Сенажацяў водар ап’яняе

Дожджыкі і сонейка спрыяюць актыўнаму росту сакавітых траў, таму самы час пачынаць зялёнае жніво.
Адны з першых у раёне “запусцілі” касавіцу аграрыі ААТ “Жабінкаўскі” на 30-гектарным полі каля фермы “Курпічы”.
— Каб пракарміць статак, нам неабходна нарыхтаваць 15 з паловай тысяч тон сенажу, — расказвае дырэктар гаспадаркі Міхаіл Вячорка. — Дзеля гэтага мы пасеялі 313 гектараў азімых на зялёны корм. Ну, а сёння першы дзень касавіцы. Спадзяюся, што надвор’е будзе спрыяць нарыхтоўцы сенажу.
Механізатары тым часам нецярпліва паглядалі на кіраўніка гаспадаркі: калі пачнем? Тэхніка выстраілася роўным шнурочкам на абочыне акурат насупраць поля са скошаным жытам. З раніцы памарасіў дождж, потым прыпякло сонейка, а ветрык-гарэза прасушыў пракосы — можна ўжо і валкі збіраць!
Ды не спяшаўся даць “адмашку” гаспадар “Жабінкаўскага” — даў слова сваёй “правай руцэ”, намесніку па вытворчасці Ганне Плытнік. Яна прыгожа і арыгінальна арганізавала “засеўкі”, таму і да пачатку касавіцы падышла з улікам народных звычаяў. З пажаданнямі добрага надвор’я, моцнага здароўя, выдатнага настрою Ганна Іванаўна ўручыла галоўнаму касцу — механізатару магутнага кормаўборачнага “Ягуара” Юрыю Ахрымуку — водарны букецік з вясновых траў. Такі ж атрымаў і вадзіцель МАЗа Вячаслаў Пясецкі, які меркаваў адвезці ў траншэю першы кузаў з зялёнай масай. Хлопцы абвязалі сваіх “коней” каляровымі стужкамі і з жартамі-ўсмешкамі, падсілкаваўшыся абедам, пасядалі ў кабіны транспарту. Прагучала чаканая каманда:
— Хлопцы, за справу! Удалай касьбы!
Ужо праз хвіліну новенькі “Ягуар” “зачмыхаў” на пракосе, а праз другую — здрабнёная маса шумным струменем палілася ў кузаў МАЗа. Водар скошанай зеляніны паліўся над сенажаццю… Корманарыхтоўчы камбайн нетаропка падбіраў адзін пракос за другім, шчодра насыпаючы масу ў кузавы аўтамабіляў. Аднекуль наляцелі буслы — цыбатыя “аграномчыкі”, паважна тупалі побач, шукалі, чым падсілкавацца.
Корманарыхтоўчы сезон 2021 года адкрыты. Няхай ён будзе лёгкі і ўдалы!
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара