Стараста аграгарадка Ленінскі Валянціна СТАНЧУК: “Усім сэрцам люблю гэтую зямлю”

Стараста аграгарадка Ленінскі Валянціна СТАНЧУК: “Усім сэрцам люблю гэтую зямлю”

«Жабінка актуальна» распачынае новы актуальны праект “Старасты: першыя ў вёсцы”. Вядома, Жабінкаўскі раён – гэта перш-наперш людзі, вельмі розныя, але надзвычай працавітыя і таленавітыя, улюбёныя ў сваю малую радзіму і непаўторную сінявокую Беларусь. Героі нашага праекта – ініцыятары многіх добрых спраў. Кожны з іх можа стаць прыкладам для тых, хто хоча як мага больш зрабіць на карысць Радзімы. Гэтае сцвярджэнне цалкам адпавядае старасце аграгарадка Ленінскі Валянціне Станчук. Зусім нездарма Валянціна Сцяпанаўна сёлета вызначана лепшай сярод стараст сельскіх населеных пунктаў Жабінкаўшчыны. Яе імя занесена на раённую Дошку Гонару, хоць гэтую заслугу сціплая жанчына гатова штодня дзяліць з працавітымі ленінцамі.

Прызнанні ў любові

– Усім сэрцам люблю гэтую зямлю, і гатова ў гэтым кожны дзень сумленна прызнавацца, – сваім пявучым голасам прамаўляе Валянціна Сцяпанаўна, і ёй хочацца адразу верыць, бо адчувальна, наколькі жанчына ўдзячная роднаму беларускаму краю за сілы, падараваныя, каб можна было рабіць людзям дабро. Гэта прыносіць ёй шчасце і задавальненне.

Міжволі наша гераіня вяртаецца да вытокаў – у янаўскую вёску Адрыжын, у тое далёкае лета, калі развітвалася з роднай школай-дзесяцігодкай. Наперадзе была загадкавая дарога ў дарослае жыццё. Цяпер, калі за спінай шэсць дзясяткаў гадоў, Валянціна Станчук, нібыта стужку, перагортвае жыццёвыя старонкі, пражытыя з карысцю для людзей.

Марыла быць фармацэўтам. Каб мару наблізіць, спрабавала паступіць у Магілёўскае медвучылішча. Экзамены Валя здала добра, але патрэбных балаў пры вялікім конкурсе не хапіла, каб апрануць белы халат медыка. Аднак праз год сяброўка-аднакласніца Таццяна Калядзіч, якая займалася ў педвучылішчы, паклікала:

– Валечка, давай паступай да нас у Пінск, будзеш выхавальніцай у дзіцячым садзе.

Валя паслухалася Таню, бо вельмі любіла дзяцей. Вядома, для гэтага патрэбна мець адкрытую душу, чыстыя думкі і гарачае сэрца. Усё гэта ў дзяўчыне было закладзена здаўна ад маці ды бацькі. Хоць Лідзія Емяльянаўна і Сцяпан Іванавіч былі простымі калгаснікамі, аднак мелі вялікую павагу сярод людзей за сваю працавітасць і жаданне кожнаму прыйсці на дапамогу. Гэтаму вучылі і сваіх дзяцей. А іх было ў сям’і ажно чацвёра: старэйшы сын Ваня, за ім ішла наша гераіня ды яе малодшыя сёстры Рая і Люда. Калі настаў час пайсці, як гаворыцца, у людзі, усе вывучыліся, атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці. Далей за ўсіх ад роднага парога скіраваўся Іван, які стаў нафтавіком у Сургуце. Раіса ўсё жыццё адпрацавала ў Мінскім метрапалітэне, а Людміла і зараз адміністратар на чыгуначным вакзале “Брэст Цэнтральны”. Адзіным гуманітарыем у сям’і, як бачым, стала Валянціна Сцяпанаўна.

Аднойчы і назаўсёды

Роўна сорак год таму ў яе жыцці ўзнікла Жабінка, дзе маладога спецыяліста сустрэлі вельмі ветліва.

– Перадала свой дыплом інспектару райана. Памятаю яе прозвішча: Бензярук. Яна аказалася таксама выпускніцай Пінскага педвучылішча, таму ўсміхнулася і сказала ласкава, нібыта родную душу сустрэла: “Цудоўна, што вас да нас накіравалі: у Пінску выдатную базу даюць, добрых настаўнікаў і выхавацеляў рыхтуюць, – тут Валянціна Сцяпанаўна раптам спыніла свой расповед. – Ой, а вы, здаецца, таксама Бензярук? Мо родзіч? – І вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што Вольга Рыгораўна – мая матуля, і разам са мною крыху засмуцілася, як пачула, што няма на гэтай зямлі матулі ўжо сорак дзён…

А тады, сорак год назад, яна вызначыла лёс маладзенькай дзяўчыны, што пасля педвучылішча толькі пачынала пісаць сваю “Педагагічную паэму”.

– Едзьце ў Ленінскі. Не пашкадуеце: перспектыўны населены пункт, там добры садзік, вельмі харошы калектыў дый дзеці вясковыя паслухмяныя і ласкавыя, – прапанавала інспектар, якая ў аддзеле адукацыі курыравала дашкольныя ўстановы.

Вольга Рыгораўна не памылілася: Валянціне Станчук ніколі не давялося шкадаваць, што апынулася ў пасёлку паблізу аўтастрады, дзе жыццё пастаянна віруе і нярэдкімі бываюць самыя сучасныя змены ды абнаўленні.

За дзесяцігоддзі Валянціна Сцяпанаўна выпусціла ў свет шмат дзетак, а затым і дзетак тых дзетак (некаторыя ўжо і ўнукаў у садзік водзяць!). Першую палову свайго працоўнага стажу наша суразмоўніца была выхавальніцай у Ленінскім дзіцячым садзе, а цяпер – вось ужо 21 год – узначальвае яго.

Гэткім чынам з 1986 года і да нашых дзён месца працы ў яе не мянялася. Іншая справа – людзі. Многіх былых выхаванцаў адразу і не пазнаеш, хоць бывае надзвычай прыемна сустракаць сваіх “птушанят”, што сталі “птушкамі высокага палёту”. Быў неяк выпадак. Валянціна Сцяпанаўна рухалася пешшу, крыху стамілася, калі міма праехала машына ды рэзка спынілася. Дзверцы адчыніліся, і вадзіцель запрасіў:

– Сядайце, падвязу! – а ў дарозе высветлілася: за рулём былы яе выхаванец. Слова за слова – малады мужчына гучна прызнаўся: – Вы для мяне былі як другая мама. Хіба магу ехаць і не спыніцца, калі матуля крочыць стомленая?!

Замест адказу жанчына толькі ўдзячна зірнула яму ў вочы.

Людскі давер

На календары была вясна 2011 года. Старшынёй Ленінскага сельвыканкама тады быў Юрый Кадоліч. Нядаўна пасёлак першым у раёне атрымаў статус аграгарадка. Патрабавалася выбраць старасту, які мог у поўнай меры прыслухоўвацца да пажаданняў жыхароў самага маладога і вялікага сельскага населенага пункта раёна. Вельмі важна, каб ён меў аўтарытэт у землякоў і стаў іх найлепшым памочнікам-правадніком у дыялогу з уладамі. Калі Юрый Данілавіч назваў прозвішча Валянціны Станчук, яе кандыдатура выклікала найлепшыя эмоцыі ў перапоўненай зале. Было хвалююча ўзняцца перад людзьмі, што табе давяраюць. Аднак Валянціна Сцяпанаўна ведала: разам яны здолеюць шмат зрабіць на карысць роднага аграгарадка.

Ленінскі, размешчаны на галоўнай трасе краіны, – сапраўдная візітоўка раёна. Калі тут узнікаюць нейкія праблемы, яны бачныя не толькі самім вясковым жыхарам, але й шматлікія гасцям, што праязджаюць штодня паблізу.

У гэтыя майскія дні спаўняецца 15 гадоў, як Валянціна Станчук стала старастай. Што за гэтыя часы было зроблена ў аграгарадку? Да чаго яна разам з землякамі прыклала свае рукі?

