30 крокаў да поспеху, альбо Гартаючы
летапіс школьны…
Напярэдадні 30-годдзя самай маладой па ўзросце школы раёна — жабінкаўскай СШ
№ 3 — паразмаўлялі з яе дырэктарам Святланай КАМЕНЕВАЙ.
— Святлана Канстанцінаўна, адразу ж прыміце віншаванні з нагоды цудоўнай даты. У 1988-м пра вашу школу вельмі многія казалі: “доўгачаканая”. І сапраўды, горад рос, маладзеў, патрабавалася разгрузіць першую гарадскую. Вось і паўстала ў цэнтры Жабінкі навучальная ўстанова, якую цяпер узначальваеце. Якімі дасягненнямі вызначалася СШ № 3 за мінулыя тры дзесяцігоддзі?
— Сёлета мы аднавілі школьны летапіс і самі крыху здзівіліся, наколькі шмат выдатных старонак упісаны ў яго за гэты час. Мяркуйце самі, ад таго памятнага вераснёўскага дня, калі будаўнікі перадалі сімвалічны ключ у рукі першага дырэктара Яўгена Гука, мінула ўсяго 30 гадоў, а нашы вучні і педагогі ўжо паспелі шматкроць даказаць, што лепшыя ў навучанні, педагагічных конкурсах, творчых спаборніцтвах.
— Давайце разам перагорнем старонкі таго летапісу, якія вялі да поспеху. Што ж пабачым на першых аркушах?
— У верасні 1988 года ў школе 54 настаўнікі выкладалі прадметы 806 навучэнцам, мелася 26 класаў-камплектаў, з іх кабінеты беларускай, рускай, англійскай моў, матэматыкі і інфарматыкі былі аформлены тэматычна. У гэтым пашчыраваў настаўнік малявання, ветэран вайны Міхаіл Карнееў.
Школьнае жыццё віравала літаральна з першага дня. Узнік ансамбль народнай песні, арганізаваны Святланай Кужко і Мікалаем Ляшкевічам. Крыху пазней былі створаны вучнёўскі тэатральны гурток “Аэдо” і школьны хор, неаднаразова адзначаныя граматамі і дыпломамі.
1 верасня 1993 года СШ № 3
атрымала статус “Гімназія г. Жабінкі”, якою заставалася на працягу амаль дзесяці гадоў, пакуль не стала агульнаадукацыйнай школай з гімназічнымі класамі, а з 2005-га і па сённяшні дзень — у цяперашнім статусе.
Аднак, вернемся ў дзевяностыя гады ўжо мінулага стагоддзя. Тады пад кіраўніцтвам Святланы Кужко свой творчы шлях распачаў народны гурток “Жывіца”, якому паэт Васіль Сахарчук прысвяціў цудоўныя радкі: “Жывей, чым “Жывіца”, гуртка ў нас няма. З вытокаў крыніцы ўзяў ён імя…” Жыццё школы насамрэч вызначалася жывым удзелам ва ўсіх без выключэння справах, што тычыліся адукацыі і выхавання.
Прыкладам, актыўна пачалі праводзіць творчыя партрэты настаўнікаў, якія сталі з часам нашай візітоўкай. Дзякуючы гэтаму мацаваліся сувязі паміж вучнямі, бацькамі, педагогамі. На высокім узроўні свае творчыя партрэты прадстаўлялі Таццяна Мурына, Ніна Куніцкая, Галіна Піўчык, Святлана Пятручык, настаўніцкая дынастыя Грыгарукоў ды іншыя. Школа здаўна стала творчай педагагічнай пляцоўкай Брэсцкага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі.
— Чым вызначаўся ў гісторыі школы пачатак новага веку і тысячагоддзя?
— Гэта час актыўнага творчага пошуку, зараджэння новых традыцый — штогадовых турзлётаў і экалагічнай сцяжыны “Зялёны патруль”, агітбрыгады “Наперад!” і валанцёрскай групы “Добрыя сэрцы”.
З 2002 года пачалі дзейнічаць прадметныя аб’яднанні настаўнікаў “Кансультацыйна-інфармацыйныя цэнтры”, якія вядуць шырокую метадычную работу, дапамагаючы “Школе маладога настаўніка”.
Заўсёды звяртаем увагу на працоўнае выхаванне навучэнцаў. Дзеля гэтага наладжана цеснае супрацоўніцтва з падшэфнымі прад-прыемствамі — ААТ “Жабінкаўскі” і камбі-кормавым заводам, якія аказваюць школе спонсарскую дапамогу. У тыя часы становіцца традыцыяй дапамога ў зборы ўраджаю, арганізацыя канцэртных праграм, прымеркаваных да прафесійных святаў.
Заўсёды клапаціліся, каб навучальная ўстанова і навакольная тэрыторыя мелі прывабны выгляд. У 2010 годзе наша школа была ўзнагароджана дыпломам другой ступені за ўдзел у абласным конкурсе ландшафтнага дызайну.
