СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ. Лідзія Міхалюк: маладая, ды ўдалая

СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ. Лідзія Міхалюк: маладая, ды ўдалая

Гераіня сённяшняга выпуска праекта “Старасты: першыя ў вёсцы” 29-гадовая Лідзія Міхалюк – самая маладая стараста ў Жабінкаўскім раёне, актыўная і вельмі перспектыўная памочніца старшыні Ленінскага сельвыканкама Мікалая Лугаўскога. Лідзію Аляксандраўну абралі старастай вёсак Ёжыкі і Шалухі год таму, таму што даўно заўважылі яе неабыякавасць да праблем людзей, чуласць, дабрыню, актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Пацікавілася ў нашай гераіні, на каго з бацькоў яна падобная, у каго ўдалася такая баявая, прабіўная.

– І мая матуля Надзея Фёдараўна, і тата Аляксандр Іванавіч Смірновы працавітыя, актыўныя, нераўнадушныя людзі. Я прыйшла на свет 26 верасня 1997 года ў вёсцы Шалухі, бацькі і зараз жывуць на суседняй вуліцы, а мы з мужам пабудавалі дом на вуліцы Цэнтральнай на месцы бабулінай хаты, дзе прайшла запамінальная частка майго дзяцінства.

– Ніколі не думала, што наша ціхая, маленькая неперспектыўная вёсачка стане развівацца, будавацца, разрастацца. Але блізкасць Шалухаў да горада-спадарожніка Жабінкі прыцягвае ўвагу пакупнікоў участкаў і дамоў, кліча спадчыннікаў да родных сядзіб. Сёння ў вёсцы Шалухі 37 жыхароў, з іх тузін дзяцей. У суседніх Ёжыках – 20 дарослых і двое маленькіх жыхароў, – расказвае стараста Лідзія Міхалюк.

Для дзяцей арганізаваны падвоз у дзіцячы сад і сярэднюю школу ў аграгарадку Ленінскі, якую ў свой час скончыла і Лідзія Аляксандраўна. Наша гераіня як маладая шматдзетная мама таксама праводзіць да школьнага аўтобуса сямігадовую дачку Паліну, да дзетсадаўскага аўтобуса – пяцігадовую Арыну і малодшага сына Глеба, якому хутка споўняцца тры годзікі. Калі ёсць магчымасць, то Лідзія Аляксандраўна адвозіць дзяцей у садзік і школу ў аграгарадок Ленінскі ўласным аўтамабілем, які водзіць даўно і без якога не ўяўляе жыццё шматдзетнай сям’і.

– Дзяцей жа трэба, акрамя садзіка-школы, вазіць да ўрачоў, у аб’яднанні па інтарэсах, дачушкі займаюцца харэаграфіяй у Ленінскай дзіцячай школе мастацтваў. Загружаю ўсіх траіх у аўто і паехалі! А яшчэ мы вельмі любім ладзіць сямейныя экскурсіі па раёне і знаёміцца з жыццём у іншых населеных пунктах – не люблю сядзець на месцы, я не дамасед, – кажа мая суразмоўніца.

Падчас адной з такіх паездак па Жабінкаўшчыне Лідзіі Міхалюк прыйшла думка: “А чым нашы Шалухі горшыя за тыя населеныя пункты, якія газіфікаваны? Чаму б не правесці блакітнае паліва ў вёску, якая знаходзіцца непадалёк ад Жабінкі?”

З пытаннямі газіфікацыі Шалухаў і асфальтавання пад’язной дарогі да населенага пункта наша гераіня звярнулася на прыём да старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны Наталлі Качанавай, а таксама да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Кацярыны Паздзяйкінай. Маладая жанчына была пачута. Вынікам гэтых зваротаў стаў сход грамадзян з удзелам кіраўніка Жабінкаўскага раёна Андрэя Кузьміча, дзе было вырашана пытанне магчымасці стварэння кааператыва па газіфікацыі Шалухаў,які ўзначаліла Лідзія Міхалюк як адна з самых актыўных жыхарак вёскі. На тым самым сходзе яе і абралі старастай дзвюх суседніх вёсачак Ёжыкі і Шалухі.

– На сёння ў кааператыў уступілі 16 чалавек. Схема газіфікацыі 70 на 30: 70 працэнтаў аплачвае дзяржава, 30 – самі жыхары. Нядаўна ў “Брэстаблгазе”, куды я ездзіла заключаць дагаворы як старшыня кааператыва, мне расказалі пра сёлетнія змены ў заканадаўстве: цяпер у кааператыў па газіфікацыі могуць уступаць уладальнікі ўчасткаў, дзе ўзведзена толькі каробка дома (раней такога не было, патрабавалася поўнасцю скончыць будаўніцтва). На мой погляд, гэта павінна павялічыць колькасць удзельнікаў кааператыва, а значыць, агульная сума выдаткаў падзеліцца на большую колькасць людзей, і кожнаму плаціць за правядзенне газу давядзецца менш, – тлумачыць Лідзія Міхалюк.

