Наступіў доўгачаканы купальны сезон. Сотні жыхароў імкнуцца ў выхадныя дні бліжэй да вады. Свежае паветра, сонца, купанне не толькі прыносяць задавальненне, але і з’яўляюцца добрым сродкам закальвання арганізма. Разам з тым вада рэгулярна забірае жыцці.
Па дадзеных АСВОД у Беларусі штогод на вадаёмах гіне вялікая колькасць лю-дзей. Напрыклад, летась – 374 чалавекі, у тым ліку 25 дзяцей.
Сёлета на водных аб’ектах краіны загінулі 83 чалавекі, з іх 8 непаўнагадовых. Пры купанні – 8 чалавек, з іх адно дзіця. Былі выратаваны 61, з якіх 16 падлеткаў.
З мэтай папярэджання падобных надзвычайных сітуацый, гібелі і траўматызму людзей у нашым раёне працягваюцца акцыі “Летні патруль” і “Канікулы без дыму і агню”. Так, у чэрвені на возеры Візжар супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі АСВОД і РА ГА “БРСМ” правялі для выхаванцаў спартыўнага лагера ФАУ СК “Бадзёрасць” і адпачываючых сапраўднае свята бяспекі. Падчас мерапрыемства работнікі аддзела прадэманстравалі аварыйна-выратавальную тэхніку і абсталяванне. У гульнёвай форме хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як правільна збіраць ртуць, што такое аўтаномны пажарны апавяшчальнік і як ён працуе. Яны змаглі адчуць сябе юнымі пажарнымі, калі прымервалі баявое адзенне супрацоўнікаў і падавалі ваду са ствала першай дапамогі. Пасля разам з прадстаўніком АСВОД Аляксандрам Рыбчынскім выхаванцы лагера пазнаёміліся з выратавальным абсталяваннем на вадзе і паўдзельнічалі ў конкурсе на самы дальні кідок дадзенага інвентару. У канцы сустрэчы яе арганізатары прадэманстравалі сапраўднае воднае шоу!
МНС нагадвае, каб адпачынак на вадзе быў бяспечным, неабходна захоўваць наступныя правілы:
— купайцеся ў спецыяльна адведзеных і абсталяваных для гэтага месцах;
— перад купаннем у незнаёмых месцах абследуйце дно;
— заходзьце ў ваду асцярожна, павольна, калі яна дасягне пояса, спыніцеся і хутка акуніцеся;
— ніколі не плавайце ў адзіноце, асабліва, калі не ўпэўнены ў сваіх сілах;
— не адплывайце далёка ад берага, не заплывайце за папераджальныя знакі;
— нельга скакаць або ныраць у ваду ў невядомым месцы – дно можа ўтойваць небяспеку, якая стане прычынай траўміравання ці гібелі;
— не купайцеся ў нецвярозым стане;
— не падавайце падманных сігналаў бедства.
Патрэбна памятаць, што малалетнія дзеці павінны пастаянна знаходзіцца пад строгім кантролем дарослых,але часта ў жыцці гэтае правіла ігнаруецца. Бестурботнасць некаторых бацькоў здзіўляе: на беразе яны заняты размовамі з сябрамі, распіваюць піва альбо больш моцныя напоі, загараюць, закрыўшы твар капелюшом. А ў гэты час дзеці плёскаюцца ў вадзе. У іх адсутнічае пачуццё небяспекі, таму малыя не могуць адэкватна ацэньваць экстрэмальную сітуацыю. Дзеці – самае дарагое, што ў нас ёсць. Чаму ж тады дарослыя так бесклапотна адносяцца да іх жыцця?
Ганна УСЦЬЯНЧЫК, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС.


