“СМІ ў эпоху лічбавізацыі”

Пад такой назвай 27 і 28 мая ў беларускай сталіцы ладзіўся прадстаўнічы форум, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі краіны. На яго з’ехаліся каля дзвюх соцень прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, сеткавых выданняў, блогасферы, якія абмеркавалі вельмі разнастайныя пытанні, актуальныя для сённяшняга грамадства.

Першы дзень — ён жа пленарны — выдаўся сапраўды прадстаўнічым. Нездарма на ім прысутнічалі адразу чатыры міністры інфармацыі: акрамя дзеючага — Уладзіміра Пярцова, у кулуарах форуму былі заўважаны і тры яго папярэднікі: Лілія Ананіч (зараз — прадстаўніца дэпутацкага корпуса), Алесь Карлюкевіч, які ўзначальвае выдавецкі дом “Звязда”, і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі.
На праспекце Пераможцаў, у фае “Белэкспа”, дзе праходзіў форум, адразу звярталі ўвагу на сябе вялікія фотавыставы “Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны” і “Партызаны Беларусі”, разгорнутыя БелТА і выдавецкім домам “Беларусь сёння”. Было цікава, як прадстаўлены на іх наш партызанскі край. Вядома, адшукаліся і жабінкаўскія імгненні вайны, занатаваныя ў фотаздымках ваеннага карэспандэнта Уладзіміра Лупейкі. 22 чэрвеня 1941 года Уладзімір Навумавіч сустрэў у нашых краях, дзе быў у камандзіроўцы. Планаваў вярнуцца ў Мінск праз дзень-другі, ды ліхалецце прадоўжыла тую “камандзіроўку” на гады. Затое майстар стварыў сапраўдны фоталетапіс партызанскага атрада імя Чарнака. Некаторыя фота, а таксама пасмяротны ўзнагародны ліст Міхаіла Мікітавіча знайшлі сваё пачэснае месца на сённяшняй выставе.
Непасрэдна ў час пленарнага пасяджэння прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі маглі заслухаць даклады ўплывовых экспертаў, падзяліцца думкамі. Заўважную цікавасць выклікалі выступленні расійскіх гасцей: Наталлі Лосевай з міжнароднага інфармагенцтва “Расія сёння” і галоўнага рэдактара радыёстанцыі “Гаворыць Масква” Уладзіміра Мамантава. Са свайго боку, праблемы рэгіянальных СМІ ўзнімаў старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў, а кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант расказаў пра развіццё айчыннага тэлебачання ў эпоху “лічбы”. Свае думкі па тэме “Мультымідыйныя тэхналогіі ў СМІ як новы інструмент уплыву на настрой аўдыторыі” данесла намеснік гендырэктара БелТА Таццяна Бірук. Пра захаванне гістарычнай памяці распавёў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін ды іншыя выступоўцы.
Завяршыўся першы рабочы дзень форуму падпісаннем пагаднення аб супрацоўніцтве паміж саюзам журналістаў і кампаніяй па развіцці індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. Па выніках была прынята рэзалюцыя медыйнага згуртавання Беларусі, якая завяршалася словамі: “З улікам зменаў грамадска-медыйнай парадыгмы, выкліканай імклівым развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, СМІ павінны ўзяць на сябе асаблівую адказнасць, стаць фактарам кансалідацыі і стварэння, узаемаразумення і супрацоўніцтва, умацавання ўзаемнай павагі і сяброўства паміж краінамі і народамі”.
Наступны дзень удзельнікі форуму працавалі ў секцыях, якія разгарнуліся адначасова на шасці розных пляцоўках. Гасцей прымалі ў выдавецкім доме “Беларусь сёння”, інфармацыйным агенцтве “Мінск-Навіны”, на “Сталічным тэлебачанні” і тэлестудыі “600” на вуліцы Макаёнка ды ў Парку высокіх тэхналогій. Мне выпала пабываць у ваенным інфармацыйным агенцтве “Ваяр”.
Сустрэчу, акрамя Андрэя Крывашэева, вёў галоўны рэдактар друкаваных СМІ агенцтва палкоўнік Ігар Кандраль. Магчымасці “Ваяра” прэзентаваў першы намеснік начальніка агенцтва палкоўнік Валерый Канапацкі. Прынамсі, Валерый Сяргеевіч паказаў, як адбываецца рух кантэнту сродкаў масавай інфармацыі на розных пляцоўках. У пацверджанне яго слоў прайшоў радыётрэнінг на базе праграмы ваеннага інфармацыйнага агенцтва “Компас FM”.
Неаднойчы падчас размовы ўзнімалася тэма Вялікай Айчыннай вайны, пачатак якой будзе адзначацца 22 чэрвеня.
Сёлета гэты дзень для ваенных журналістаў адзначаны адразу дзвюма юбілейнымі датамі. Па-першае, спаўняецца 80 год з пачатку Вялікай Айчыннай. Па-другое, роўна сто гадоў таму, 22 чэрвеня 1921 года, пабачыў свет першы нумар галоўнай армейскай газеты “Во славу Родины”.
Пра тое даводзілі Ігар Кандраль і кандыдат гістарычных навук, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Валянцін Старычонак. Да таго ж Ігар Уладзіміравіч правёў невялікую экскурсію па агенцтве. Тут беражліва захоўваюцца не толькі старыя дакументы, што распавядаюць пра адважныя справы ваенных карэспандэнтаў, але і абсталяванне, на якім яны друкавалі свае творы — вострыя заметкі, карыкатуры, што змагаліся з ворагам пад гучным лозунгам: “Прыраўняем пяро да штыка!”
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і БелТА
На здымках: на выставе “Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны” ёсць і жабінкаўскія фотаімгненні, створаныя Уладзімірам ЛУПЕЙКАМ; ля старога друкарскага варштата палкоўнік Ігар КАНДРАЛЬ дэманструе кнігу “Спадарожнік ваеннага журналіста”, у стварэнні якой браў удзел.