Былі агульнашкольныя поспехі і пазней. Амаль кожны год прыносіць перамогі. Так, у 2013-м нашы валанцёры прызнаны найлепшымі на конкурсе творчых работ “Шляхамі добрых спраў”. У наступным годзе вызначыліся юныя інспектары дарожнага руху на занальным злёце ЮІД, тады ж тэатральны калектыў школы перамог на абласным фестывалі “Асарці” і стаў лаўрэатам фестывалю “Тэатральны прыстанак”. У маі 2016 года агітбрыгада “Наперад!” заваявала ў Брэсце трэцяе месца ў намінацыі “Цімураўскія зоркі”, нашы вучні былі найлепшымі на “Зарніцы–2016”, школу прызналі пераможцай у абласным конкурсе “Захавай дрэва — здай макулатуру”. Шмат разоў старшакласнікі трэцяй гарадской станавіліся лідарамі ў інтэлектуальнай гульні “Беларусь Праваслаўная”, якая штогод ладзіцца на базе нашай навучальнай установы.
— Як вядома, педагогі СШ № 3 неаднойчы даказвалі сваё першынство ў прафесійным майстэрстве. Калі ласка, спынімся крыху на гэтым. Хто і калі адстойваў гонар навучальнай установы на абласным ды рэспубліканскім узроўнях?
— Так, мы вельмі ганарымся поспехамі калег. У 1990 і 1991 гадах настаўніцы Ларыса Ціхамірава, а затым Валянціна Гарбацюк і Ларыса Дарошка паўдзельнічалі ў абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Лаўрэатамі гэтага этапу станавіліся таксама Іна Тарасевіч (2006) і Алена Наруш (2014).
Найбольшых поспехаў у конкурсе “Настаўнік года” дабіваліся Віталіна Папковіч (2009) і Сяргей Карпук (2017), якія абвяшчаліся лаўрэатамі рэспубліканскага этапу. Увогуле, гэта ўнікальны выпадак. Здаецца, ён не мае аналагаў у краіне, калі педагогі з адной школы двойчы станавіліся прызёрамі ў сваіх намінацыях у сталіцы.
Варта яшчэ прыгадаць імёны Ганны Кулагінай — фіналісткі абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны — 2010” і Алы Анікінай, якая ў 2011 го-дзе стала лаўрэатам прэміі аблвыканкама, уручанай настаўнікам і майстрам вытворчага навучання, што падрыхтавалі пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў.
— Самы час колькі слоў сказаць і пра вучнёўскія дасягненні, бо іх, відаць, таксама досыць шмат.
— Пачнём, мабыць, з красамоўнай і прыгожай лічбы 125. Менавіта столькі нашых выпускнікоў за 30 гадоў атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі, прычым, “золата” нават паболей будзе ў іх “скарбонках”!
Нельга не згадаць цэлы шэраг навучэнцаў, якія станавіліся за апошнія сем-восем гадоў пераможцамі і прызёрамі абласных ды рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, творчых спаборніцтваў, навукова-практычных канферэнцый. Гэта Дар’я Даманская, Варвара Папковіч і Анастасія Сідорка, Сяргей Саўчук, Анастасія Чашун і Міхаіл Лук’янчык, Іван Кулагін, Ульяна Петрашэвіч і Таццяна Астроўская.
— Няма сумневу, вы сочыце за далейшымі поспехамі сваіх выпускнікоў і пасля таго, як яны накіроўваюцца ад школьнага парога, так бы мовіць, у дальняе, ужо дарослае жыццёвае плаванне. Кім сёння школа асабліва ганарыцца?
— Сапраўды, нашы выпускнікі праявілі сябе літаральна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. І спіс тых, хто ёсць гонар школы, даволі доўгі.
Многія абралі для сябе навуковую дарогу, абаранілі вучоныя ступені. Гэта кандыдаты навук Андрэй Хайбулін і Андрэй Дземянцоў, Дзмітрый Чаргінец і Аляксандр Варашылаў. З выкладаннем вайсковых дысцыплін звязалі свае лёсы Юрый Мятліцкі і Яўген Анікін. Сярод выпускнікоў трэцяй гарадской кіраўнік “Брэстабл-газу” Дзмітрый Манцэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Гардзееў, начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота, ваенны камісар горада Пінска і Пінскага раёна Аляксандр Ануфрыюк, начальнік чыгуначнай станцыі Жабінка Юрый Лукашэвіч, намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Вадзім Калюх, сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, протаіерэй Сергій Петрусевіч.
Як бачыце, усяго за тры дзясяткі гадоў школа выпеставала і дала пуцёўку ў жыццё сапраўдным асобам, якія сваёй працай прыносяць карысць ды славу роднай зямлі.
— Дзякую, Святлана Канстанцінаўна, за змястоўную размову. Яшчэ раз прыміце віншаванні з нагоды выдатнай святочнай даты.
Дырэктары СШ № 3 г. Жабінкі:
з 1988 па 1990 год — Яўген Георгіевіч ГУК
з 1990 па 2007 год — Святлана Мікалаеўна ЯНУСІК
з 2007 па 2014 год — Святлана Міхайлаўна КУЖКО
з 2014 па 2015 год — Галіна Сцяпанаўна БУРКО
з 2015 года — Святлана Канстанцінаўна КАМЕНЕВА
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.
