На нядаўнім восеньскім Пакроўскім кірмашы свае паслугі прапаноўвалі валанцёры з атрада “Добрае сэрца”, які з 2015 года ўзначальвае педагог-арганізатар першай гарадской школы Яўгенія ДЗЕМІДЗЮК.
Сёння ў атрадзе 16 вучняў 14-17 гадоў. Яны актыўна ўдзельнічаюць у раённых і гарадскіх акцыях і праектах.
— Галоўныя накірункі нашай дзейнасці, — расказвае Яўгенія Юр’еўна, — патрыятычнае, экалагічнае, дабрачыннае, маральнае, ідэалагічнае выхаванне. Актыўна супрацоўнічаем з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа і РАНС, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і карэкцыйным цэнтрам.
У “Добрага сэрца” ёсць свая разыначка: традыцыйна валанцёры з СШ № 1 праводзяць дабрачынную акцыю “Дапаможам братам нашым меншым”. Падчас яе юнакі і дзяўчаты збіраюць кармы, медыкаменты ды іншае для сабак і кошак. Такое, на жаль, здараецца, што хатнія любімцы бываюць пазбаўлены чалавечай пяшчоты і трапляюць у прытулкі. Літаральна ўсёй школай збіраюць для іх падарункі, а затым валанцёры асабіста перадаюць іх на патрэбы ў Брэсцкі прытулак “Дабрыня” або ў Кобрын, дзе дзейнічае прытулак з красамоўнай назвай “SOS”. Апошняя па часе такая акцыя адбылася 9 кастрычніка.
А калі ў Жабінцы адбываюцца традыцыйныя Пакроўскія кірмашы, валанцёры таксама ў густэчы падзей. Прычым дапамагаюць (і не толькі ў дзень кірмашу) пажылым людзям, якія засталіся адныя. Здаецца, справы звычаёвыя, але надзвычай важныя. Ускапаць агарод, перанесці брыкет, навесці парадак у двары — усё людзям у залатым узросце ў радасць. Так, шмат добрых спраў на рахунку “Добрага сэрца”, у тым ліку дастаўка пакетаў з прадуктамі, падрыхтаванымі цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання падчас пандэміі.
Вельмі важна, што ў першай гарадской не забываюцца аб колішніх настаўніках, якія ўжо, на жаль, пайшлі ў іншы свет. Калі іх магілы патрабуюць чысціні, валанцёры гэта робяць абавязкова ў пачатку і канцы навучальнага года. Нагадаем прозвішчы педагогаў, за пахаваннямі якіх наглядаюць юнакі і дзяўчаты. Гэта Зоя Іосіфаўна Маісейка і Міхаіл Паўлавіч Карнееў.
Найбольш актыўнымі ў справах “Добрага сэрца” з’яўляюцца Кацярына і Аляксандр ФУНЦЯЕВЫ, Юлія КІСЯЛЕВІЧ і Ганна ХАЛІМАН, Лідзія ЛЫСЕНКА і Ганна СВІЦІЧ, Уладзіслаў БАРДУН і Данііл КУЛІК (на здымку) ды іншыя. Кожны з актывістаў мае асабістую “Кніжку валанцёра”, дзе пазначаецца ўдзел у найбольш важных акцыях.
За сваю дзейнасць атрад і яго кіраўнік штогод атрымліваюць уганараванні. Ёсць у іх “скарбонцы” граматы і дыпломы ад райкама БРСМ. Акрамя таго, мінулагодняя выпускніца школы Ганна ШЧЭРБІН атрымала ў свой час Ліст падзякі ад абласнога кіраўніцтва гэтай моладзевай арганізацыі.
Гавораць, добрых спраў шмат не бывае, а сэрцы, напоўненыя дабрынёй, імкнуцца да такіх спраў.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Главные новости
