Для кожнага, хто жыве на нашай удзячнай і надзвычай таленавітай зямлі, Беларусь – гэта Айчына, родны дом і непаўторная прыгажосць, якую патрэбна абавязкова перадаць іншым. Шмат ёсць сродкаў у сучасным свеце, каб засведчыць любоў да Радзімы. Адзін з іх прапануюць прафесійныя саюзы краіны.
У год, які нездарма ў нашай дзяржаве прысвечаны малой радзіме, яе дзівосам і людзям, Моладзевы савет Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, вырашыў правесці народны фотаконкурс з красамоўнай назвай “Радзіма”.
Да ўдзелу запрашаюцца ўсе сябры прафсаюзаў без узроставых абмежаванняў. Фотаздымкі, што падыходзяць пад адну з трох намінацый (а менавіта: пейзажныя замалёўкі, адлюстраванне народных традыцый і побыту або выявы чалавека працы) могуць даслаць як прафесіянальныя фатографы, так і аматары.
Заяўкі на ўдзел у творчым спаборніцтве будуць прымацца да 1 кастрычніка гэтага года.
Пераможцаў конкурсу дапаможа вызначыць кампетэнтнае журы, а таксама онлайн-галасаванне. З лепшых работ будзе арганізавана выстаўка, якая восенню будзе дэманстравацца падчас гала-канцэрта народна-патрыятчнай акцыі ФПБ “Мы – разам!”, што пройдзе ў беларускай сталіцы. Пазней яна пабывае ва ўсіх без выключэння абласных цэнтрах краіны. Паводле вынікаў конкурсу “Радзіма” таксама будзе выдадзены альбом з лепшымі здымкамі ўдзельнікаў.
Падрабязней з Палажэннем конкурсу можна азнаёміцца на інфармацыйным партале Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Главные новости
