Напярэдадні важнай даты ў календары Аляксандр і Надзея Собалевы з Жабінкі паведамілі гісторыю свайго кахання, расказалі, як выхоўваюць дачушак, і паразважалі наконт таго, што такое сям’я.
Дзіцячыя мары збыліся
З дзяцінства Саша Собалеў марыў стаць медыкам, і прыклад быў побач: мама Наталля Іванаўна працавала масажыстам у раённай бальніцы, і ён часта наведваўся да яе.
У школьныя гады больш увагі надаваў біялогіі і хіміі — прадметам, па якіх патрэбна было здаваць тэсціраванне, каб паступіць у запаветную ўстанову. Падчас вучобы ў гарадскім ліцэі ўдзельнічаў у абласным этапе алімпіяды па хіміі, па выніках якой меў дыплом ІІ ступені, абараняў гонар раёна і вобласці і на рэспубліканскім узроўні.
Тымі ж марамі жыла і будучая Сашава жонка Надзея. У дзіцячых гульнях яна выступала доктарам: лячыла сваіх лялек, рабіла ім аперацыі і перавязкі. І за школьнай партай мара заставалася ўсё той жа — быць урачом, прыходзіць людзям на дапамогу, сунімаць іх боль і пакуты. Яна старанна вучылася і адказна рыхтавалася да паступлення, адзінаццацігодку скончыла з залатым медалём.
Пасля выпускнога балю пакараць сталіцу Аляксандр накіраваўся з Жабінкі, а Надзея — з Капыля. Яны паспяхова здалі іспыты і сталі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Іх дзіцячыя мары збыліся.
Інтэрнат, Макдональдс і Таццянін дзень
Праз год пасля паступлення Аляксандр і Надзея пазнаёміліся. Адбылося гэта ў інтэрнаце медуніверсітэта. Саша жыў з аднагрупнікам Надзі, да якога, здаралася, заходзіла дзяўчына. Знаёмства гэта пакінула след у душы абаіх. На працягу двух гадоў маладыя людзі прыглядаліся адзін да аднаго, а потым пачалі сустракацца. Як падзяліўся Аляксандр, Надзея паланіла яго сэрца сваёй прыгажосцю, неверагоднай энергіяй і жыццярадаснасцю. Надзя прызналася, што са свайго боку яе прывабілі Сашавы спакой і надзейнасць, дабрыня і шчырасць. Разам ім было так добра!
У вольны ад вучобы час маладыя людзі гулялі па вуліцах і праспектах сталіцы, заходзілі ў кафэ на кубачак кавы, наведваліся ў кінатэатры, на летніх канікулах паехалі на адпачынак у Крым. Іх пачуцці толькі мацнелі!
У самым улюбёным месцы студэнтаў — Макдональдсе — Аляксандр зрабіў Надзеі прапанову і падарыў пярсцёнак. У адказ ён пачуў ад каханай: “Згодна!”
І пачалася падрыхтоўка да вяселля. Урачыстасць адбылася 25 студзеня ў Таццянін дзень пасля таго, як напярэдадні быў здадзены апошні экзамен зімовай сесіі — педыятрыя. Марш Мендэльсона прагучаў для маладых у Жабінкаўскім загсе.
Калі тата і мама — студэнты
2014-ы для Аляксандра і Надзеі Собалевых стаў адметным не толькі вясельнай урачыстасцю, але й нара-джэннем дачушкі Ганначкі. Як жа сумяшчаць студэнтам-шасцікурснікам вучобу і абавязкі бацькоў? У гэтым дапамагла Сашава мама Наталля Іванаўна, якая замест нявесткі пай-шла ў дэкрэтны адпачынак. Каб жыць усім разам, а Надзеі не перарываць грудное кармленне, давялося на некаторы час здымаць кватэру ў сталіцы.
Пасля сесіі бабуля забрала ўнучку ў Жабінку і яшчэ была з ёю паўгода, пакуль Саша і Надзя заканчвалі курс. Яны вельмі сумавалі па дачушцы, таму кожныя выхадныя праведвалі яе.
Інтэрнатуру Аляксандр праходзіў у Брэсце, Надзея — у нашай раённай бальніцы. Напачатку жылі ў Сашавых бацькоў, а ў 2015-м набылі сваё асобнае жыллё — трохпакаёўку. Размеркаванне атрымалі куды і жадалі — у Жабінкаўскую ЦРБ.
Працоўныя будні і сямейныя святы
Сваю ўрачэбную дзейнасць у райбальніцы Аляксандр Собалеў пачынаў анколагам. З 2020-га пасля праходжання пэўнага навучання і практыкі працуе эндаскапістам, часта дзяжурыць у прыёмным пакоі.
Надзея займала пасаду ўрача хуткай дапамогі, адкуль пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Сёлета, калі малодшай дачушцы Вікторыі споўніліся тры гадкі, выйшла на працу і цяпер яна — урач агульнай практыкі Крыўлянскай амбулаторыі.
Любяць Собалевы разам адзначаць святы, асабліва 8 Сакавіка, бо ў іх яно падвоенае. У гэты дзень Аляксандр віншуе сваіх прыгажунь не толькі з традыцыйнай вясновай урачыстасцю, але і Надзею з днём нараджэння. Дачушкі рыхтуюць маме падарункі сваімі рукамі.
Разам усё па плячы
Так лічаць Собалевы і з гэтым дэвізам крочаць па жыцці. Парадак і чысціня ў кватэры — справа сумесная, вячэру гатуюць таксама разам. З задавальненнем робяць піцу і дранікі, папулярны італьянскі дэсерт “Цірамісу”. І адпачываць любяць сям’ёй. Дзяўчынак часта вывозяць у гульнёвы пакой у Брэст, здзяйсняюць прагулкі па Белавежскай пушчы. Чакаюць, каб крышачку падрасла Вікуля, тады і ў кінатэатр разам будуць наведвацца, і больш падарожнічаць.
У прынцэс характары розныя
Так гавораць пра дачушак Аляксандр і Надзея. Больш уседлівая — Аня, патрабавальная — Віка, але абедзве актыўныя, любяць рухомыя гульні. Ганначка займаецца плаваннем і танцамі, добра спявае, таму бацькі плануюць аддаць яе і на вакал. Сёлета яна пойдзе ў школу. Па прыкладзе сястры плаванне, якое загартоўвае і развівае, чакае ў будучым і Віку — няхай трошкі гадкоў прыбавіцца!
Сям’я — гэта…
Падтрымка, надзейны тыл, радасць ад зносінаў, давер і павага. А яшчэ — шчасце быць разам, жаданне вяртацца дадому, што б ні здарылася, і, канечне, каханне, якое дапамагае пераадольваць жыццёвыя цяжкасці і робіць сям’ю непахіснай і моцнай.
Так Аляксандр і Надзея Собалевы адказалі, калі прапанавала закончыць выраз. Што да гэтага можна дадаць? Я задумалася: і, сапраўды, вельмі правільныя словы і моцныя аргументы. Менавіта на гэтых пастулатах і трымаецца моцная і шчаслівая сям’я.
Алёна НІКАНЧУК
