Гераіня “Жаночай альтанкі” адпавядае свайму прыгожаму кветкаваму імені: Лілія АПАНАСЕВІЧ абаяльная жанчына, майстрыха на ўсе рукі, прафесіянал бухгалтарскай справы. А яшчэ яна любячая жонка, клапатлівая маці і цудоўная гаспадыня. Адным словам, пашанцавала і мужу Уладзіміру, і дзецям Дар’і ды Ільі, і калектыву Жабінкаўскай ПМК-10, дзе Лілія Апанасевіч рупіцца ўжо два дзясяткі гадоў галоўным бухгалтарам.
“Лічбы — маё жыццё”
16 лістапада роднаму прадпрыемству споўнілася 55 гадоў, і само сабой размову Лілія Антонаўна пачала з просьбы павіншаваць праз раёнку ўвесь калектыў ПМК — зла-джаны, прафесійны, дружны — і пажадаць калегам здароўя, дабрабыту ды поспехаў. Прыгадала, як пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі па спецыяльнасці “эканоміка і ўлік у будаўніцтве” прыйшла на працу ў Жабінкаўскую ПМК-10, затым рупілася ў гаргазе, а потым ізноў вярнулася ў родную арганізацыю. Цёплымі, добрымі словамі галоўны бухгалтар успомніла сваіх былых кіраўнікоў: Пятра МАСАЛЬСКАГА, Анатоля
БАКЕЯ, Мікалая ШПАКОЎСКАГА і сваю папярэдніцу Дану КРОТ. Удзячна Лілія Апанасевіч і сённяшняму начальніку Аляксандру ЯКІМУКУ за ўмелае кіраўніцтва калектывам жабінкаўскіх будаўнікоў. Зараз яны ўзводзяць шматпавярховы дом у райцэнтры і доўгачаканы яслі-сад, дораць жабінкаўцам надзею на ўласныя квадратныя метры.
— Лічбы — маё жыццё, — сцвярджае Лілія Антонаўна, якая кіруе бухгалтэрыяй прадпрыемства, налічвае заработную плату 180 работнікам, зводзіць балансы і дэбеты-крэдзіты.
Яе верныя памочніцы — бухгалтары Валянціна ПАЎЛЮКАВЕЦ, Дзіяна ЗАНЬКО і Таццяна МАКАРЭВІЧ. Яны, а таксама прафсаюзны лідар Людміла ШЫКУТА сцвярджаюць: галоўны бухгалтар — галоўная жанчына на прадпрыемстве. Яна адказная, актыўная, ініцыятыўная, выслухае і дасць параду.
Хобі ўсіх і не злічыць
А захапленняў, акрамя “сухіх” лічбаў, у Ліліі Апанасевіч столькі, што, як у небе зорак, іх цяжка палічыць. Наша гераіня з задавальненнем чытае (асабліва рускую класіку), малюе, вышывае стужкамі, вяжа, шые. Захапляецца гісторыяй і археалогіяй, духоўным развіццём. А гатуе так, што паль-чыкі абліжаш! Госці на выдатна ацэньваюць пірагі і піражкі з рознымі на-чынкамі ды ўсялякую ін-шую смакату, прыгатаваную руплівай гаспадыняй. Дом Апанасевічаў патанае вясной і летам у кветках, сярод якіх, упэўнена, ёсць і лілеі.
— Карысна пераключацца з разумовай працы на фізічную, — кажа Лілія Антонаўна. — А дапамагае мне ў гэтым агарод. Мае бацькі, тата Антон Мартынавіч і мама Антаніна Іванаўна, выхоўвалі ў нас любоў да працы, да Радзімы, павагу да старэйшых, вучылі, што нельга падманваць, красці, крыўдзіць слабейшых.
Зняць стому пасля працоўнага дня нашай гераіні дапамагае стварэнне карцін, а таксама хатнія
любімцы: кот ды сабака, якія дораць гаспадыні сваю дружбу і ласку.
Лілія Апанасевіч вельмі любіць падарожнічаць. Казахстан, Крым, Каўказ, шматлікія расійскія гарады — далёка не поўны спіс мясцін, што скарылі яе сэрца. Ліліі Антонаўне даспадобы пах і атмасфера цягнікоў.
— Я шчаслівы чалавек, — прызнаецца жанчына. — Маю любімую работу, дзеці ўжо дарослыя — уладкаваліся ў жыцці. А самае галоўнае: мяне заўсёды акружалі харошыя людзі.
Дый сама Лілія Апанасевіч светлы, добразычлівы чалавек, прыемная суразмоўніца, якая шчодра дзеліцца сваёй энергетыкай з тымі, хто побач, і лічыць, што кожны, хто сустракаецца на тваім шляху, нечаму вучыць, дорыць неацэнны вопыт.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
На здымках: Лілія АПАНАСЕВІЧ і яе работы.
