САЎМІН ВЫЗНАЧЫЎ НОВЫЯ ПАДЫХОДЫ ДА ПАЦВЯРДЖЭННЯ КРАІНЫ ПАХОДЖАННЯ ТАВАРАЎ ПРЫ ДЗЯРЖЗАКУПКАХ

Савет Міністраў вызначыў новыя падыходы да пацвярджэння краіны паходжання тавараў для мэт прымянення механізма «трэці лішні» і прэферэнцыйнай папраўкі ў памеры 15 працэнтаў пры працэдурах дзяржаўных закупак. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ад 30 кастрычніка 2020 года нумар 620, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

«Навацыяй з’яўляецца тое, што для пацвярджэння вытворчасці тавару ў Беларусі можа быць прадстаўлена копія сертыфіката прадукцыі ўласнай вытворчасці, выдадзенага Беларускай гандлёва-прамысловай палатай або яе ўнітарнымі прадпрыемствамі, іх прадстаўніцтвамі або філіяламі. У выпадку прадстаўлення сертыфіката ўдзельнікам працэдуры дзяржзакупкі, які не з’яўляецца вытворцам, у абавязковым парадку дадаецца дакумент, што пацвярджае правамоцтва на яго выкарыстанне», — расказалі ў прэс-службе.

Калі ўдзельнік — рэзідэнт Беларусі — прапануе тавары, вырабленыя ў краінах ЕАЭС, сертыфікат аб паходжанні тавару формы СТ-1 павінен быць выдадзены Беларускай гандлёва-прамысловай палатай або яе ўнітарнымі прадпрыемствамі.

Акрамя таго, пастановай пашыраны пералік тавараў, якія заказчыкі (арганізатары) маюць права набыць у іх вытворцаў з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы ў выпадку, калі цэны на такія тавары рэгулююцца Прэзідэнтам, Саветам Міністраў, дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі). Папоўніўся і спіс тавараў замежнага паходжання, адносна якіх устанаўліваецца ўмова іх допуску да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак.

БелТА