Мабыць, нездарма ў свеце прыжылося выслоўе “Кліент заўсёды правы”. А на абароне ягоных правоў – судовыя інстанцыі, што ўважліва і галоўнае паводле закону разглядаюць (калі яны ўзнікаюць) розныя спрэчныя моманты паміж спажыўцамі і выканаўцамі розных паслуг. Заўважым: апошнім часам такія справы нярэдка даводзіцца разглядаць у судзе нашага раёна, дзе абодвум бакам перш-наперш прапануецца шукаць кампраміс. Кожнаму патрэбна памятаць: на баку асобы, чые правы парушаны, стаіць закон “Аб абароне спажыўцоў”.

Напрыклад, у суд звярнулася грамадзянка В. з іскам да таварыства з абмежаванай адказнасцю, што вырабляе мэблю. Жанчына імкнулася адстаяць свае правы і атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды. Летась яна рашыла заказаць мэблю па індывідуальным праекце. Нічога, здаецца, не прадвяшчала, што спрэчку паміж грамадзянкай і фірмай у выніку давядзецца разглядаць у судовых органах.
Спачатку ўсё было вельмі мірна, нават будзённа. Бакі заключылі дагавор, дзе пералічылі прадметы мэблі. Агульная сума атрымалася салідная – больш за сорак тысяч рублёў. Адначасова і тэрмін вырабу ўзгаднілі. Гэты тэрмін паводле дамовы складаў да 60 дзён з часу ўнясення заказчыкам папярэдняй аплаты. Палову грошай В. заплаціла адразу і стала чакаць, калі ж таварыства з абмежаванай адказнасцю ўзрадуе яе бязмежна новай сучаснай мэбляй. Аднак аказалася, гэта амаль казачныя мары, бо памятаеце, як гаворыцца: “Хутка казка распавядаецца, ды не хутка справа робіцца”… Так, фірма грошы атрымала, ды мэблю ў абазначаныя тэрміны не зрабіла. Прычым жанчына не раз звярталася да вырабнікоў з просьбай, каб быў выкананы заказ, ды пісала прэтэнзіі. У рэшце рэшт грамадзянка зразумела: толькі з дапамогаю суда могуць быць абаронены яе правы, таму і звярнулася з іскам.
У судзе былі выслуханы довады бакоў, паказанні сведкі і вывучаны ўсе матэрыялы гэтай справы. У выніку суд прыйшоў да высновы, што заяўленыя іскавыя патрабаванні належаць задавальненню згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Фірма, якая нядобрасумленна аднеслася да сваіх абавязацельстваў, прынамсі, несвоечасова выканала работы, вымушана была выплаціць грамадзянцы В. няўстойку і грашовую кампенсацыю маральнай шкоды – усяго 1600 рублёў.
Віктар НОВІК, суддзя суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль БЕНЗЯРУК
