Нездарма лічба восем нагадвае знак бясконцасці і сімвалізуе багацце ды вечнае шчасце. Сапраўды вялікая радасць атрымала надзейную прапіску ў апошні веснавы месяц у васьмі жабінкаўскіх сем’ях, дзе ў маі прыйшлі на свет чаканыя немаўляткі.
Гэтыя дзеткі прынеслі шмат прыемных хвілін не толькі сваім бацькам, але і іншым жыхарам горада-спадарожніка. Бо Жабінцы для паспяховага развіцця вельмі патрэбныя новыя жыхары – будучыя стваральнікі і таленавітыя працаўнікі. А пакуль маленькая шчаслівая васьмёрка, што складаецца з чатырох хлопчыкаў і чатырох дзяўчынак, жвава падрастае ўсім на радасць.
Супрацоўнікі аддзела запісаў актаў грамадзянскага стану райвыканкама і рэдакцыі раённай газеты з вялікім задавальненнем віншуюць бацькоў новых жабінкаўскіх жыхароў.
Адзначым, што ніводнае з імёнаў, дадзеных бацькамі сваім дзецям у маі, не паўтараецца.
Вось як таты і мамы назвалі ў майскія дні сваіх маленькіх багатыроў: Давыд, Данііл, Іван і Мацвей. Усе з пералічаных імёнаў вельмі старажытныя, іх можна сустрэць на біблейскіх старонках.
Разам з тым чатыры нашы юныя веснавыя прынцэсы былі названыя Алісай і Валерыяй, Дар’яй і Евай. Апошняе імя, як вядома, азначае “жывая” або “тая, што дае жыццё”, і належала жонцы Адама – першай жанчыне, ад якой, паводле Старога Запавету, пайшоў увесь чалавечы род.
Наталля ВАРАТНІКОВА, начальнік Жабінкаўскага загса; Анатоль БЕНЗЯРУК
