СІЛА Ў АДЗІНСТВЕ. МІНСК

17 верасня наша краіна ўпершыню адзначыла Дзень народнага адзінства. Сапраўднай кульмінацыяй новага свята і ўрачыстасцяў, якія на працягу ўсяго дня праходзілі ва ўсіх кутках Беларусі, стаў форум патрыятычных сіл “Сімвал адзінства” ў “Мінск-Арэне”. У ім прыняў удзел кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Тысячы беларусаў з усіх куткоў краіны прыехалі ў сталіцу, каб павіншаваць адзін аднаго і раздзяліць радасць усебеларускага свята. Сярод іх — прадстаўнікі розных прафесій, сябры грамадскіх аб’яднанняў і проста неабыякавыя грамадзяне, для якіх словы “адзінства” і “незалежнасць”, “суверэнітэт” і “Радзіма” напоўнены самым глыбокім сэнсам. Жабінкаўшчыну на форуме прадстаўляла дэлегацыя з 45 чалавек.
Вельмі пранікнёным было выступленне Аляксандра ЛУКАШЭНКІ. “Сёння мы ўпершыню ў гісторыі нашай дзяржавы адзначаем новае свята Беларусі — Дзень народнага адзінства, — адзначыў Аляксандр Рыгоравіч. — Мы адраджаем тым самым традыцыю ўспамінаць падзею, якая вярнула ўсім нам разрэзаную па жывым родную зямлю”. Ён нагадаў, што ў далёкім 1939-м Беларусь уз’ядналася ў сваіх нацыянальных межах. “Стагоддзямі падзяляемы паміж княствамі, каралеўствамі і імперыямі народ упершыню атрымаў шанц пабудаваць уласную дзяржаву на сваёй гістарычнай зямлі. Гэта здарылася больш за 80 гадоў назад 17 верасня, — заўважыў кіраўнік краіны. — Што значыць гэты дзень для нас, сённяшніх пакаленняў? Гэта наша гістарычная памяць. Памяць, якая злучае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак”. Уся гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху Беларусі да набыцця і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала старажытную мудрасць, што сіла ў адзінстве, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Для ўдзельнікаў патрыятычнага форуму арганізатары падрыхтавалі грандыёзны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. У гэты святочны вечар са сцэны гучалі музыка і песні, пранізаныя любоўю да сваёй Айчыны, зямлі, на якой мы выраслі, гадуем сваіх дзяцей, да краю, які мы можам называць нашым! Выступленне кожнага артыста адлюстроўвала павагу да сваёй краіны, да нашых продкаў, няпростага шляху, які ім давялося прайсці, каб нам мець магчымасць жыць на незалежнай зямлі. У святочнай праграме было шмат яркіх, маляўнічых, кранальных нумароў. У гэты вечар на сцэну выходзілі папулярныя выканаўцы, заслужаныя і народныя артысты Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Руслан Аляхно, Юлія Быкава… Уразіла гледачоў і папуры “Моваю класікаў”: песні на творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Караткевіча і іншых беларускіх аўтараў.
Паміж выступленнямі артыстаў на сцэну паднімаліся нашы выдатныя суайчыннікі. Сярод іх была дынастыя педагогаў, якая ў суме працягвае прафесійную традыцыю ўжо больш за 600 гадоў. Вітала зала і маладую сям’ю, якая ўтварылася і выхоўвае дзяцей у суверэннай Беларусі, і таленавітых хлопчыкаў ды дзяўчынак — пераможцаў конкурсаў рознага ўзроўню.
Стоячы віталі госці форуму бізнесмена, спартсмена-паралімпійца Аляксея Талая. Яго гарачае і шчырае выступленне ў многіх выклікала слёзы. Сапраўдным сюрпрызам стала і відэавіншаванне з космасу ад беларускага касманаўта Алега Навіцкага.
Відовішчнай часткай канцэрту стала прыбыццё на аўтамабілях удзельнікаў маштабнага рэспубліканскага аўта-прабегу “Сімвал адзінства”. Яго арга-нізатарам выступіла рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі”. Яны праехалі па ўсёй краіне і прывезлі ў сталіцу мяшэчкі са збожжам сёлетняга ўраджаю з усіх куткоў Беларусі.
Фінальнай кропкай шыкоўнага дзейства стала выкананне артыстамі песні, напісанай беларускім кампазітарам Яўгенам Алейнікам “Любімую не аддаюць”, і дзяржаўнага гімна ў новай, сучаснай музычнай апрацоўцы, які зала спявала стоячы.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

 

БЯРОЗА. Пасля рэканструкцыі адкрыты мемарыял на месцы былога канцэнтрацыйнага лагера “Бяроза-Картузская”, які дзейнічаў з 1934-га па 1939 год. Адкрылі памятны знак старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка і сын вязня гэтай сумнай мясціны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Труцько.
Юрый ШУЛЕЙКА адзначыў:
— Сімвалічна, что ў Дзень народнага адзінства мы знаходзімся на бярозаўскай зямлі. Яна шматпакутная, як і ўся Беларусь… Пра даўніну нагадваюць руіны картэзіянскага манастыра. Ушаноўваецца памяць воінаў сусветнай вайны, якія знайшлі тут свой апошні прытулак. Незагойная рана — Бронная гара, дзе фашысты знішчылі больш за 55 тысяч чалавек. Яшчэ адна трагічная старонка гісторыі Бярозы — гэта канцлагер “Бяроза-Картузская”. Часці Чырвонай Арміі вызвалілі тэрыторыі Заходняй Беларусі і ўз’ядналі народ, які шмат гадоў знаходзіўся пад прыгнётам. Хто ведае, колькі яшчэ лёсаў было б тут пакалечана, аднак 17 верасня 1939 года спыніліся здзекі і пакуты, а лагер — сваё існаванне. Рэканструяваны помнік у памяць беларусаў, што пацярпелі ад польскай акупацыі. Наш абавязак не толькі перад імі, але перад усімі, хто на розных этапах гісторыі змагаўся за права беларусаў быць нацыяй, заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі, будаваць гарады і вёскі, гадаваць дзяцей, упэўнена глядзець у будучыню… Трагічныя падзеі не павінны паўтарыцца. Наша сіла — у адзінстве. І мы захаваем Беларусь моцнай і незалежнай!
Пасля адкрыцця мемарыяла і ўскладання кветак да памятнага знака прысутныя наведалі часовую музейную экспазіцыю “Канцлагер «Бяроза-Картузская»”, што размясцілася ў будынку Чырвоных казармаў.
Затым святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, перамясціліся на гарадскую плошчу. Тут працавалі забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей, Горад майстроў, гандлёвыя рады. А ў восем гадзін вечара на галоўнай плошчы ўвагу жыхароў і гасцей Бярозы прыцягнулі артысты, якія завіталі сюды з усёй Брэстчыны. Упрыгожылі святочны канцэрт і жабінкаўцы. Праз усе музычныя нумары чырвонай ніццю праходзіла тэма яднання.
Завяршылася свята салютам, што рас-квеціў неба ў чырвона-зялёныя колеры.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара