Слаўся, зямлі нашай светлае імя!

У мінулую суботу ў нашай краіне адзначалася галоўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у якім зліліся ў адно цэлае святыя паняцці — Вызваленне, Перамога і Незалежнасць.
На Жабінкаўшчыне, як і ў іншых гарадах, свята пачалося з малітвы. Богаслужэнні “За Беларусь адзіную” аб’ядналі шматлікіх вернікаў, неабыякавых да будучыні Беларусі.
Затым святкаванне Дня Незалежнасці перамясцілася да помніка загінулым воінам і партызанам. Адкрываючы мітынг, кіраўнік раёна Віталь Кулак адзначыў:
— Нягледзячы на тое, што наша краіна зусім маладая, яна мае багатае гістарычнае мінулае. Мы, прадстаўнікі сучаснага пакалення, вызначылі наш уласны, нікім не навязаны вектар развіцця. Яшчэ ў 90-я шляхам народнага волевызначэння мы абралі шлях Беларусі з моцнай прэзідэнцкай уладай і стабільнасцю, тады ж пачалі адзначаць і Дзень нашай Рэспублікі — 3 ліпеня… Мы захавалі моцную сацыяльную дзяржаву, галоўная каштоўнасць якой людзі. Сёння ў нас ёсць тысяча прычын, каб любіць і ганарыцца сваёй Радзімай. І словы гімна “мы беларусы, мірныя людзі” могуць многа пра нас сказаць. На жаль, не ўсе сёння гатовы будаваць прапанаваную мадэль сацыяльнай прававой дзяржавы і рухацца ў адным накірунку разам. Аднак, упэўнены, што Год народнага адзінства стане адпраўной кропкай ў кансалідацыі нашага грамадства і рэалізацыі праграмы развіцця на бліжэйшую пяцігодку. Падмурак развіцця беларускай дзяржавы — адзінства. Стварайце, працуйце на дабрабыт роднай Беларусі!
Гулка адлічыў секунды метраном у памяць аб тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны абараніў ад фашызму нашу родную зямлю. Дата 3 ліпеня назаўжды ўвайшла ў гісторыю краіны залатой старонкай яе біяграфіі — гэта сімвал нацыянальнага яднання і агульнай адказнасці за сучаснае і будучае нашай сінявокай Беларусі.
“Разынка” мітынгу — шчымлівы напеў скрыпкі ў руках Алены Аўсяец, трапяткі танец дзяўчынак у беларускіх строях і белыя галубы — сімвалы міру, што ўзняліся разам з паветранымі шарамі высока ў неба. Услед ім ляцелі словы песні “Беларусы мы” ў выкананні Андрэя Войнаша, Ільі Учаева і Валерыя Няменьшага.
Адразу пасля мітынгу кіраўнік раённай арганізацыі БРСМ Кацярына Андрасюк прапанавала юнакам і дзяўчатам, што з карысцю праводзяць час у лагеры працы і адпачынку на базе першай гарадской школы, паўдзельнічаць у мазгавым штурме “Беларусь незалежная”. Падлеткі з задавальненнем адказвалі на пытанні рознай тэматыкі і складанасці. Першае месца заваявала каманда “Вясёлка”, другое — “Пераможцы”, а прыемныя ўражанні і падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі “штурму”.
На жаль, дождж не дазволіў правесці спаборніцтвы па пляжным валейболе, аднак ён не стаў перашкодай для асілкаў-жабінкаўцаў, што жадалі пахваліцца ўменнем паднімаць гіру. Два Анатолі — Касянкоў і Кузьміч, а таксама Максім Цяльпук і Яўген Кіслы выжымалі 24-кілаграмовую гіру. Найлепшы вынік паказаў Анатоль Касянкоў з камбікормавага завода — з вынікам 107 выжыманняў заняў ганаровае першае месца і атрымаў падарунак ад арганізатараў.
У гэты ж час на ганку дзіця-чай бібліятэкі юныя чытачы весела бавілі час: адгадвалі крыжаванкі, расфарбоўвалі размалёўкі і нават варажылі на… цукерках! Бібліятэкары змаглі ўзняць настрой у пахмурны дзень і прахожым, прапануючы паўдзельнічаць у літаратурнай віктарыне.
Калі надышоў час святочнага канцэрта “Пад мірным небам Беларусі”, дождж амаль перастаў. І гэта дадавала настрою ўсім жадаючым, што прыйшлі ў глядзельную залу, каб у чарговы раз паслухаць і пабачыць таленты зямлі жабінкаўскай. Вакалісты, танцоры і нават юныя каратысты паўтары гадзіны радавалі сваёй творчасцю. А адразу пасля выступленняў усіх чакаў сюрпрыз ад Таццяны Грыцук і юных танцорак з “Дараносіцы”: дзяўчаткі, а таксама ўдзельнікі калектыву “Спявай, душа!” правялі майстар-клас па народных танцах. Пад залівісты гармонік Андрэя Войнаша ногі самі пускаліся ў скокі! Народныя танцы прыйшліся даспадобы і зусім юным жыхарам райцэнтра, і прадстаўнікам старэйшага пакалення.
Прыемны падарунак жабін-каўцам падрыхтавалі ўдзельнікі музычнай кавер-групы “Музарт” з Брэста. У іх выкананні прагучала нямала песень на англійскай мове. Зусім маленькі перапынак — і зноў пад купалам Дома культуры зазвінела песня. На гэты раз — на роднай мове, знаёмая кожнаму грамадзяніну Беларусі. Словы гімна падхапілі гледачы, спевакі, што былі на сцэне, і ён прагучаў моцна і ўрачыста.
Літаральна праз дзесяць хвілін начное неба над гарадскім паркам расквецілі россыпы салюту. Завяршыла святочныя мерапрыемствы Дня Незалежнасці ў Жабінцы маладзёжная дыскатэка на танцпляцоўцы.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара