У кожнага з нас ёсць скарб на гэтай зямлі, які вельмі любім і аберагаем. Ён бывае розны, але сёння размова пойдзе пра той, якім валодае жыхарка Старога Сяла Марыя Іванаўна Алексіевіч. Самы вялікі скарб у яе жыцці — сем дочак, якіх нарадзіла і выхавала разам з мужам Мікалаем. Дзясятага кастрычніка жанчыне споўнілася 74 гады, але гэта, як кажуць, па пашпарце. Сама ж ведае, што з’явілася на свет у свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці. Традыцыйна павіншаваць матулю збіраюцца ўсе дочкі, кожная з якіх абрала годную жыццёвую дарогу, але не забыла той, што вядзе да бацькоўскай хаты. Напярэдадні свята Святлана і Валянціна, Людміла і Вольга, Алена і Надзея, а таксама Наталля далі адказы на сем пытанняў, у якіх схаваліся сем прызнанняў у шчырай любові і вялікай удзячнасці самаму дарагому чалавеку на зямлі — маме.
— Якія ўзнагароды ўручылі б сваёй матулі?
Вольга ГАРДЗЕЙЧЫК:
— Колькі разоў брала аловак, каб напісаць пра мае адчуванні і пачуцці, пра маё бясконцае шчасце, пра маю крыніцу, пра майго анёла ў чалавечым абліччы — пра маму! І заўсёды здавалася, што не тыя словы нанізваю на нітку апавядання. Як жа выказаць любоў, пяшчоту, трывогу, удзячнасць простаму чалавеку, не паэту? Як змясціць усё гэта ў невялікай газетнай замалёўцы? Як зарыфмаваць адценні ўсіх тых дзён, што правяла пад матуліным крылом ці далёка ад яе? Напэўна, ёсць такія словы. Павінны быць! А можа, яны зусім простыя і ты пачуеш іх, мама. Звычайная вясковая жанчына, але самая лепшая ў свеце. Ты ўжо колькі год як бландзінка з непаслухмянымі валасамі і характарам, з вачамі колеру бясхмарнага неба, заўсёды яснымі, як і ўсё тое, да чаго дакранаешся рукамі, думкамі ці сэрцам. Тупаеш, бегаеш, турбуешся, завіхаешся, бо вёска, як ты кажаш, гэта не вашыя этажы. Бясконцы твой клопат дзеля дзяцей і дзеля ўнукаў, праўнукаў. Так, твае рукі і сэрца лашчылі-песцілі 7 дочак, 11 унукаў і 6 праўнукаў. Для ўсіх знаходзілася добрае слова, тэма для размовы, як і цукерка ў кішэні, падарунак на свята. Ты вялікая жанчына, нястомная працаўніца, сумленны чалавек і цудоўная маці. Калі б была магчымасць далучыць да твайго мноства ўзнагарод за сумленную працу, за вышыўкі і ткацтва, да ордэна Маці свае медалі, то іх было б не менш! Вазьму на сябе смеласць спачатку выказаць меркаванне за ўсіх зяцёў. Упэўнена, уручылі б ордэн “Міравая цешча”, бо колькі жыццёвай мудрасці патрэбна, каб ладзіць з іх характарамі. Чужыя (хаця ўжо не чужыя мужыкі) гэта ж не дочкі, а камандаваць парадам будзеш-такі ты, і хлопцы любяць цябе, слухаюцца і дапамагаюць. А як жа! Ты ў любой справе разбіраешся — і ў мужчынскай, і ў жаночай. Ці то кошыкі рамантаваць, ці кветкі вышываць. Зяцю-рыбаку падкажаш, дзе лепей трэба чарвякоў капаць. Ад мяне трымай медалі “За інфармаванасць”, “За працоўную доблесць”, “За выдатнае пачуццё гумару”, “За сяброўства”. Ты ўмееш ладзіць з людзьмі, слухаць і весці гаворку, сябраваць па-сапраўднаму — і ў горы, і ў радасці. Заўсёды пачастуеш (знаёмага і незнаёмага), усім падзелішся. Жывеш сярод людзей і жывеш па-людску. Умееш шчыра радавацца і перажываць за іншых, прапаноўваць дапамогу. А як жа без узнагароды “За самыя смачныя дранікі”! Дарэчы, і самыя хуткія, бо ўсё ў тваіх руках гарыць і ладзіцца. І вось яны ўжо сквірчаць на патэльні разам з каўбаскай з хрумсткімі скарыначкамі па краях — сма-ка-та! А медаль “За ўпартасць”, мая даражэнькая, насілі б з табой па чарзе. Колькі ж разоў прасіла менш працаваць, лягчэй жыць на гэтым свеце! Дарма… Сем дачок, якім ты падарыла жыццё, сем скрыжаванняў лёсу, сем дарожак-павуцінак. Ці былі б яны такімі шчаслівымі, каб не ты, мама? Калі б ты не выглядала нас на парозе свайго жоўтага сонечнага дома, калі б не радавалася за нас так шчыра і не любіла так моцна? Няхай жа ўсімі фарбамі лета квітнеюць красачкі ў тваім кветніку, шчодрай будзе восень, якая падводзіць вынік турботам, а “птушкі шчасця” (чародка індыкоў) не ўзлятаюць далёка і не пакідаюць родны двор. Няхай будзе заўжды цёпла ў тваёй хаце, а хада яшчэ доўгія гады застаецца лёгкай.
— Самае галоўнае, чаму навучыла мама?
Надзея НІЧЫПАРУК:
— Уласным прыкладам усіх нас мама навучыла шчыра працаваць. З маленства ў кожнай былі свае даручэнні, якія трэба было абавязкова выконваць. А ў вёсцы, як вядома, працы заўжды хапае! Не памятаю, каб мама ўдзень сядзела ці ляжала, яна была пастаянна занята справай. А побач і мы садзілі бульбу, палолі буракі, нарыхтоўвалі сена жывёле. Гаспадарка была вялікая — дзве каровы, некалькі свіней, розная птушка — жылі даволі добра. Памятаю, як было цяжка прачнуцца ў 4 раніцы, каб везці парсючкоў на рынак ці ісці ў лес па чарніцы. Мама прыгаворвала: “Пойдзем-пойдзем, потым будзе вам на прыгожыя сукеначкі”. І мы ішлі, але не з-за сукенак, а каб дапамагчы маме, каб ёй было лягчэй, каб яна не хвалявалася. Гэтым правілам карыстаюся на працягу ўсяго жыцця: рабіць так, каб не было сорамна перад мамай. Упэўнена, што яно з’яўляецца жыццёвым крэдам для кожнай з сясцёр.
— Якую песню вам спявала мама перад сном?
Святлана АМЯЛЬЧУК:
— Акрамя ўсіх хатніх клопатаў, маму чакалі справы ў калгасе, дзе рупілася жывёлаводам. Часта, калі яна вярталася з працы, мы ўжо спалі. Няньчылі адна адну, так і гадаваліся. Каля грубкі, прымацаваная вяроўкамі за столь, вісела, як у нас казалі, нэнька (калыска). Вось у ёй усіх і калыхалі, а на мяне, як самую старэйшую, клалася вялікая адказнасць. Бывала, гойдаеш тую нэньку, ужо сам амаль заснеш, а дзіця ў ёй усё ніяк… Матулі не было часу спяваць, бо было шмат працы. Бывала, толькі падчас яе мама і спявала, каб усё атрымлівалася хутчэй. Дарэчы, у матулі ёсць талент да спеваў, яна мае добры голас. Гэта перадалося і нам. Калі-нікалі і заспяваем, сабраўшыся разам, так лёгка тады на душы, так хораша!
— За які ўчынак было сорамна перад мамай?
Валянціна ДАРАШУК:
— Не ведаю, як так атрымлівалася, але ў дзяцінстве сваё новае адзен-не, якое з любоўю мне ўручала мама, я рвала ці неяк псавала ледзь не ў першы дзень. Мне было так сорамна! Нават не хацела ісці дадому, каб не пакрыўдзіць гэтым матулю. Нягледзячы на тое, што нас было сямёра, яна старалася парадаваць кожную з дочак. Ніколі нічога не пашкадавала для дзяцей. У той час падлеткамі пабывалі на экскурсіях у Львове, Ковелі, Рызе, Ленінградзе ды іншых гарадах. Памятаю, што паездка ў апошні каштавала 40 рублёў, але мама знайшла грошы. Яна хацела, каб мы ні ў чым не адчувалі сябе абдзеленымі. І зараз любімая мамачка стараецца пабалаваць нас ці падарункам, ці чым-небудзь смачненькім.
— Якое жаданне дапамагла ажыццявіць матуля?
Алена АНДРАСЮК:
— Раслі ў любові, але вось цацак не хапала — не было іх неяк тады. З чым толькі не гулялі! Мне вось падабалася з кветкамі. Уяўляла, што адна кветка — гэта прынцэса, а другая — прынц. Дзякуючы фантазіі з такімі “каралеўскімі асобамі” разыгрывала розныя сітуацыі, але ўпотай марыла пра прыгожую ляльку з залатымі валасамі. Шчасцю не было межаў, калі аднойчы мама і тата прынеслі ў хату дзве лялькі — Люсю і Свету. Той вечар і зараз стаіць у мяне перад вачыма, а бацькі ўжо як дзесяць год няма на гэтым свеце. Стараемся часцей бываць у мамы ў Старым Сяле, куды яна некалі пераехала за ім з Маларытчыны. Я і яшчэ дзве сястры абаснаваліся недалёка, у Азятах, адна ў Жабінцы, а яшчэ трое пусцілі карані ў Брэсце. У кожнай свае турботы, хтосьці ўжо ўнукаў гадуе, але заўжды знаходзім час, каб прыехаць да роднага парога. Гэта ж неверагоднае шчасце быць часткай такой вялікай дружнай сям’і і ведаць, што тут чакае мама, якой патрэбна наша дапамога і добрае слова.
— Кажуць, што маміны рукі маюць асаблівы водар. Чым пахнуць яны для вас?
Людміла САБАЛЕЎСКАЯ:
— Даражэй за іх няма нічога. Яны ніколі не стамляліся нас апранаць, карміць, песціць. На іх — адбітак пастаяннай працы, а ў водары чуваць пахі ўсяго наваколля. Для мяне яны пахнуць духмянымі пірагамі і пернікамі з печы, смачнымі клёцкамі і дранікамі, а яшчэ 70-цю варэнікамі ды сырнікамі. Менавіта столькі ляпілі матуліны рукі для нашай вялікай сям’і. І на ўсё ў яе хапала часу! Калі падраслі, сталі дапамагаць у кулінарнай справе. Памятаю, свае першыя тамачы (пюрэ) з кіслым малаком і хрумсткімі скварачкамі зрабіла ў шостым класе. Гатавалі з сёстрамі па чарзе, вучылі адна другую, браліся за розныя стравы. Гэтая навука потым кожнай спатрэбілася — сталі добрымі гаспадынямі.
— З якімі словамі асацыюецца вобраз мамы?
Наталля АЛЕКСІЕВІЧ:
— Можна многа гаварыць, але выберу пяць слоў: прыгажосць, цярпенне, святло, дабрыня, працавітасць. У нашай матулі самыя прыгожыя ва ўсім свеце вочы, шчырая ўсмешка і густыя кучаравыя валасы, якімі ўзнагародзіла ўсіх сваіх дочак. Колькі ёй прыйшлося пераадолець, пакуль мы выраслі і адправіліся ў самастойнае жыццё! Яно падносіла розныя сюрпрызы, але матуля нават самы пахмурны дзень заўжды напаўняла цеплынёй і ўтульнасцю. У яе дабрыні няма межаў: здаецца, ніхто не ўмее так шчыра радавацца поспехам іншых, як гэта робіць наша мама. Працалюбства даўно стала не проста часткай яе жыцця, а жыццём, якому матуля навучыла і нас. Зразумела, што для кожнага чалавека яго мама самая-самая, але так і павінна быць. Давайце ж і мы, дзеці, будзем самымі лепшымі для сваіх матуль, будзем шчодра вяртаць ім тую пяшчоту і любоў, на якія ніколі не скупіліся іх рукі і сэрца.
Гутарыла Дар’я НІКАНЧУК.
Вершаваныя радкі
для любай матулі ад дочак
Ступае ціха восень, і яе крылом
Пакрыты сенажаці і даліны,
Кароткі дзень, маркотны дол,
Яна збірае ў падол даніну
Чырванашчокім яблыкам,
І золатам, і серабром.
Цалуе шчокі дождж
нябрыты і маркотны,
І вецер гне-дае — і па спіне, і ў спіну,
Ёсць добры дом, ёсць справы і турботы,
Ёсць ты і я, я сум свой восені пакіну.
Цяплом удзячнай восені сагрэта,
Бягу, нясусь ці ціхенька шыбую.
Адну я думку пестую-шаную:
Удзячна лёсу, што дзяцей гадую
І што дачка твая — паклон табе за гэта.
Дык дзякуй, ніва, што была ўрадліва,
Дык дзякуй, мама, што жыву шчасліва.