Разбірацца ў тонкасцях заканадаўства ёй дапамагае юрыдычная адукацыя, якую Лідзія Аляксандраўна атрымала, скончыўшы політэхнічны каледж у Брэсце і завочна БІП – універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій у Мінску. Сёння яна на палову стаўкі працуе пашпартыстам у Ленінскім сельвыканкаме, а ў астатні час займаецца садзейнічаннем у вырашэнні праблем вяскоўцаў як стараста і звычайнымі хатнімі клопатамі як клапатлівая жонка і шматдзетная матуля.

– Дом мы пабудавалі з мужам Віталіем за год з дапамогай льготнага крэдыту. Усе аддзелачныя работы ў доме рабіў мой муж – ён будаўнік, тынкоўшчык. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці – сыночка Глеба – атрымалі сямейны капітал, палову якога зрасходавалі на будаўніцтва, палову пакінулі празапас. Але калі за ўзвядзенне будынка адказваў Віталій, то за ўтульнасць у доме трымаю адказ я. І агарод таксама на мне, і прыгатаванне ежы на вялікую сям’ю, – кажа Лідзія Міхалюк.

Толькі дзіву даешся, калі толькі наша гераіня ўсё паспявае. Нібыта ў яе не 24 гадзіны ў сутках, а ўсе 30.

– З якімі пытаннямі да вас звяртаюцца вяскоўцы? – цікаўлюся ў Лідзіі Аляксандраўны.

– Людзям хочацца ўтульнасці і камфорту, таму вельмі важным стала асфальтаванне дарогі Ёжыкі – Рагозна. Канечне, добра было б, каб і вуліцы ў Шалухах ды Ёжыках заасфальтавалі, але гэта магчыма не зараз, а праз некалькі гадоў, у перспектыве. Пакуль жа іх перыядычна грэйдзіруюць. Другое пытанне – месца прыпынку школьнага аўтобуса. Там, дзе ён спыняецца і забірае дзяцей, няма крытага прыпынку з навесам ад дажджу, а ў цэнтры Шалухаў такі прыпыначны пункт ёсць. Чаму б не перагледзець месца прыпынку школьнага аўтобуса? Наперадзе дажджлівая восень, сцюдзёная зіма…

Стараста пастаянна абнаўляе інфармацыйны стэнд у цэнтры вёскі, дзе падаецца інфармацыя пра графікі вакцынацыі хатняй птушкі, прыезду перасоўнага ФАПа, аўталаўкі “Еўраопта”, што наведваецца ў Шалухі ды Ёжыкі двойчы на тыдзень.

– Людзі ў нас ветлівыя, добразычлівыя. Вёска ў апошнія гады ажывае, пераўвасабляецца, маладзее. А як газ правядзем, то яшчэ лепей зажывем, – аптымістычна настроена Лідзія Міхалюк.

Маладая стараста ўдзячна за падтрымку і дапамогу старшыні Ленінскага сельсавета Мікалаю Лугаўскому і кіраўніку спраў Ірыне Ефімовіч. У Год беларускай жанчыны мая суразмоўніца пажадала ўсім прадстаўніцам прыгожага полу веры, надзеі і любові, міру, шчасця і дабрабыту.

Ну, а мы ў сваю чаргу віншуем Лідзію Аляксандраўну з днём нараджэння і жадаем усіх мар здзяйснення.

Бліц-апытанне з нашай гераіняй

– Ваша любімая пара года?

– Адназначна вясна. Пасля зімы, холаду, марозу ды застыласці вясной надыходзіць ажыўленне, аднаўленне, рух у прыродзе ды ў агародзе.

– Ваша любімае свята?

– Іх нават не адно, а два: Новы год і Вялікдзень. Гэта сямейныя святы, якія аб’ядноўваюць родных, дораць цяпло і святло. Прыемна збірацца ўсёй вялікай сям’ёй за сталом, ладзіць гульні для дзяцей, абменьвацца пазітыўнымі эмоцыямі і падарункамі.

– Ці ёсць такі чалавек, на якога вам хацелася б раўняцца?

– Асобнага, канкрэтнага чалавека-куміра няма. Мне падабаюцца людзі мэтанакіраваныя, справядлівыя, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Хочацца быць карыснай людзям, малой радзіме, нашай краіне.

– Ваша запаветная мара?

– Знайсці сваё прызначэнне ў жыцці, у працы, быць сумленным, чулым чалавекам, аўтарытэтам для сваіх дзяцей. І самае галоўнае – выхаваць іх дастойнымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.

– Вашы адносіны да спорту і здаровага ладу жыцця?

– Люблю рух, спорт, пастаянна ўдзельнічаю ў раённых забегах да Дня Перамогі, Дня народнага адзінства. Вось і 17 верасня пераадолела дыстанцыю 1939 метраў разам з усімі плячо да пляча, зарадзілася свежасцю і бадзёрасцю, энергіяй яднання.

Наталля КАВЯРГОВІЧ

Фота аўтара