Восенню 1944-га васемнаццаці-гадовы Ярас Казачэнка прыбыў з вёскі Смалегаў, што на Гомельшчыне, на прызыўны пункт у Нароўлю. З раённага цэнтра навабранцаў павезлі ў Калужскую вобласць у горад Казельск. Тут пехацінцы прайшлі курс маладога байца, атрымалі пэўныя навыкі, пасля чаго іх накіравалі на Кёнігсберг. Дайсці да яго не атрымалася: да горада заставалася ўсяго 60 кіламетраў, калі часць разбілі. Салдаты трапілі пад моцны абстрэл, а калі ён закончыўся, Ярасу падалося, што з усіх байцоў у жывых застаўся толькі ён адзін. Тых, хто ўцалеў, адвялі ад перадавой, і цяпер іх баявой задачай было абясшкоджванне палёў і іншых тэрыторый ад мін. Гэта быў сапёрны батальён. За выкананнем чарговай задачы прама тут, на мінным полі, застала сапёраў доўгачаканая вестка. Усіх сабралі на мітынг і аб’явілі: “Перамога!” Лепшай навіны і быць не магло! Усе сталі абдымацца і віншаваць адзін аднаго. Радаваліся, адначасова смяяліся і плакалі…
Вайна скончылася, але не для радавога Казачэнкі. Ён прымаў удзел у савецка-японскай вайне, якая доўжылася са жніўня па верасень 1945-га. У складзе санітарнага батальёна быў санітарам. Другая сусветная вайна завяршылася капітуляцыяй Японіі. Пасля яе далейшая служба Яраса Пятровіча праходзіла ў Кітаі, дзе ён знаходзіўся да 1951 года. Быў пісарам роты, кладаўшчыком, загадчыкам складоў. Тут яму прысвоілі званне сяржанта.
19 жніўня таго ж года Ярас Казачэнка вярнуўся ў сваю родную вёску. Працоўнае жыццё было звязана з калгасам, а потым саўгасам “Нараўлянскі”. Разам з жонкай Алімпіядай нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Так і жылі б і шчыравалі на сваёй малой радзіме, калі б не чарнобыльская бяда. За дочкамі, якія пераехалі ў 1992-м у Азяты, праз год паехалі і бацькі. Спачатку сумавалі па родных мясцінах, але прыжыліся тут, прызвычаіліся, з цягам часу жабінкаўская зямля стала для іх роднай і дарагой.
Вось ужо больш за дзесяць гадоў Ярас Казачэнка жыве без любай жонкі, памяць аб якой беражэ і захоўвае ў сваім сэрцы.
У пачатку мая ветэран адзначыў свой чарговы дзень нараджэння. Мы зычым Ярасу Пятровічу моцнага здароўя, радасці ад кожнага дня, каб сустрэў юбілей Перамогі ў атачэнні дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Алёна НІКАНЧУК
Фота з архіва “СП”
Главные новости
