Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
У аграрыяў Жабінкаўшчыны пачаўся чарговы адказны перыяд – уборка хлеба з палёў. Сёлетняя спякота, безумоўна, паўплывала на рост усіх сельгаскультур. Толькі не ў правілах хлебаробаў скардзіцца на капрызы надвор’я. Цяпер іх галоўны дэвіз – сабраць да апошняга коласа ўсё, чым аддзячыла за шчырую працу хлебная ніва.
…З прыўзнёслым настроем прыступілі да жніва ў ААТ “Мацеевічы”. Малады аграном гаспадаркі Андрэй Бяльчук не хавае сваіх пачуццяў: прызнаецца, што з нецярпеннем чакаў уборку ўраджаю і працоўны дзень пачынае ды заканчвае аб’ездам палёў, каб вырашыць, якія ўчасткі настаў час абмалочваць. Адкрыў новы сезон, зразумела, азімы рапс. Двума камбайнамі ўбіралі яго на плошчы 202 гектары і намалацілі 396 тон. Літаральна праз некалькі дзён пачалі малаціць азімую пшаніцу і ячмень. Зразумела, што камбайны адпраўляюцца на самыя горшыя ўчасткі, якія вымаклі ранняй вясною або выгарэлі ад спякоты, таму аб ураджайнасці гаварыць пакуль рана (хаця ўжо зараз убраны азімы ячмень парадаваў – атрымалася 54,5 цэнтнера на круг). Усяго трэба ўбраць зерневыя і зернебабовыя з плошчы ў 1680 га.
– Настрой – сонечны, калектыў – працавіты, паліва хапае, абедамі работнікі забяспечаны, – канстатуе Андрэй Бяльчук. – Надвор’е таксама выдатнае, зерне ў каласах сухое. Толькі б тэхніка не падводзіла. Хутка да чатырох камбайнаў падключым да работы яшчэ тры. Прыемна назіраць, як спелы колас у жняярку кладзецца, і, нібы песня, спелае збожжа са шнэка ў кузаў льецца…
На здымку: Андрэй ХАРКОВІЧ, Алег ДЗЕНІСОВІЧ, Андрэй БЯЛЬЧУК, Генадзь ЦАРУК і Раман ЛІХВАН “адкрылі” чарговы хлебны сезон.
