Сімвалы маёй краіны

10 мая краіна ў чарговы раз святкуе Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Сённяшнія сімвалы незалежнасці існуюць чвэрць веку. Яны зацверджаны паводле ўсенароднага рэферэндума, які адбыўся 14 мая 1995 года.
Зялёны контур Беларусі ў залатых промнях сонца над зямным шарам, а зверху — чырвоная зорка — гэта наш герб, які абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — ільну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой золатам напісана: “Рэспубліка Беларусь”.
Дзяржаўны сцяг, у сваю чаргу, — прамавугольнае палотнішча з гарызантальных палос чырвонага і зялёнага колераў. Каля дрэўка месціцца нацыянальны чырвоны арнамент на белым полі.
Усе выявы і колеры маюць глыбокі сэнс і даюць уяўленне пра нашу краіну і яе народ. Напярэдадні свята ёсць сэнс нагадаць, што азначае кожны знак герба і сцяга — сімвалаў беларускай дзяржаўнасці.
Контур межаў Беларусі сімвалізуе тэрытарыяльную цэласнасць і азначае, што дзяржава і яе грамадзяне не маюць патрэбы ў чужой зямлі, аднак гатовы аберагаць кожны кавалак сваёй.
Склад вянка ў гербе таксама невыпадковы. Усё тут сімвалізуе працу і багацце. Спрадвеку вянок быў узнагародай пераможцу, а яшчэ сімвалам памяці і сувязі пакаленняў.
Ніжэй контуру межаў краіны змешчаны зямны шар і ўзыход сонца. Зямны шар — знак таго, што Рэспубліка Беларусь адна з дзяржаў у свеце. Яна ўспрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў. Яднанне зямлі і сонца на гербе — галоўны знак жыцця, што адлюстроўваюць надзеі на росквіт Беларусі.
У верхняй частцы герба — пяці-канцовая чырвоная зорка — сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. Яна азначае гатоўнасць кожнага жыхара да абароны сваёй Радзімы.
Не менш сімвалічнымі лічацца колеры, ужытыя пры стварэнні герба і сцяга.
Чырвоны са старажытасці служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, брацтва, барацьбу, адначасова гэта знак шчаслівага жыцця.
Зялёны — колер прыроды, а таксама дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру.
Белы перш за ўсё азначае волю. Нездарма лічаць, што назва нашай краіны звязана з нязгаснай прагай народа да свабоды. Разам з тым гэта колер маральнай чысціні і мудрасці.
Чырвоны народны арнамент азначае працавітасць і майстэрства.
Такім чынам, сімвалы нашай краіны раскрываюць сябе як запамінальная кніга пра беларускі народ. У іх адлюстраваны асноўныя нацыянальныя духоўныя каштоўнасці: грамадзянскае адзінства, праца, міралюбнасць і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду.
У нашым паўсядзённым жыцці дзяржаўныя сімвалы маюць вельмі шырокае прымяненне, з іх дапамогай прынята прадстаўляць Беларусь у свеце.
Антон БЕРАСТОК