Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
10 кастрычніка 2010 года Анатоль Актысюк (на здымку) прыйшоў на працу бетоншчыкам у Жабінкаўскую ПМК-10, дзе рупіцца і цяпер. Як прызнаецца сам, лічба дзесяць аказалася для яго шчаслівай: трапіў у арганізацыю, дзе мае справу па душы, дружны калектыў, у якім пануюць цёплыя адносіны і ўзаемападтрымка. Напярэдадні прафесійнага свята ён расказаў, чым напоўнены яго працоўныя будні і якія планы на будучае.
Нарадзіўся Анатоль Актысюк на Украіне ў Ратнаўскім раёне Валынскай вобласці. Праз некалькі год пасля нара-джэння сына бацькі вырашылі пераехаць у Беларусь. Спачатку жылі і працавалі ў Кобрынскім раёне, потым апынуліся на Жабінкаўшчыне ў Грабаўцах. Першапачатковыя веды Анатоль атрымліваў у Жабінкаўскай школе-інтэрнаце, потым навучаўся ў Пелішчанскай адзінаццацігодцы Камянецкага раёна. Пасля дзявятага класа вырашыў прадоўжыць вучобу ў Маларыцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці.
Свой працоўны шлях Анатоль Актысюк пачынаў у Брэсце ў прыватным аўтасэрвісе, дзе займаўся аўтахімчысткай. Далей рупіўся машыністам-экстрударшчыкам на берасцейскім прадпрыемстве ЗТАА “Вокс”. Быў час, калі шчыраваў трактарыстам-машыністам у СВК “Арэпічы”. І вось ужо восьмы год ён бетоншчык Жабінкаўскай ПМК-10. За гэты час працаваў на самых розных аб’ектах: узводзіў дамы ў роднай Жабінцы, суседніх Кобрыне і Брэсце, прымаў удзел у будаўніцтве свінагадоўчага комплексу “Сычова”, магазіна “Санта” ў райцэнтры, рэканструкцыі цукровага завода, малочнатаварных фермаў і іншых будоўлях. Шчыраваў у розных брыгадах, сам меў вопыт брыгадзірства. Сваім настаўнікам лічыць старэйшага калегу Віктара Маеўскага, які навучыў многім будаўнічым прамудрасцям і цяпер застаецца першым дарадцам.
Шмат чаго на Жабінкаў-шчыне і ў іншых раёнах зроблена працавітымі ўмелымі рукамі работнікаў Жабінкаўскай ПМК-10. Зараз яны другі год узводзяць вялікую школу ў Паўднёва-Заходнім мікрараёне горада над Бугам, якую плануюць здаць у 2019-м да 1000-годдзя Брэста.
За сваю работу Анатоль Актысюк адзначаўся абласнымі і раённымі граматамі, атрымліваў іх і ад роднага прадпрыемства. Сёлета за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і ў сувязі з прафесійным святам – Днём будаўніка – Анатоль Аляксандравіч узнагароджаны Пісьмом падзякі раённага выканаўчага камітэта.
Мой герой удзячны лёсу за шчаслівыя дзясяткі. Дый і працу сваю Анатоль Актысюк імкнецца выконваць на “дзесяць”. Ён шчыра любіць тую справу, якой займаецца, і задаволены тым, што яна патрэбна людзям і прыносіць ім карысць ды радасць.