Пачынае з роднага садзіка. Тут наведзены парадак навокал і ў інтэр’ерах. Бацькі да 9 Мая па яе закліку аформілі на вуліцы святочны куток. Увогуле, Валянціна Сцяпанаўна заўсёды актыўная ў грамадскім жыцці, у тым ліку ў розных выбарчых кампаніях, што праходзяць у краіне. Праяўляе яна вялікі клопат пра жыхароў аграгарадка. Дзеля іх зроблены сходы ад аўтобуснага прыпынку, усталяваны поручні на ганках дамоў, каб старым людзям і матулям з дзеткамі было зручна ўзнімацца ды спускацца.

Стараста не стамляецца дзякаваць неабыякавым людзям:

– Летась звярнуліся ленінцы ў Жабінкаўскую ЖКГ з просьбай адрамантаваць казыркі на дамах па вуліцах Леніна і Каштанавай. Вялікі дзякуй дырэктару камунальнай службы Віталю Кінчаку за тое, што прыслухаўся да нас і дапамог у гэтай справе. Увогуле, Віталь Анатольевіч, калі тэлефаную да яго, заўсёды ахвотна адказвае на запыты і прапановы нашых жыхароў. Былі раскрыты, напрыклад, каналізацыйны калодзеж або дзверы ў доме №8 па вуліцы Каштанавай, аднак дастаткова было звярнуцца ў ЖКГ і камунальнікі хутка выправілі гэтыя недахопы. Як пасля такіх адносін не сказаць шчыры дзякуй добраму чалавеку і ўсім яго падначаленым, што робяць справу нам на карысць?!

Жанчына прапануе разам прайсціся па аграгарадку, парадавацца клёнікам ды ёлачкам, пасаджаным некалькі гадоў таму. Наколькі прыемна прыгадваць дзень, калі ленінцы разам дружна садзілі дрэўцы! Цяпер яны прыжыліся, падраслі і цягнуцца да неба, як і надзеі на ўсё самае лепшае. За падтрымку Валянціна Сцяпанаўна вельмі ўдзячная старшыні сельвыканкама Мікалаю Лугаўскому і дырэктару мясцовай гаспадаркі Ганне Плытнік. Яны вельмі стараюцца, каб добраўпарадкаваць жыццё ў Ленінскім.

– А яшчэ ахвотна выконваю просьбы старых людзей (усё ж некаторыя, як Ядвіга Данілюк ці Галіна Клопат, размянялі ўжо дзявяты дзясятак), – гаворыць стараста. – Ім бывае патрэбна дапамога: і ў краму схадзіць па прадукты, і ў аптэку па лекі. Старасць трэба паважаць, у рэшце рэшт ніхто з нас не маладзее. Раней-пазней і табе стане цяжэй жыць на свеце, тады і ўспомніш: некалі ты дапамог – цяпер і табе дапамогуць. Бывае, спынішся каля старога чалавека і адчуеш: яму і простая размова ў радасць, ад ласкавага слова ён проста свеціцца!

БЛІЦ З НАШАЙ ГЕРАІНЯЙ

– Ваша любімая пара года?

– Вясна з квітнеючымі садамі.

– А якое хобі?

– Люблю рабіць свет прыгожым з дапамогай кветак, асабліва цюльпанаў ды півоняў.

– Ваша любімае свята – гэта…

– Іх адразу тры: Раство, Вялікдзень ды Тройца. Так павялося з дзяцінства, ад бацькоў. Тыя вучылі: гэта найвялікшыя святы, што яднаюць пакаленні ў царкве і за святочным сталом.

– Якую кнігу і якога аўтара перачытваеце з асаблівым задавальненнем?

– Усе творы Івана Шамякіна. Вельмі яны мне даспадобы.

– А ежа якая падабаецца?

– Да страў непатрабавальная. Як у народзе кажуць, добры госць есць, што ёсць.

– З кім хочацца падзяліцца апошнім кавалкам і самай вялікай тайнай?

– З нявесткамі Надзяй і Кацяй, якія разам з сынамі Віталем і Васілём падаравалі мне па дзве пары ўнукаў.

– І напрыканцы: ці лічыце сябе “першым чалавекам на вёсцы”?

– Я ціхі чалавек, люблю рабіць справу, ды не хваліцца. Няхай лепей людзі нешта добрае скажуць – толькі іх ацэнка сапраўды нешта значыць!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