Шчасце вачамі жабінкаўцаў

Бліц-апытанне

20 сакавіка адзначаўся Міжнародны дзень шчасця. Як спяваецца ў песні з кінастужкі “Большая перемена”: “Счастье – такая трудная штука: то дальнозорко, то близоруко…” Я пагутарыла пра яго з жыхарамі нашага раёна.

Вольга КУЗЬМІЧ:

— Для кожнага чалавека гэтае слова мае асаблівае значэнне. Для адных –гэта каханне, для іншых – дабрабыт і грошы, трэція адкажуць: здароўе блізкіх, чацвёртыя – падарожжы. У дзяцінстве для мяне шчасцем было як мага даўжэй пагуляць з сябрамі ў двары, потым – атрымаць добрую адзнаку ў школе, у час студэнтцтва — здаць экзамен. Цяпер шчасце для мяне – здароўе ўласнае і блізкіх.

Аляксандр КАВАЛЬЧУК:

— Дзе знайсці шчасце? Я не ведаю дакладнага адказу на гэтае пытанне, дый, думаю, ніхто не ведае. Проста аднойчы ты разумееш: вось яно, шчасце, калі мары збываюцца. Шчаслівага чалавека відаць здалёк – у яго нават вочы свецяцца!

Мікалай КЛОЧКА:

– На мой погляд, шчасце – гэта ў першую чаргу сям’я, родныя, блізкія людзі, якія заўжды побач. Як адшукаць шчасце? Рэцэпт просты – болей усміхацца. Шчаслівы чалавек рады ўсяму, што мае.

Ніна МАКСІМУК:

— Шчасце – гэта магчымасць займацца любімай справай. А яшчэ, як бы ні дзіўна гэта прагучала, шчасце – прачнуцца і ўсвядоміць, што сёння выхадны, нікуды не трэба спяшацца і можна валяцца ў ложку і глядзець серыял.

Таццяна РАМАНЮК:

— У кожным узросце сваё адчуванне шчасця. Галоўнае – здароўе. Будзе здароўе і работа – будзе даход. Шчасце – гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, мірнае неба над галавой. А якое яно будзе для нашых дзяцей і ўнукаў? Як паглядзіш навіны аб падзеях, што адбываюцца ў суседняй краіне, то становіцца страшна. Таму хочацца, каб пра выбухі і свіст ракет дзеці ведалі толькі з кінастужак.

Апытвала Лідзія ІВАНІХІНА