Пасля рэканструкцыі адкрыты мемарыял на месцы былога канцэнтрацыйнага лагера “Бяроза-Картузская”, які дзейнічаў з 1934-га па 1939 год. Адкрылі памятны знак старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка і сын вязня гэтай сумнай мясціны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Труцько.
Юрый ШУЛЕЙКА адзначыў:
— Сімвалічна, что ў Дзень народнага адзінства мы знаходзімся на бярозаўскай зямлі. Яна шматпакутная, як і ўся Беларусь… Пра даўніну нагадваюць руіны картэзіянскага манастыра. Ушаноўваецца памяць воінаў сусветнай вайны, якія знайшлі тут свой апошні прытулак. Незагойная рана — Бронная гара, дзе фашысты знішчылі больш за 55 тысяч чалавек. Яшчэ адна трагічная старонка гісторыі Бярозы — гэта канцлагер “Бяроза-Картузская”. Часці Чырвонай Арміі вызвалілі тэрыторыі Заходняй Беларусі і ўз’ядналі народ, які шмат гадоў знаходзіўся пад прыгнётам. Хто ведае, колькі яшчэ лёсаў было б тут пакалечана, аднак 17 верасня 1939 года спыніліся здзекі і пакуты, а лагер — сваё існаванне. Рэканструяваны помнік у памяць беларусаў, што пацярпелі ад польскай акупацыі. Наш абавязак не толькі перад імі, але перад усімі, хто на розных этапах гісторыі змагаўся за права беларусаў быць нацыяй, заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі, будаваць гарады і вёскі, гадаваць дзяцей, упэўнена глядзець у будучыню… Трагічныя падзеі не павінны паўтарыцца. Наша сіла — у адзінстве. І мы захаваем Беларусь моцнай і незалежнай!
Пасля адкрыцця мемарыяла і ўскладання кветак да памятнага знака прысутныя наведалі часовую музейную экспазіцыю “Канцлагер «Бяроза-Картузская»”, што размясцілася ў будынку Чырвоных казармаў.
Затым святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства, перамясціліся на гарадскую плошчу. Тут працавалі забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей, Горад майстроў, гандлёвыя рады. А ў восем гадзін вечара на галоўнай плошчы ўвагу жыхароў і гасцей Бярозы прыцягнулі артысты, якія завіталі сюды з усёй Брэстчыны. Упрыгожылі святочны канцэрт і жабінкаўцы. Праз усе музычныя нумары чырвонай ніццю праходзіла тэма яднання.
Завяршылася свята салютам, што расквеціў неба ў чырвона-зялёныя колеры.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

