ШАНУЕМ ТЫХ, ХТО АБУДЖАЕ СВЕТ

Нядаўна каляндар “намаляваў” незвычайны збег лічбаў: 22.02.2022. Дата чытаецца аднолькава не толькі справа, але й наадварот. Сёлета гэтак азначаўся другі дзень другога месяца. Для жанчын, пра якіх мы раскажам ніжэй, гэты дзень удвая асаблівы. І “прыгажосць” лічбаў тут зусім ні пры чым. Проста 22 лютага нашы гераіні, якія працуюць у школе пад гучным нумарам адзін, адсвяткавалі дні нараджэння, а хутка будуць адзначаць і 8 Сакавіка.
Трохі слоў у дарогу сказалі, а цяпер — знаёмімся!

Працаваць, не ленавацца — вось галоўная задача… Ужо здагадаліся? Правільна. Першая наша гераіня выкладае дзяўчынкам абслуговую працу.
Ёсць на Гродзеншчыне вёска з прыгожай назвай Залацеева. Мабыць, спрадвеку там жылі і дасюль жывуць залатыя людзі! У мясцовай базавай школе, якая дзейнічала сто гадоў і дала веды многім пакаленням вясковых дзяцей, у свой час вучылася Таццяна ВЯРЭНІЧ (тады яшчэ Галавач).
Нельга было не спытацца: што ж прывяло ў прафесію?
— З самага дзяцінства габлявала дрэва ды пілавала жалеза! Вельмі хацелася ўжо тады ўмець усё рабіць уласнымі рукамі, каб потым свае веды мець магчымасць іншым перадаць. Вось і паступіла ў “інстытут высакародных дзяўчын” — Ваўкавыскае педвучылішча, — усміхаецца Таццяна Уладзіміраўна.
У 1989 годзе малады спецыяліст размеркавалася на Жабінкаўшчыну. Першым месцам працы — сапраўднай школай жыцця, як гаворыць Таццяна Вярэніч, — стала для яе Ракітніцкая школа. Быў перыяд у жыцці, калі настаўнічала Таццяна Уладзіміраўна і ў горадзе над Бугам, выкладаючы працоўнае навучанне ў СШ № 27.
А затым зноў (роўна чвэрць веку таму) паклікала Жабінка. Спачатку Таццяна Вярэніч выкладала абслуговую працу і геаграфію ў другой гарадской, а з 2014-га па сённяшні дзень — у СШ № 1.
— Паўсюль падабалася, — прызнаецца настаўніца, — а мяняла месцы працы выключна па сямейных абставінах. 
За 33 гады працы было ў настаўніцы шмат таленавітых вучаніц. Яны перамагалі на абласным і рэспубліканскім узроўнях, мелі дыпломы розных ступеняў на алімпіядах і канферэнцыях.
— Вельмі хочацца назваць некаторых выхаванцаў, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Гэта Юля Яканюк, дзве Каці — Сакалоўская ды Фядаш. Што прыемна: і сёння не бяднее на таленты наша школа: у абласной алімпіядзе паўдзельнічалі мае вучаніцы Соф’я Лобік і Васіліна Васілюк. Прыгажосць на зямлі ствараюць жаночыя рукі. Хутка 8 Сакавіка, і напярэдадні гэтага дня не толькі калегам — усім жанчынам вельмі хочацца пажадаць поспехаў, камфорту ў жыцці, каб побач былі надзейныя і шчырыя, разумныя і закаханыя мужчыны!
Да яе пажаданняў далучаецца і Таццяна БЯЛЫХ.
Для яе шлях у прафесію адкрыла любімая настаўніца Ніна Вішнявецкая. Ніна Міхайлаўна выкладала хімію і біялогію ў трэцяй гарадской. Школу Таня скончыла з сярэбраным медалём. А калі паступала ў 1994 годзе ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, настаўніца настолькі хвалявалася за сваю лепшую вучаніцу, што нават за дзвярыма стаяла, пакуль тая хімію здавала. “Нахімічыла” дзяўчына на выдатна і вучылася старанна! Дарэчы, Таццяна Бялых не толькі закончыла вышэйшую навучальную ўстанову, але і стала бакалаўрам педагагічных навук.
Першым месцам працы для Таццяны Аляксандраўны ў 1999 годзе стала Ленінская сярэдняя школа. Прымаў на працу тагачасны дырэктар Мікалай Іванавіч СМАЛЮК. Дасюль настаўніца з удзячнасцю згадвае дружны калектыў “ленінцаў”. Як класны кіраўнік Таццяна Бялых зрабіла ў Ленінскай СШ адзін выпуск.
— Вельмі добрыя дасталіся юнакі і дзяўчаты, лічу, кожны сабе знайшоў у жыцці месца па душы. Сёлета было 15-годдзе, як яны пакінулі школьны парог. І настаўніцу сваю не забылі — на свята запрасілі.
З 2007 года яна выкладае біялогію і хімію ў Жабінцы, у СШ № 1. І тут вучні радуюць. За гэты час былі сапраўдныя “зорачкі”, якія мелі поспехі і на навукова-практычных канферэнцыях, і ў школьных алімпіядах. Напрыклад, колішнія вучаніцы Таццяны Бялых Даша Людына і Аня Капусціна. Зараз, вядома, яны ўжо выраслі, сталі медыкамі. Ды ўвогуле, так складваецца, што ў кожным выпуску былі вучні, якія звязваюць лёсы з высакароднай медыцынскай прафесіяй.
Напярэдадні жаночага дня Таццяна Аляксандраўна выказала свае шчырыя пажаданні:
— Хочацца, каб кожная жанчына мела моцнае здароўе. Творчасці вам, паважаныя, удачы ва ўсім, каб дабрабыт і каханне назаўсёды прапісаліся ў вашых дамах, дарагія жанчыны. Як свет багацее ад прыгажосці кветак, так немагчымы ён і без вашых усмешак ды радасці.
Да гэтых шчырых пажаданняў далучаецца і Наталія БАБРОВА.
— У мяне ў біяграфіі — толькі першая школа, — гаворыць з усмешкай Наталія Расціславаўна. — У ёй некалі вучылася, а зараз працую. Нават з будучым мужам тут пазнаёмілася ды й вяселле ў школе ладзілі. А як час прыйшоў, нашы дзеці Валодзя і Алена пайшлі ў СШ № 1 першы раз у першы клас.
Пасля заканчэння ў 1994 годзе вышэйшай педагагічнай навучальнай установы ў Брэсце Наталія Расціславаўна выкладае азы навук самым малодшым. За гэты час мела ўжо шэсць выпускаў. Сёлета быў чарговы набор “першачкоў”. 1 верасня настаўніца стала, як гаворыцца, другой мамай для 27 маленькіх вучняў — 11 дзяўчынак і 16 хлопчыкаў.
— З імі вельмі цікава, прыемна штодня ўваходзіць у клас, дзе цябе чакаюць дапытлівыя, кемлівыя, гарэзлівыя чамучкі, — гаворыць Наталія Баброва. — Дасягненняў за дзясяткі гадоў набярэцца, вядома, нямала, ды не пра іх хочацца цяпер казаць — трэба рухацца наперад.
А што цяпер наперадзе? Правільна: вельмі прыгожае свята, калі хочацца кветку падараваць і шчыра павіншаваць. З дапамогаю нашай газеты Наталія Расціславаўна скарыстала такую магчымасць:
— Найперш усім, мілыя жанчыны, жадаю кахання, адчування прыгажосці, веснавога настрою! Віншую са святам, з якога пачынаецца абуджэнне жыцця. Вы яго прыносіце ў свет, а затым падтрымліваеце пяшчотнымі рукамі і цеплынёй сваіх сэрцаў.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымку: у настаўніц першай школы Таццяны БЯЛЫХ, Таццяны ВЯРЭНІЧ і Наталіі БАБРОВАЙ штогод тры святы: 22 лютага, 1 верасня і, вядома, Восьмае сакавіка.