай “Савецкі Саюз”, але і гісторыя Новых Двораў. Пятнаццаць гадоў Аляксей Андрасюк служыў у савецкіх узброеных сілах – у гарнізонах ад Прыбалтыкі да Беларусі. Патрапіўшы пад скарачэнне, наступныя дзесяць гадоў працаваў у калгасе імя Куйбышава, які затым быў перайменаваны ў сельскагаспадарчы кааператыў “Мацеевічы”. У працоўнай біяграфіі Аляксея Аляксеевіча значылася і газанапаўняльная станцыя паміж Кошалевам і Тэльмамі. Яго жонка Галіна Сцяпанаўна шмат гадоў свайго жыцця аддала працы тавараведам у Жабінкаўскім райспажыўтаварыстве.
Сёння Аляксей і Галіна Андрасюкі на заслужаным адпачынку, займаюцца хатняй гаспадаркай, агародам. У той дзень, як мы завіталі да іх у госці, гаспадары выбралі буракі ды чысцілі іх ад пяску, абразалі лісце. Звычайныя кастрычніцкія клопаты вяскоўцаў: буракі, бульба…
Але не толькі сёлетні ўраджай парадаваў гаспадароў. Самая вялікая радасць і гонар Аляксея Аляксеевіча і Галіны Сцяпанаўны – дачка Таццяна, якая зараз носіць прозвішча Сыско, і ўнук Дзіма. Дачка працуе на камбікормавым заводзе, а ўнук вучыцца ў сярэдняй школе №3 горада Жабінкі і часта наведваецца з бацькамі да бабулі і дзядулі ў Новыя Дворы.
– Сёння наша вёска – гэта перапляценне старых сядзіб і новых мантажных дамоў, яна пашыраецца, развіваецца. Моладзі ў Новых Дворах больш, чым старажылаў, – разважае Аляксей Андрасюк. – Нядаўна мы праводзілі ў апошні шлях нашага доўгажыхара Івана Закрэўскага, і я задумаўся: цяпер старэйшымі ў вёсцы сталі мы, народжаныя ў 1950-я гады… Менавіта на нас ляжыць адказнасць па перадачы жыццёвага вопыту і традыцый маладому пакаленню.
Сакрэт папулярнасці Новых Двораў
Сярод жыхароў Новых Двораў, вядомых не толькі ў раёне, але і ў вобласці, – былы першы намеснік кіраўніка раёна – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Жабінкаўскага райвыканкама, а сёння старшыня Брэсцкага райвыканкама Рыгор Панасюк, а таксама Валерый Парафянюк, які больш за 30 гадоў узначальваў сельгасарганізацыю ў Мацеевічах. Яго жонка Марыя Васільеўна доўгі час была старастай Новых Двораў, а ў 2013 годзе склала свае грамадскія паўнамоцтвы, і новым старастам вяскоўцы абралі Віктара Васільчыка.
Трынаццаць гадоў у якасці старасты не прайшлі дарэмна. Шмат зроблена для камфорту і дабрабыту вяскоўцаў, шмат яшчэ неабходна зрабіць. Віктар Іванавіч расказвае, што карыстаюцца попытам зямельныя ўчасткі ў населеным пункце, а сакрэт такой папулярнасці – у блізкай адлегласці ад Жабінкі (усяго два кіламетры).
Вёску Новыя Дворы ад горада-спадарожніка аддзяляе чыгунка, а на вуліцы Чыгуначнай, 7А, у Новых Дворах жыве Таццяна Гвай. Здагадайцеся, дзе яна працуе. Правільна: на чыгуначнай станцыі Жабінка. 21 кастрычніка споўніцца роўна дваццаць гадоў, як Таццяна Юр’еўна рупіцца білетным касірам.
– Праца мая мне вельмі падабаецца, як і вёска, у якой жывём з мужам і дзецьмі з 2013 года. Суседзі – добразычлівыя людзі, у Новых Дворах нямала маладых сем’яў з дзецьмі. Наш сын Даніла скончыў дзевяць класаў сярэдняй школы №3 горада Жабінкі і паступіў у абласны ліцэй імя П.М. Машэрава. Конкурс быў сур’ёзны, але Данік прайшоў і стаў ліцэістам, – з гонарам расказвае мама. – І тут мы ў поўнай меры адчулі выгоду пражывання ў вёсцы. Сын, як і іншыя навучэнцы з сельскай мясцовасці, забяспечаны бясплатным камфортным інтэрнатам і пяціразовым гарачым харчаваннем. А гэта ў сваю чаргу эканоміць наш сямейны бюджэт.
У сям’і Гвай падрастае і малодшая дачка Паліна – зараз яна вучыцца ў чацвёртым класе трэцяй гарадской школы. Урокі ідуць у другую змену, адпускаць дачушку адну ісці пешшу з Новых Двораў у Жабінку матуля пабойваецца, стараецца падвозіць на машыне сама.
– А вось калі б гарадскі аўтобус, які разварочваецца ў Курпічах, даязджаў да Новых Двораў, у школьнікаў была б магчымасць дабрацца ў Жабінку і назад грамадскім транспартам, – выказвае пажаданне Таццяна Гвай.
Дарэчы, і гэтае пытанне стараста Новых Двораў Віктар Васільчык трымае на кантролі. А яшчэ мясцовыя жыхары мараць пра тое, каб па медыцынскіх пытаннях звяртацца ў гарадскую паліклініку ў Жабінцы, адлегласць да якой нашмат бліжэйшая, чым у Крыўлянскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, да якой восем кіламетраў. Па словах старасты, праца ў гэтым кірунку вядзецца, і пытанне з часам павінна вырашыцца.
Віктар Іванавіч вельмі ўдзячны ўсім жыхарам Новых Двораў і Баляўшчыны за падтрымку і разуменне. А найбольшую падзяку выказвае старшыні Крыўлянскага сельсавета Святлане Пешка, без удзелу якой немагчыма было б вырашыць многія пытанні. Дзякуючы такім ініцыятыўным людзям, як Святлана Піліпаўна і Віктар Іванавіч, вёска жыве, а любыя бытавыя цяжкасці пераадольваюцца разам.
БЛІЦ З НАШЫМ ГЕРОЕМ
- Ваша любімая пара года?
- Зіма, таму што для аграрыяў гэта адносна спакойная пара.
- Ваша любімае свята?
- Дні нараджэння – мой, жонкі Вольгі і сына Яўгена ды Новы год. Гэта цёплыя сямейныя святы, якія чакаю з нецярпеннем.
- Запаветная мара, якая здзейснілася?
– Са школьных гадоў марыў пабываць на ўсіх азёрах Беларусі. Любоў да роднай краіны і падарожжаў прывіў настаўнік гісторыі Крыўлянскай сярэдняй школы Уладзімір Марковіч. І на сённяшні дзень магу сказаць, што мая мара ажыццявілася. Любімыя азёры – Блакітныя, Свіцязь, Нарач.
– Вашы захапленні?
– Рыбалка, ціхае паляванне на грыбы, аддзелачныя работы ва ўласным доме, дзе ўнутры ўсё зроблена маімі рукамі, а ўтульнасць у доме і на падворку стварае мая любімая жонка.
Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара





