У старажытнасці лічылі, што ўсе дарогі вядуць у Рым, дзе знаходзіўся цэнтр высокай культуры. А зараз без перабольшвання скажам: каб дакрануцца да сапраўднай рукатворнай народнай прыгажосці, патрэбна наведаць Жабінку, а менавіта – раённы цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі. Тут удзельнікі праекта “Незабытая спадына” сустрэліся з Таісіяй Журомскай, пабачылі шматлікія таленавітыя работы прызнанай майстрыхі і яе навучэнцаў.
Заўважаць і паважаць
Дырэктар установы Галіна Іванова ў захапленні ад сваіх педагогаў, бо кожны з іх мае іскрынку натхнення, здольную распаліць агмень творчасці ў жабінкаўскіх дзецях.
– Такіх людзей патрэбна заўважаць і паважаць, – пераканана сцвярджае Галіна Іванаўна. – Іх майстэрства неацэннае, як вузельчыкі, што яднаюць мінулае з будучыняй. Калі згадваць тых, хто непасрэдна развівае творчасць, знітаваную з народнай спадчынай, і навучае гэтаму дзетак, дык перш-наперш назаву Тамару Казлову і Ірыну Коваль, што займаюцца саломкай. Вольга Кіслая – сапраўдны выдатны майстар у выцінанцы, займаецца вырабамі, якімі спрадвеку нашы продкі ўпрыгожвалі дамы. Святлана Постнікава і Наталля Уласюк пакрысе адраджаюць даволі забыты від мастацтва маляванкі. А вось Таісія Журомская, з якой хутка сустрэнецеся, мае цэлы букет разнастайных талентаў, а галоўнае – падзякі ад дзяцей і іх бацькоў.

Спатканне з Таісіяй Уладзіміраўнай адбылося ў кабінеце, які нагадваў музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут яна гаспадарыць падчас заняткаў. Тут паўсюль вынікі працы таленавітага педагога і яе навучэнцаў.
У жанчыны з маленства была мара адшукаць шляхі, якія вядуць у прыгажосць. І ўсё, што загадвала калісь, здарылася, таму яна сцвярджае:
– Я атрымала нават больш, чым марыла. Адбылося гэта ў нашым цэнтры, куды прыйшла працаваць вясной 2009 года, дзе, можна сказаць, знайшла сябе ў справах і дзецях. Глядзіце, як шмат за гэты час зроблена! Задумкі яшчэ далёка не вычарпаны, будзем жыць і тварыць!
Жыць і тварыць. Адкуль вытокі?
Нельга было не спытацца, калі ж Таісія Журомская адчула патрэбу ў творчасці, ці атрымлівае яна сілы ды асалоду ад справы, якой прысвяціла жыццё.
– Майстравому чалавеку кожны дзень трэба папаўняць веды, – пераканана суразмоўніца. – Займацца любімай справай неабходна ўжо з маленства, а затым не пакідаць захаплення ў дарослым жыцці, да самай старасці. Таму яна запрасіла, калі будзе час, далучацца да заняткаў, якія, нібыта народныя лекі, лечаць, а не калечаць. А затым расказала пра свой шлях у прыгажосць.
Першай дарогу для ўнучкі прадвызначыла бабуля Ганна Канючка. Можна было падоўгу назіраць, як працуюць рукі Ганны Фамінічны, а затым спрабаваць паўтараць за ёю жвавыя рухі, пасля якіх нараджалася хараство. Таісіі майстаравітая жанчына ахвотна тлумачыла, чаму была здатная да многіх спраў. Бабуля прыйшла на свет у вялікай сям’і. Час настаў неспакойны, вогненны, поўны выпрабаванняў. А таму дзяўчаты той пары павінны былі ўсяму навучыцца перад тым, як замуж пайсці. А затым – сям’ю на плячах трымаць. Створанае рукамі Ганны Фамінічны і вясковую хату ўпрыгожвала, і апранала дзяцей ад верхавіны да пятак, або ад шапачкі да шкарпэтак. Як звычайна ў жыцці бывае, свае навыкі і любоў да ўсяго народнага бабуля перадала дачцэ Вользе, маці нашай гераіні. Вольга Фёдараўна і ў 75 гадоў майстрыха, здольная сваімі вырабамі кожнага захапіць і здзівіць.
– Яна ў нас не сядзіць без справы, – гаворыць дачка. – Найбольш ёй падабаецца спрытна вязаць кручком. Нездарма мае рукі залатыя, усім унукам да зімы шкарпэткі зробіць, каб у маразы ногі не змарозілі.
Гэтую чалавечую цеплыню, уласцівую Вользе Фёдараўне, і яе жаданне ўвесь час нешта ствараць атрымалі ў спадчыну дзеці. Усе пяцёра – таленавітыя, кожны мае свае прыхільнасці. Таісія Журомская крыху расказала пра братоў і сясцёр ды іх захапленні.
Найстарэйшы Уладзімір абрабляе дрэва, стварае карнізы, дашчэчкі для кухні, шафы ды этажэркі – адным словам, усё, што патрэбна дбайнаму гаспадару, каб дом напоўніўся ўтульнасцю. Віктар, хоць і не працуе на творчай ніве, аднак вельмі любіць усё жывое, для яго з самага маленства блізкі навакольны свет, таму і працу выбраў па душы – стаў ветэрынарам. Сястра Людміла надзвычай прыгожа вяжа кручком. У гэтым яна мае падабенства з бабуляй. З-пад яе рук хутка выходзяць панамкі, шалікі, абрусы, ходнічкі, здольныя чалавека прывесці да сямейнага шчасця. А Ганна раней да многага роднага-народнага мела дачыненне. Цяпер яе прыхільнасці падхапілі тры дачкі. Ірына – сапраўдны майстар-кулінар. Яе торты хваліць кожны, каму пашчасціла паспытаць гэту смакату. Ксенія вельмі прыгожа малюе, нараджае чароўныя гукі на фартэпіяна, акардэоне і гітары. А наймалодшая з сясцёр Соф’я стварае вырабы з бісеру і сінільнага дроту. Дзяўчына ганарыцца дыпломамі, атрыманымі на конкурсах “Жывая стужка традыцый”, “Усе дзеці таленавітыя”, “Калядная зорка”, стала пераможцай творчага спаборніцтва “Жывыя старонкі роднага краю”. Развіццю свайго таленту Соф’я абавязана ў тым ліку і цёці Таісіі, да якой не адзін год хадзіла на заняткі гуртка.

У багатым свеце мастацтва
Увогуле, Таісія Уладзіміраўна вядзе два аматарскія аб’яднанні для юных жабінкаўцаў, дзе адкрывае перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі багаты свет мастацтва. Заўважым: педагог – чалавек патрабавальны, заўсёды сочыць, каб вучні ўтрымлівалі парадак на занятках, паважалі працу сваю і іншых. Нагадвае, што будынак, куды яны прыходзяць, гістарычны – налічвае роўна сто гадоў. Таму яго патрэбна зберагаць як каштоўную спадчыну.
Першае аб’яднанне – “Паслухмяныя вузельчыкі”. Яны становяцца такімі, паслухмянымі, у дзіцячых руках. Юныя выхаванцы жадаюць навучыцца ствараць шэдэўры з бісеру і макрамэ, і ў гэтым ім ахвотна дапамагае вопытны педагог. А вось удзельнікі гуртка “Чараўнікі” займаюцца яшчэ і кройкай ды шыццём, паглыблена і займальна вывучаюць ляльку-мотанку, што прыйшла да нас з даўніх часоў.
– Сумесна з настаўніцай гісторыі гарадскога ліцэя Элінай Уладзіміраўнай Чарнецкай мы стварылі дзве даследчыя работы, – з гонарам трымае “справаздачу” Таісія Журомская. – Першая з іх – “Шытыя і нітачныя лялькі: значэнне і роля ў народнай культуры славян”. Работа мела не толькі тэарэтычную, але і практычную частку ў выглядзе “Календара народнай лялькі”. На кожны месяц вырабілі асобную ляльку-абярэг. Прычым захоўвалі даўнія тэхналогіі і апісалі, чаму абярэг уласцівы ў народзе таму ці іншаму месяцу. Прыкладам, для снежня была зроблена лялька “Разумнік”, бо раней вучыцца пачыналі пасля заканчэння ўсіх спраў у полі. Тады і дзеці маглі нарэшце пайсці ў школу, а матулі рабілі “Разумнікаў”, каб іх дзеткам лягчэй было вучыцца. За гэтую работу ліцэістка Паліна Андрасюк атрымала ад Савета маладых вучоных Акадэміі навук сертыфікат удзельніка рэспубліканскай канферэнцыі “Першы крок у навуку”. Да слова, гэтая сур’ёзная ўзнагарода дапамагла дзяўчыне пры паступленні ў ВНУ.
А вось падчас стварэння другой навукова-практычнай работы, якая стала лаўрэатам спаборніцтва па краязнаўстве ў горадзе над Бугам, выхаванцы Таісіі Уладзіміраўны вывучалі народныя строі роднай Жабінкаўшчыны, прынамсі, звярталіся да своеасаблівай вышыўкі наборам. Ліцэіст Мікалай Прэдка атрымаў другое месца ў абласным конкурсе. Гэтая вельмі цікавая работа “На скрыжаванні шляхоў” па-сапраўднаму захапіла юнака і яго выкладчыкаў.
Усе гады, прысвечаныя працы ў цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі, Таісія Журомская жыве ў атмасферы народнай творчасці, якая даспадобы людзям розных узростаў. Яна стварае стыльныя крэатыўныя рэчы, у якіх адчуваецца разыначка, прыдбаная ад продкаў.

Майстрыха стала аўтарам арыгінальнай калекцыі ўпрыгожванняў з бісеру “Арнамент як казка твая, Беларусь!” Калі жанчына перамагла ў конкурсе “Brest junior fashion”, яе запрасілі правесці для калег майстар-клас у абласным цэнтры творчасці. Вырабы залатых рук Таісіі Журомскай выклікалі сапраўдны фурор.
Свой поспех Таісія Уладзіміраўна паўтарыла і сёлета, стварыўшы калекцыю “Ніткі часу”, у якой нібыта звязала мінулае, што захоўвае памяць аб нашых працавітых бабулечках, з сучасным ультрамодным векам. Атрымалася надзвычай стыльна, гожа, нават чароўна! У калекцыі былі завушніцы, вяночкі, розныя аксесуары, што ўпрыгожвалі сапраўды непаўторныя спадніцы, зробленыя майстравітымі рукамі ў тэхніцы макрамэ. Нельга было вачэй адвесці ад дзяўчынак з Жабінкі, што дэманстравалі строі ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Асобную зацікаўленасць выклікалі хлопцы, якія выходзілі на подыум у туніках і кепках, таксама створаных у гэтай тэхніцы. Раней такога дакладна ніхто не рабіў. Пагэтаму і ўзнагарода не прымусіла сябе чакаць. Сярод 26 калекцый, вылучаных на конкурс, жабінкаўцы занялі трэцяе месца і вярнуліся дамоў з заслужаным дыпломам і выдатным настроем. А яшчэ – з жаданнем тварыць далей і несці ў свет прыгажосць.

Акрамя таго, сёлета Таісія Журомская паўдзельнічала ў спаборніцтве “Настаўнік года”, дзе годна прадставіла сваю навучальную установу, парадавала рэчамі, створанымі ўласнымі рукамі, усю педагагічную сябрыну.
Нашу гераіню нездарма любяць дзеці і паважаюць калегі за дабрыню сэрца і ўмелыя ручкі. Бывае, што яна праводзіць заняткі сваіх выхаванцаў разам з бацькамі. Цікава назіраць, як у агульнай справе бліжэй становяцца сем’і, а маленькія вучаць дарослых таму, што самі набылі ад настаўніцы.
Яна, у сваю чаргу, заўважае:
– Вельмі цешыць, калі дзеці ўжо з першых заняткаў паказваюць здольнасці да творчасці. Хочацца іх падтрымаць, руку працягнуць. Напрыклад, Віка Кузнец займаецца толькі першы год, а ўжо спляла такую семіколерную кветачку, што мы накіравалі яе на міжнародны конкурс “Казка нас кліча”. І да дзяўчынкі прыйшло першае прызнанне – яе кветка адзначана сярод дзвюх тысяч работ з розных краін! Альбо прыйшоў да нас сёлета вучань са школы-інтэрната Назар Варабей. Ён старанны хлопчык, робіць цікавыя рэчы. Нават для бацькі сплёў птушку-верабейчыка. Гэта такі прыемны і жартаўлівы падаранук тату Вараб’ю.
Захацелася спытацца:
– А хто-небудзь з вашых уласных дзяцей падхапіў, так бы мовіць, нітачку з іголачкай з матуліных рук? Ці ёсць у іх працяг вашаму захапленню, што стала прафесіяй?
– Сярэдняя дачка Лена ўмее вязаць кручком, а на Новы год зрабіла цацкі на ялінку ў тэхніцы макрамэ, – адказала Таісія Уладзіміраўна. – Яе сястра Таня – дызайнер, схіляецца да бісерапляцення. Сяброўцы на дзень нараджэння зрабіла эксклюзіўную торбачку. А яшчэ мне вельмі пашчасціла з нявесткай (таксама Таццянай). Мала таго, што ў нас дзень нараджэння агульны, дык і захапленні падобныя. Яна і пляце з бісеру, і вяжа кручком, і малюе выдатна. Верым, што і ўнучка-першакласніца Вера, як падрасце, далучыцца да сямейнага майстэрства, атрыманага ў спадчыну праз некалькі пакаленняў.
Традыцыйна пацікавіліся ў стваральніцы ўсяго прыгожага, што яна хоча пажадаць прадстаўніцам прыгожага полу ў Год беларускай жанчыны. З адказам Таісія Журомская не вагалася нават імгнення і пажадала ўсім моцнага здароўя, вялікага дабрабыту і звычайнага чалавечага шчасця.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
