21 ліпеня 1944 года — дата, якая назаўжды ўвайшла ў гісторыю Жабінкі: менавіта ў гэты дзень 77 гадоў таму наш горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
Жабінкаўшчыну вызвалілі войскі І-га Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Канстанціна Ракасоўскага падчас наступальнай Люблін-Брэсцкай аперацыі. Напружаныя кровапралітныя баі за Жабінку працягваліся амаль чацвёра сутак, а непасрэдна мястэчка і чыгуначная станцыя былі ачышчаны ад ворага да вечара 21 ліпеня.
У баях за вызваленне Жабінкі салдаты і афіцэры праявілі мужнасць і адвагу. Каля трыццаці чалавек былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сотні савецкіх воінаў і партызан засталіся навекі ляжаць у жабінкаўскай зямлі. Аднак яны назаўжды з намі ў памяці народнай.
Схіліць галовы перад велічнасцю подзвігу нашых салдат і ўшанаваць хвілінай маўчання памяць усіх, хто вызваляў Жабінкаўшчыну ад “карычневай чумы”, сабраліся ў сераду ля помніка на вуліцы Міру прадстаўнікі працоўных калектываў. Адкрываючы мітынг, старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк адзначыў:
— Свабода дасталася нам вельмі дорага. Мы з глыбокай удзячнасцю ўзгадваем тых, хто адстаяў нашу зямлю і яе незалежнасць. Гераізм і стойкасць франтавікоў, працаўнікоў тылу, усіх, хто адбудоўваў Жабінку ў суровыя пасляваенныя гады, жыве ў нашых сэрцах. Няхай гэты дзень — 21 ліпеня — назаўжды будзе святам гонару за Жабінкаўшчыну і нашых землякоў!
— Гэтае месца — лепшы ўрок патрыятызму, — сказаў сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі Сергій Петрусевіч. — Гэтыя захаванні нагадваюць нам пра тое, што ўдзячнасць павінна быць сэнсам нашага жыцця, ёй не вучаць — яна нараджаецца ў сэрцы. Сёння асаблівы дзень — Дзень памяці іконы Божай маці Казанскай. Мы бачым клопат Багародзіцы — менавіта ў гэты дзень яна даравала нашаму краю Перамогу. Будзем памятаць пра гэта, супастаўляць духоўнае і матэрыяльнае і ў гэтай гармоніі будаваць свае жыццё.
У памяць аб тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, заваёўваў мір і свабоду для сваёй малой радзімы, Анатоль Шалтанюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, намеснік кіраўніка раёна Іна Тарасевіч і айцец Сергій Петрусевіч пасадзілі дзве бярозкі. Чорную — як сімвал болю і смутку народнага — і белую — як сімвал міру і новага мірнага жыцця. Гэтыя дрэўцы і гэты дзень заўжды будуць нагадваць пра вялікі подзвіг беларускага народа, патрыятызм і працу тых, хто ствараў незалежную і квітнеючую будучыню нашай Радзімы.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

