Што значыць слова “генацыд”?

Адказ на гэтае пытанне разам з жабінкаўскімі ліцэістамі шукаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргей ЖУК.

Сустрэча ў сценах ліцэя, як адзначыла дырэктар установы Ганна КУЛАГІНА, была прымеркавана да Міжнароднага дня памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджвання гэтага злачынства. Сяргей Аляксандравіч у даходлівай форме, дэманструючы відэаслайды, распавёў пра значэнне тэрміну, які амаль 90 гадоў назад увёў у карыстанне нараджэнец Беларусі, польскі юрыст Рафаэль ЛЕМКІН. Дакладчык расказаў пра розныя формы генацыду, якімі карысталіся заваёўнікі, прадэманстраваў сучасную карту, дзе пазначаны тысячы беларускіх паселішчаў знішчаных і разрабаваных падчас акупацыі. На прыкладзе вёскі Лахва, дзе нядаўна пры садзейнічанні пракуратуры было адкрыта месца масавага знішчэння мірнага насельніцтва, Сяргей Жук яскрава прадэманстраваў узровень злачынстваў, здзейсненых на нашай зямлі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, сёлета на месцы трагедыі здымалася дакументальная кінастужка, прысвечаная 80-годдзю гэтай падзеі. У здымках паўдзельнічалі вучні з Лунінца. Сучасныя падлеткі змаглі даведацца, наколькі бязмежным быў узровень нечалавечай лютасці, якую праяўлялі карнікі ў адносінах да мірных людзей.
Расповед Сяргея Жука дапоўніў спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Яўген ЛАЎЦОЎ. Ён прывёў прыклады генацыду, які ажыццяўлялі акупанты на жабінкаўскай зямлі. Прынамсі, нельга было з гэтай нагоды абысці лёс вёскі Драмлёва, спаленай разам з жыхарамі 11 верасня 1942 года. Разам з тым, жабінкаўцы літаральна з першых гадзін ліхалецця дэманстравалі свой супраціў ворагу. Нездарма ўжо на трэці дзень вайны ў Старасельскім лесе быў створаны атрад, які пазней атрымаў імя легендарнага партызанскага разведчыка Міхаіла ЧАРНАКА. Налетась спаўняецца 80 гадоў з дня смерці Міхаіла Мікітавіча. Гэта бясспрэчна стане нагодай часцей згадваць пра Чарнака і чарнакоўцаў у музейных залах, школьных аўдыторыях і на старонках раённай, абласной і рэспубліканскай прэсы. Прыемна, што ліцэісты ўжо сёння ведаюць пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай.
Хвалюючымі заключнымі акордамі сустрэчы сталі хвіліна маўчання, абвешчаная ў памяць аб ахвярах генацыду, і словы Ганны Кулагінай:
— Галоўнае, што ёсць мір у нашай цудоўнай краіне.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара