СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ ВАЛЯНЦІНА ОМЕСЬ: “Напішыце аб людзях харошых”

СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ ВАЛЯНЦІНА ОМЕСЬ:  “Напішыце аб людзях харошых”

Малыя Якаўчыцы налічваюць крыху больш за сотню гадоў з часу ўзнікнення. Доўгі час тутэйшае жыццё ішло паціху. Наш бурлівы век змяніў гэты рух дзякуючы людзям, слаўным сваёй працай. Таму галоўным пажаданнем старасты вёскі Валянціны Омесь было, каб на старонках раёнкі шырэй адбываліся знаёмствы з яе аднавяскоўцамі. Пра іх Валянціна Уладзіміраўна не раз гаварыла з павагай: “Яны людзі харошыя, вартыя добрых слоў!” Са сваёй шчырай просьбай расказаць найперш пра суседзяў, а таксама пра агульныя справы, што аб’ядноўваюць жыхароў Малых Якаўчыц, Валянціна Омесь звярнулася да супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты – удзельнікаў праекта “Старасты: першыя ў вёсцы”. Сябе вясковы стараста, вядома, найпершай, тым больш найлепшай не лічыць, бо перакананая: толькі разам, толькі дружна магчыма вырашаць пытанні, якія часам узнікаюць перад землякамі.

Далёка нарадзілася, тут згадзілася

Пажаданне Валянціны Уладзіміраўны ахвотна выконваем. Аднак нельга ўсё ж абмінуць і саму старасту. Бо людзі ставяцца да яе надзвычай прыхільна. Нездарма ўжо амаль сорак гадоў яны давяраюць жанчыне быць вясковай старастай, трымаць сваю сувязь з уладамі, дзеляцца з ёй рознымі праблемамі, патрэбнымі для вырашэння.

Таму з яе і пачнем пералік харошых людзей, што жывуць у Малых Якаўчыцах.

Літаральна з першых хвілін нашай размовы адчувалася, наколькі жанчына сціплая і прыязная. Пра сябе гаварыла лаканічна, затое не аднойчы ў адрас Валянціны Омесь гучалі добрыя словы з вуснаў аднавяскоўцаў. Мабыць, нездарма на сустрэчу Валянціна Уладзіміраўна завітала разам з сябрамі – тымі, хто з’яўляецца яе сапраўднымі аднадумцамі ды памочнікамі.

Так атрымалася, што малая радзіма старасты Малых Якаўчыцаў знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у Іркуцкай вобласці, дзе Валянціна Уладзіміраўна прыйшла на свет роўна семдзесят гадоў таму. А вось карані яе роду – на Палессі, у янаўскай зямлі, дзе спрадвеку існуе вядомае сяло Моталь. У дзявоцтве Валянціна Омесь насіла гучнае прозвішча Палто. Яно, як лічыцца, мае італьянскае паходжанне. Прадстаўнікі гэтай сям’і прыбылі ў Беларусь паўтысячы гадоў таму разам з прынцэсай Бонай Сфорца д’Арагон. Яна прыехала сюды, каб стаць жонкай вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога, прывезла з сабой міланскую моду, іншыя дзівосы, а яшчэ – майстроў-землякоў, якія нагадвалі прынцэсе ў палескім краі пра італьянскую радзіму. Палто прыжыліся. Пра тое, скуль яны, і праз стагоддзі захоўваецца памяць у родзе.

Так атрымалася, у Вялікую Айчынную вайну бацька нашай гераіні Уладзімір Кузьміч ваяваў на розных франтах. За гэта ён атрымаў узнагароды не толькі савецкія, але і замежныя. Адзін ордэн нават знайшоў Уладзіміра Кузьміча праз дзесяцігоддзі. На яго ўручэнне ветэран ездзіў у беларускую сталіцу, дзе атрымаў адзнаку мужнасці і адвагі з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Ужо больш за дваццаць гадоў, як таты няма на свеце, але ж памятка тых баявых і агнявых дзён, увасобленая ў вайсковай узнагародзе, дасюль захоўваецца ў сям’і.

Сёлетні год звязаны для Валянціны Уладзіміраўны не толькі з яе ўласным юбілеем. Ёсць яшчэ і святочныя даты, што дзеляцца роўненька на дваіх. Відаць, вы здагадаліся – размова пра шчаслівы сямейны юбілей. Паўвека жывуць разам, як клапатлівыя птушкі, Валянціна і Валерый Омесі. Іх жыццё ўпрыгожваюць сын Валянцін, дачка Галіна і ўнукі, а падтрымлівае – праца на карысць сабе і людзям, бо ёсць разуменне: заўсёды патрэбна дапамога роднаму сельгаставарыству “Вазнясенскі”.

Жыхарка Малых Якаўчыцаў Вольга Бірук гаворыць пра сваю старасту:

– Яна ўсё жыццё ў працы. Мае таксама “салодкае” захапленне – уласны пчальнік. Нездарма кажуць: хто да пчолак знойдзе падыход, той з людзьмі паладзіць.

Агульныя справы аб’ядноўваюць

Валянціна Уладзіміраўна згадвае, як стала вясковай старастай. З таго дня шмат часу сплыло. На календары ішоў 1989 год. Старшыня Якаўчыцкага сельвыканкама Васіль Ярмашук цудоўна ведаў Валянціну Омесь не толькі як чалавека сумленнага ды працавітага, але і надзвычай аўтарытэтнага ў роднай вёсцы. Таму Васіль Іванавіч без ваганняў прапанаваў працаўніцы, што знаходзілася на добрым рахунку, заняць пасаду, якая дазволіць адстойваць інтарэсы жыхароў Малых Якаўчыцаў. Тады было неабходна, каб людзі абавязкова падтрымалі кандыдатуру, прапанаваную кіраўніком сельсавета. І вяскоўцы выказалі Валянціне Уладзіміраўне давер, які яна і зараз штодзённа стараецца апраўдаць.

У вёсцы, размешчанай паблізу чыгункі, жыццё мяняецца імкліва, пакрысе ўмовы набліжаюцца да гарадскіх. Найбольш выразна гэтыя змены адчуваюцца пасля таго, як у Малыя Якаўчыцы некалькі гадоў таму быў праведзены прыродны газ. Яго цалкам можна назваць доўгачаканым, а таму вельмі каштоўным і патрэбным.

Сёння, калі вялікія клопаты за спінай, вясковая стараста з задавальненнем пералічвае прозвішчы тых, каго аб’яднала агульная справа:

– Усё гэта стала магчымым дзякуючы Аляксандру Рыгоравічу і Кацярыне Міхайлаўне Пятрэнкам, Любові Андрэеўне Дабралінскай і Мікалаю Аляксандравічу Чаркашычу. Яны дапамаглі, каб у нашу вёску, дзе зараз жывуць 58 чалавек, прыйшло блакітнае паліва, а разам з ім – прыкметы новага жыцця. Звярталіся і да абласнога, і да раённага кіраўніцтва. Бо кожны ведае: калі ёсць газ, дык умовы жыцця вяскоўцаў набліжаюцца да годнага гарадскога ўзроўню.

За падтрымку і дапамогу стараста ды іншыя вяскоўцы і зараз – хоць прайшло некалькі гадоў – не стамляюцца шчыра дзякаваць колішнім старшыням Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Гарадзецкаму і Вадзіму Краўчуку. Спатрэбіліся чатыры гады, каб блакітнае паліва на радасць тутэйшым з’явілася ў Малых Якаўчыцах. Афіцыйнай урачыстасці не рабілі, стужку не пераразалі, аднак шыкоўнае свята і так кожны атрымаў восенню 2022 года ва ўласным доме, куды прыйшла цеплыня. Пагэтаму з таго памятнага верасня можна весці адлік новага перыяду ў гісторыі вёскі Малыя Якаўчыцы, якая цяпер далучылася да выгод цывілізацыі.

Каб жыццё стала яшчэ больш утульным, жыхароў паселішча цяпер клапоціць стан пітной вады. Пра гэта яны праз свайго старасту даводзяць да тых адказных асобаў, якія здольныя знайсці рашэнне праблемы, што паўстае перад вяскоўцамі.

Разам і ў радасці, і ў горы

Звычайна так гавораць пра вельмі блізкія адносіны ў сям’і. А Вольга Бірук, якая неўзабаве зноў далучылася да нашай размовы, гэтак выказалася пра свае Малыя Якаўчыцы:

– Мы ў вёсцы жывём, як родныя, дапамагаем адзін другому. Як гаворыцца, разам і ў радасці, і ў горы. Хацелася б, каб таго гора зусім не было, ды, на жаль, жыццё такое паласатае – на змену нечаму добраму прыходзяць іспыты, якія лягчэй адольваць разам.

– Не забудзьцеся ўспомніць добрым словам і мужа Вольгі Аляксандраўны, – заўважыла стараста. – Іван Іванавіч тузін гадоў адпрацаваў трактарыстам у гаспадарцы. Ён і цяпер, калі сілы ёсць ды час, не супраць дапамагчы роднаму сельгаспрадпрыемству. Хоць і на пенсіі ўжо, ды вабіць земляроба жніўнае поле.

Асабліва паважліва гаворыць стараста пра сваю цёзку Валянціну Аўсянік. Амаль сорак гадоў мінула з таго дня, як Валянціна Іванаўна прыехала за мужам Аляксеем, які працаваў галоўным інжынерам у калгасе імя Чапаева. Што асабліва вызначае жанчыну, якая два дзясяткі гадоў загадвала мясцовай фермай, – вялікая любоў да розных жывёл.

– Любое хворае, нямоглае возьме ды палечыць, – у захапленні і з вялікай павагай гаворыць пра аднавяскоўку Валянціна Омесь, а іншыя жыхары Малых Якаўчыцаў дадаюць: – Для яе ўсё, што жывое, – гэта крыніца бязмежнай любові. Зараз лечыць бусла, каб сімвал нашай Беларусі расправіў крылы і з набліжэннем халадоў зноў паляцеў у цёплыя краіны.

З такімі людзьмі, як Валянціна Омесь і яе землякі, прыемна жыць на зямлі. Яны дораць надзею і прыносяць шчасце гэтаму краю.

БЛІЦ З НАШАЙ ГЕРАІНЯЙ

– Якая пара года прыносіць для вас найлепшыя адчуванні?

– Мабыць, усё ж лета. Хоць і працы шмат у гэтыя цёплыя месяцы, аднак жыць прыемна, бо сонечна і хлебна. Зноў жа, цеплыня радуе, калі не так спякотна, як у сёлетнім жніўні. Будзе прыемна згадаць летнія дзянькі, як халодная зіма заснежыць ды марозіць пачне.

– Як вы лічыце, што ці хто самае важнае на зямлі?

– Адкажу без ваганняў, бо ў гэтым я перакананая: найгалоўнейшымі з’яўляюцца людзі, харошыя ды працавітыя. Перад імі штодня гатова схіліць галаву ў нізкім паклоне. Калі нешта атрымоўваецца зрабіць карыснае для роднага сяла, дык гэта толькі з дапамогай аднавяскоўцаў. Яны сапраўдны рухавік усялякіх ідэй.

– Што вы можаце назваць сваім хобі?

– Здаўна маё найлепшае захапленне – бортніцтва. Займаюся пчалярствам даўно, з 1984 года. Зараз маю шэсць вулляў. Пчолка для мяне – чароўная істота, люблю яе. Бо яна адвечная нястомная працаўніца, што робіць нашае жыццё больш салодкім, а таму і шчаслівым. Гэта ж асаблівая музыка, калі пчала гудзіць, супакойвае. За гэта можна ёй дараваць і тое, што часам кусае, але ж і мядком чалавека парадуе.

– Якое багацце, Валянціна Уладзіміраўна, лічыце для сябе самым вялікім і каштоўным?

– Матэрыяльныя багацці ў жыцці нярэдка губляюць каштоўнасць або адыходзяць на другі план, паколькі з узростам пачынаеш разумець сапраўдныя каштоўнасці. Да іх адношу здароўе, мір на нашай зямлі, свой працяг у дзецях і ўнуках. Таму ўсім жадаю мець шмат чалавечага шчасця і вялікую павагу ад людзей.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара