ШЧОДРЫКІ І НОВЫ ГОД

У гэтага народнага свята, якое адзначалі па старым (юльянскім) стылі 31 снежня, шмат імён: Шчодры вечар, або Шчодрык, Багатая куцця, Васілёў вечар, Куцця з каўбасой, Куготы, Конiкi, Сільвестр, а яшчэ – Каза і Куцця святого козліка.

Гэткім чынам славянскія народы адзначалі Шчодрыкі напярэдадні Старога Новага года, які ў ХХІ стагоддзі прыпадае на 14 студзеня. Новы год зваўся Васілём і быў звязаны са свяціцелем, айцом царквы Васілём Вялікім, архіепіскапам Кесарыйскім.

Людзі прыкмячалі, якое надвор’е стаяла ў Шчодры вечар. Калі неба было яснае ды шматзорнае, то верылі, што год надыходзіць грыбны, як выпадзе ў ноч снег – будуць пчаліныя раі сярод летняе пары.

Свята прадказвала і ўраджай на лета: туманы напярэдадні Васіля – на ўраджай, а калі Васілёва ноч зорная, то будзе саломы болей, чым хлеба.

Шчадравалі пад вокнамі і ў хатах, дзе славілі гаспадароў. Вадзілі пры гэтым “казу”, спяваючы песні, галоўнай з якіх з’яўлялася “Го-го-го, каза”. Шчадроўныя песні адрозніваліся ад калядных у асноўным рэфрэнам. Хадзілі па хатах і са Шчодрай — прыбранай дзяўчынай.

Наш зямляк (нараджэнец вёскі Азяты) выдатны гісторык і этнограф Юльян Крачкоўскі (1840-1903) 150 гадоў таму запісаў абрады, звязаныя са Шчодрыкамі ў розных рэгіёнах Беларусі. У сваёй змястоўнай кнізе “Побыт заходнерускага селяніна” Юльян Фаміч пісаў, што на Міншчыне ў той святочны вечар спявалі: “Святая Васілля дзяжу мясіла, пірагі пякла і рагатая, і багатая”. А раніцай Новага года дзеці шчадравалі ды сыпалі ў хаце жыта са словамі: “Сею-сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!”

Найвялікшы клопат – святочная вячэра

І пад Новы год, і ў Стары самы вялікі клопат у гаспадара ды гаспадыні, як накрыць святочны стол, за які было б не сорамна і самім сесці, і гасцей паклікаць. Па народнай традыцыі ўвечары 13 студзеня святкавалі Багатую, Мясную, або Шчодрую, куццю. Было прынята накрываць багаты стол, які павінен быў забяспечыць прыбытак на працягу ўсяго года. Падавалі каўбасу, сальцісон, сыр, масла, грыбную поліўку, мочаныя яблыкі, квашаную капусту, ягадныя кісялі. Каронная страва — засмажаная або звараная свіная галава — сімвал дабрабыту і пладавітасці. Даўней нашы продкі абавязкова забівалі кабанчыка перад Калядамі — “каб Каляды не гневаліся ды далі на ўсё добры ўраджай, а на гавяду харошы прыплод”. Мы ж прапануем вам, дарагія чытачы, прыгатаваць не свіную галаву, а страву са свініны і шчодрую куццю.

Свіное філе з соусам з павідла

Інгрэдыенты: 2 кг філе, 2-3 ст. лыжкі цёртых сухароў, соль, 1 ст. лыжка масла, 1 ст. лыжка павідла, 1 шклянка булёну, 2-3 кавалкі цукру, гваздзікі і скуркі лімона, 2-3 лыжкі сухога віна.

Філе нарэзаць кавалкамі, зварыць у салёнай вадзе, крыху астудзіць, абсыпаць нацёртай на буйную тарку булкай і запячы да залацістай скарынкі на вышмараванай маслам блясе. Вялікую лыжку слівавага або вішнёвага павідла развесці булёнам ці вадой, дадаць пару кавалачкаў цукру, трохі карыцы, гваздзікі і цэдры лімона, пару лыжак віна або агрэставага соку, закіпяціць і заліць гэтым зарумяненае філе.

Панская куцця

Інгрэдыенты: 2 шклянкі ячных або пшанічных круп (цэлае зерне), 1,5 шклянкі маку, 1 шклянка цукру, 8 лыжак мёду, 100 г разынак, 100 г лясных арэхаў, 100 г цукатаў з цэдры апельсіна, 1 шклянку смятаны.

Спачатку старанна прамываем крупы. Заліваем іх вадою, даводзім да кіпення і варым на невялікім агні 35-40 хвілін. Трэба арыентавацца, каб крупы былі даволі рассыпнымі, а не ўварыліся ў кашу.

Мак заліваем дзвюма шклянкамі кіпеню, перамешваем і даводзім да кіпення. Знімаем з агню і так пакідаем на пару гадзін у вадзе. Толькі пасля гэтага ваду зліваем, а мак здрабняем (лепей у камбайне). Дадаем у гэтую макавую масу цукар і зноў драбнім.

Змешваем адвараныя крупы, мак, мёд, разынкі, арэхі, цукаты і смятану. Чакаем, пакуль астыне да пакаёвай тэмпературы.

Смачна есці!

НЕ ГОД, А НЕЙКІ АНЕКДОТ

Дзіўнае спалучэнне слоў: Стары Новы год… Гучыць неяк анекдатычна. Толькі лянівы з гэтага не смяяўся. Аднак смяемся і… адзначаем, бо нагоду добрую маем.

* * *

Спачатку мы дружна развітваемся са Старым годам, потым сустракаем Новы, а затым адзначаем Стары Новы год… Неяк гэта дзіўненька, але смачненька і вельмі прыемненька!

* * *

Ой, дзяўчынкі, варажыла на Стары Новы год! Спаліла ёлку, затапіла суседзяў, збіла валёнкам Дзеда Мароза… Адразу прыехалі хлопцы са 101, 102, 103… Цяпер сяджу і думаю: хто з іх мой суджаны?..

* * *

Інспектар спыняе надта хуткае аўто.

– Куды спяшаемся? – пытаецца строга.

– Дамоў. Мы адзначалі Стары Новы год, і я трохі затрымаўся. Жонка хвалюецца.

– Але ж на двары Першамай.

– Таму і спяшаюся!

* * *

– Мілы, я так хачу на Стары Новы год… шубу!

– Ой бягу-бягу ў магазін, куплю табе, даражэнькая, бурачок, бульбачку, селядзец!!!

* * *

На Стары Новы год таксама прыходзіць Дзед Мароз. Але дорыць сэканд-хэнд, аб’едкі і савецкія рублі.

* * *

Наш каляндар.

1 студзеня – Новы год… 14 студзеня – Стары Новы год… 1 красавіка – Дзень дурня… 14 красавіка – Дзень старога дурня… На чарзе – Стары Першамай, Старая Вялікая Кастрычніцкая (Лістападаўская) рэвалюцыя, а там і Стары год зноў праводзім!

Падрыхтавалі Анатоль БЕНЗЯРУК і Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК