Калі ў кішэні запаветны дыплом аб атрыманні вышэйшай адукацыі (ці аб сярэдняй спецыяльнай — таксама няблага), ты малады і энергічны, то, здаецца, можаш горы звярнуць і зрабіць гэты свет лепшым! І першае сур’ёзнае выпрабаванне — абявязковая адпрацоўка. Хтосьці гэты этап сваёй дарослай жыццёвай дарогі сустракае з жахам, а некага ён радуе, бо гэта магчымасць праявіць сябе, завесці новых сяброў, атрымаць работу і жыллё і, хто ведае, магчыма, сустрэць сваю другую палавінку!
Сёлета шэрагі працуючай моладзі Жабінкаўшчыны папоўнілі 99 маладых спецыялістаў пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны. З іх сёння працуюць 67 чалавек: астатнія паступілі вучыцца ў ВНУ, пераразмеркаваліся ці служаць у шэрагах Узброеных Сіл Беларусі.
Маладыя спецыялісты, што прыбылі сёлета ў раён, сваю працоўную дзейнасць пачалі ў розных установах і на прадпрыемствах.
Так, на работу ў сельскую гаспадарку прыбылі 28 маладых спецыялістаў, дзевяць — у прамысловасць і гандаль, пяцёра прыйшлі ў будаўнічую галіну, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт, 25 папоўнілі шэрагі педагогаў, медыкаў, работнікаў культуры.
У актавай зале райвыканкама адбылася сустрэча і знаёмства маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам Жабінкаўскага раёна. На ёй прысутнічалі старшыні райвыканкама Віталь Кулак і раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Святлана Озальс, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, першы сакратар РК “БРСМ” Яўген Мацюшын, а таксама кіраўнікі калектываў і начальнікі аддзелаў райвыканкама.
Інспектар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Абрамчук, якая вяла мерапрыемства, расказала, што на Жабінкаўшчыне жыве каля пяці тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, з іх каля дзвюх тысяч рупяцца ў сацыяльнай сферы. І хаця раён геаграфічна невялікі, ён вельмі кампактны, займае выгаднае геаграфічнае становішча. Завочна пазнаёміцца з Жабінкаўшчынай, яго гісторыяй, здабыткамі і дасягненнямі прысутным дапамог відэафільм. Вольга Анатольеўна выказала надзею, што маладым людзям, якія пачалі сваю працоўную дзейнасць на Жабінкаўшчыне, наш раён спадабаецца і яны застануцца тут пасля адпрацоўкі (большасць з іх — ураджэнцы іншых раёнаў).
— Хачу адзначыць, што жабінкаўская зямля вельмі гасцінная, — з прывітальным словам да маладых спецыялістаў звярнуўся Віталь Шалтанюк. — Яна нарадзіла, вырасціла, ажаніла вельмі многа маладых спецыялістаў, якія па меры сталення станавіліся кіраўнікамі гаспадарак і аддзелаў райвыканкама. Хачу сказаць, што я таксама адзін з такіх: 35 гадоў таму пасля інстытута прыехаў у Жабінкаўскі раён, “дарос” да старшыні раённага Савета дэпутатаў. Вельмі рады, што лёс прывёў мяне на Жабінкаўшчыну, бо тут знайшоў сабе жонку, пабудаваў дом, выгадаваў дзвюх дачок, і яны падарылі мне двух унукаў. Спадзяюся, што і вам наш раён прыйдзецца даспадобы. Хочацца пажадаць вам стаць добрымі спецыялістамі, каб праца прыносіла задавальненне, каб прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Поспехаў вам, юнакі і дзяўчаты!
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская агучыла вынікі анкетавання маладых спецыялістаў, што прыбылі ў раён за апошнія тры гады.
— Вы разумныя, таленавітыя, маладыя, стаіце на пачатку свайго працоўнага шляху. Цяпер ужо ад вас у многім залежыць далейшае развіццё арганізацый і прадпрыемстваў, дзе вы працуеце.
Слушныя парады маладыя спецыялісты атрымалі таксама ад начальніка Жабінкаўскага раёна электрасетак Дзяніса Шышчыца:
— Вы думаеце, што з атрыманнем дыплома перасталі вучыцца? Не, усё толькі пачынаецца! Новыя тэхналогіі імкліва крочаць наперад, і, каб паспець за навуковым прагрэсам, давядзецца штодня вучыцца! Я сам на выхадныя браў папкі з дакументацыяй і разбіраўся са схемамі тэхнічных установак, а ў панядзелак ішоў да вопытнага калегі, каб патлумачыў незразумелае. Хочацца пажадаць: ніколі не саромейцеся пытацца пра тое, што не зразумела. У першыя дні работы многае здаецца таямнічым, цяжкім, аднак у кожным калектыве знойдзецца чалавек, які вас падтрымае.
Яшчэ адну выступоўцу — галоўнага спецыяліста аддзела рознічнага і кааператыўнага бізнесу ЦБП № 109 г. Жабінка філіяла № 100 БАУ ААТ “ААБ “Беларусбанк” Іну Дубіну — прысутныя ў зале слухалі надзвычай уважліва. Яна расказала, якія льготныя крэдыты могуць атрымаць маладыя спецыялісты, што прыбылі ў раён.
Яўген Мацюшын у сваю чаргу пазнаёміў работнікаў-пачаткоўцаў з мноствам цікавых спраў і ідэй, якія ажыццяўляюцца пад эгідай маладзёжнага саюза БРСМ, і заклікаў не заставацца ўбаку, праяўляць ініцыятыву, станавіцца актыўным удзельнікам мерапрыемстваў і акцый.
Лідзія Лінік, што ўзначаль-вае Маладзёжны парламент пры Жабінкаўскім раённым Савеце дэпутатаў, расказала пра свае ўласныя крокі па кар’ернай лесвіцы, прапанавала прысутным не баяцца прапаноўваць свае ідэі і запрасіла звяртацца ў Маладзёжны парламент, каб разам ствараць будучае раёна і краіны ў цэлым.
Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня райвыканкама Віталь Кулак сказаў, што ў Жабінцы шмат перспектыў.
— Моладзь у нас таленавітая, ініцыятыўная, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, — падкрэсліў ён. — Будучае за вамі — магчыма, нехта з вас прыйдзе на змену сённяшнім кіраўнікам і спецыялістам. Спадзяюся, што гэты прыгожы куточак нашай рэспублікі стане для вас родным.
Сёлета шэрагі працуючай моладзі Жабінкаўшчыны папоўнілі 99 маладых спецыялістаў пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны. З іх сёння працуюць 67 чалавек: астатнія паступілі вучыцца ў ВНУ, пераразмеркаваліся ці служаць у шэрагах Узброеных Сіл Беларусі.
Маладыя спецыялісты, што прыбылі сёлета ў раён, сваю працоўную дзейнасць пачалі ў розных установах і на прадпрыемствах.
Так, на работу ў сельскую гаспадарку прыбылі 28 маладых спецыялістаў, дзевяць — у прамысловасць і гандаль, пяцёра — прыйшлі ў будаўнічую галіну, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт, 25 папоўнілі шэрагі педагогаў, медыкаў, работнікаў культуры.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
На здымку: падчас сустрэчы з маладымі спецыялістамі.

