СШ № 2 – 55 гадоў

Яе ўрокі адкрывалі вучням свет

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

У свае 93 Агаф’я Сяргееўна Пятручык добра памятае ўрачыстасць з нагоды адкрыцця другой гарадской школы. У роднай установе яна выкладала адзін з найцікавейшых прадметаў — геаграфію, у які ўлюбіла многіх сваіх вучняў.

Нарадзілася Агаф’я Сяргееўна ў вёсцы Плутоўка Церахоўскага раёна (цяпер Добрушскі) Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і, у якой было яшчэ трое братоў. Бацькі змалку прывучалі дзяцей да працы і сваім прыкладам паказвалі гэта, бо шчыра рупіліся на зямлі і па гаспадарцы.
Да вайны Агаф’я паспела скончыць дзевяць класаў. Пачатковая школа была ў роднай Плутоўцы, а вось далей па веды хадзіла ў Церахоўку. Вучылася добра, з прадметаў найбольш падабалася геаграфія: з задавальненнем слухала аповеды настаўніка пра далёкія краіны, малавядомыя народы, лёгка адшуквала на карце рэкі, горы, астравы. Экзамены за дзевяць класаў здала паспяхова, нарэшце — доўгачаканыя канікулы, а назаўтра пачалася вайна.
Той час Агаф’я Сяргееўна і цяпер узгадвае з болем у голасе: у памяці ўсплываюць цяжкія гады акупацыі, спаленая родная вёска і пахавальныя на бацьку і старэйшага брата. Успомніла ў размове і такі факт: нікога з Плутоўкі не вывезлі на прымусовыя работы ў Германію — і гэта было для аднавяскоўцаў сапраўдным шчасцем.
Яшчэ не адгрымела вайна, калі Агаф’я адправілася ў абласны цэнтр з жаданнем вучыцца далей і паступіла на падрыхтоўчыя курсы ў Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава. Пасля іх заканчэння паспяхова здала ўступныя экзамены і стала студэнткай. Два гады дзяўчына навучалася па спецыяльнасці “Геаграфія. Біялогія”. У 1946-м яна атрымала дыплом. Маладога спецыяліста накіравалі на працу на Брэстчыну ў Камянецкі раён. Агаф’я Сяргееўна выкладала геаграфію ў Агародніках і Войскай. На Камянеччыне яна сустрэла сваю другую палавінку — Івана Іванавіча, які працаваў бухгалтарам у калгасе. Менавіта ён выступіў ініцыятарам пераезду сям’і ў Жабінку, дзе жылі добрыя знаёмыя, да якіх прыязджалі ў госці, а яшчэ падабалася, што тут мелася чыгунка. Гэта стала найгалоўнейшым аргументам: каб траім сынам у будучым было зручна дабірацца на вучобу і прыязджаць дадому.
Пятручыкі купілі дом у Жабінцы, жылі ў ім і дабудоўваліся. Агаф’я Сяргееўна пайшла на працу ў другую гарадскую школу. У калектыве прынялі цёпла, адчувала падтрымку адміністрацыі, старэйшых калег. Вядома, што ў педагогаў праца не абмяжоўваецца толькі ўрокамі ў школе. Гэта яшчэ і напісанне планаў-канспектаў, праверка сшыткаў, падрыхтоўка пазакласных мерапрыемстваў, экскурсіі і паходы з вучнямі. Усяго і не пералічыш, спіс доўгі-доўгі. Але ў Агаф’і Сяргееўны на ўсё хапала часу: і на працу, і на сям’ю. Вялікую падтрымку і разуменне бачыла з боку мужа, які разумеў няпростую працу настаўніка, дапамагаў у выхаванні дзяцей і па гаспадарцы.
Каб цікавымі і запамінальнымі былі для вучняў урокі, Агаф’я Сяргееўна купляла кнігі і метадычную літаратуру, выпісвала часопіс “Геаграфія ў школе”, шмат чытала, удасканальвалася прафесійна.
Калі я спыталася, ці строгім яна была педагогам, у адказ пачула: “У маіх адносінах да вучняў была і строгасць, і патрабавальнасць, а як жа інакш? Але ў першую чаргу — павага і асабісты падыход да кожнага, без іх не пабудуеш добрых адносінаў, не заваюеш даверу. Гэта трэба ўзяць за аснову маладым педагогам, тым, хто толькі робіць першыя крокі ў прафесіі”.
Яе ж адданасць справе і высокі прафесіяналізм неаднаразова адзначаліся ганаровымі граматамі рознага ўзроўню. Агаф’я Пятручык была ўдзельніцай IV з’езда настаўнікаў БССР, што праходзіў у Мінску ў 1960-м годзе. У 1967-м ёй прысвоілі званне “Выдатнік народнай адукацыі”.
Агаф’ю Сяргееўну памятаюць яе былыя вучні. У гэтым упэўнілася, калі нашу размову перапыніў тэлефонны званок. Жанчына ўзяла трубку, а на тым канцы провада — вучаніца з першага выпуску школы Галіна Макарэвіч. Патэлефанавала любімай настаўніцы, каб даведацца, як яна пачувае сябе, як справы.
Не забываюць былога педагога і ў роднай установе, віншуюць са святамі. Некалькі дзён таму прынеслі запрашэнне на юбілей школы.
Па яе прыкладзе абралі прафесію педагога многія былыя вучні. Геафак скончыла Святлана Пятроўна Макарэвіч, матэматыкамі сталі Валянціна Аляксееўна Сахарчук і Ганна Іванаўна Васілюк. У апошніх Агаф’я Сяргееўна не толькі выкладала прадмет, але й была класным кіраўніком.
Вось як успамінае пра сваю настаўніцу Ганна Васілюк:
— Проста пашчасціла, што ў мяне быў такі педагог і класны кіраўнік, як Агаф’я Сяргееўна. Яна — прыклад добрасумленнасці, шчырасці, інтэлігентнасці і адданасці сваёй справе. Цікава выкладала і ўмела захапіць прадметам. Дасюль памятаю яе ўрокі, а таксама палітінфармацыі і пазакласныя мерапрыемствы, якія рыхтавалі ра-зам. Яна навучыла нас сапраўднаму сяброўству, мабыць таму наш клас быў такім дружным. І цяпер мы сустракаемся, цікавімся справамі адзін аднаго. Як педагог, многае ўзяла для сябе з таго, чым кіравалася ў рабоце Агаф’я Сяргееўна, заўсёды раўнялася на яе.
Старэйшы сын Агаф’і Пятручык — Аляксандр — таксама географ, аддаў настаўніцкай справе, як і матуля, 40 гадоў. Жыве ў Баранавіцкім раёне, дзе часта бывае і Агаф’я Сяргееўна. Вось і зараз яна збіраецца на зіму да сына.
Дома ў Аляксандра вісіць вялікая карта свету, да якой часта падводзіць сын матулю і жартам экзаменуе. І нібы вяртаецца Агаф’я Сяргееўна тады ў маладыя гады, у родны кабінет геаграфіі другой гарадской школы, працы ў якой прысвяціла значную частку свайго жыцця.