Хто з нас, дзяцей савецкага пакалення, не памятае ўрачыстага прыёму ў акцябраты, піянеры, камсамольцы? Не забыць нам і піянерскія добрыя справы, паходы, вогнішчы ды гулкае рэха ад нашых спеваў “Взвейтесь кострами, синие ночи…”?
Сёння Беларуская рэспуб-ліканская піянерская арганізацыя адзначае Дзень піянерскай дружбы. І да гэтай даты яе дружыны імкнуцца папоўніць свае шэрагі малодшымі школьнікамі, якія з радасцю і хваляваннем чакаюць гэтага ўрачыстага моманту.
Сёлетняе раённае свята “Салют, піянерыя!”, падчас якога юныя жабінкаўцы былі прыняты ў шэрагі БРПА і БРСМ, адбылося ў межах рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Беларусь помніць!”, прысвечанай 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, вызваленню Беларусі і Вялікай Перамозе.
Як толькі святочна апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі выстраіліся ля помніка загінулым воінам і партызанам, раптоўны дождж падкарэкціраваў праграму мерапрыемства і перамясціў усіх герояў урачыстасці ў кінатэатр “Юбілейны”. Пад яго дахам і прагучала ўрачыстая клятва юных піянераў.
У той дзень акцябратамі сталі 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, піянерамі — 136, білеты членаў грамадскага аб’яднання “БРСМ” атрымалі больш за два дзясяткі юнакоў і дзяўчат.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Кулак заўважыў, што ўсе яны зрабілі правільны выбар, сталі на прыступку вышэй. За сур’ёзным крокам, які робяць школьнікі, — шмат новых адкрыццяў, праектаў, добрых спраў.
— У Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі берагуць агульначалавечыя каштоўнасці: працу, дабро, справядлівасць, — сказаў Віталь Уладзіміравіч, — памнажаюць лепшыя традыцыі, выхоўваюць сапраўдных патры-ётаў. У піянерскім руху Беларусі каля 700 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак — гэта самая масавая дзіцячая арганізацыя ў нашай краіне. У дружынах Жабінкаўшчыны паўтары тысячы акцябрат і піянераў. Старэйшае пакаленне можа ганарыцца, што моладзь працягвае іх традыцыі.
Кіраўнік раёна пажадаў юным жабінкаўцам стаць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, з гонарам насіць піянерскі гальштук, быць прыкладам для тых, хто яшчэ збіраецца ўступіць у шэрагі дзіцячай арганізацыі, сваімі карыснымі справамі і дасягненнямі праслаўляць родную школу, сям’ю, раён.
Свае віншаванні і пажаданні моладзі выказала першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Андрасюк. Яна адзначыла, што сёння актывісты дзіцячай і маладзёжнай арганізацый — гэта згуртаваная каманда і сур’ёзная сіла ў грамадскім жыцці Жабінкаўшчыны.
Кіраўнік маладзёжнай арга-нізацыі выказала спадзяванне: тыя, хто далучыўся да шэрагаў БРПА і БРСМ, зробяць вялікі ўклад у жыццё горада і раёна, будуць актыўнымі і павядуць за сабой іншых.
3 наказам да маладога пакалення звярнуўся і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі, які сказаў:
— Быць першым — ганаровы абавязак і цяжкая праца. Акцябраты, піянеры і члены БРСМ павінны быць першымі і лепшымі ва ўсім: у вучобе, працы, спорце, грамадскім жыцці. У савецкія часы існаваў цімураўскі рух: піянеры бралі шэфства над ветэранамі, адзінокімі пажылымі людзьмі і аказвалі ім пасільную дапамогу.
Анатоль Аляксандравіч выказаў пажаданне, каб школьнікі часцей наведвалі ветэранаў, слухалі іх расповеды, пераймалі іх вопыт.
Ад імя моладзі слова трымала навучэнка трэцяй гарадской школы Вікторыя Ляшко:
— Сёння адбываецца ўрачыстая і значная падзея ў нашым жыцці. Мы разумеем, што ў нашых руках — светлая будучыня краіны. Перад кожным пакаленнем стаяць тры задачы: вывучыць вопыт папярэднікаў, памножыць яго і беражліва перадаць наступнаму пакаленню. Настала і наша чарга ўмацоўваць веліч і магутнасць Беларусі. Мы абяцаем быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны!
Затым юныя жабінкаўцы ўра-чыста паабяцалі любіць Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, заўсёды трымацца Статута і традыцый піянерскай арганізацыі.
Ганаровае права завязаць гальштукі піянерам і ўручыць значкі акцябратам было дадзена гасцям свята, у лік якіх, акрамя кіраўніка раёна, уваходзілі яго намеснік Іна Тарасевіч, начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анатоль Манько, начальнік адзела па адукацыі райвыканкама Галіна Бурко, дырэктар раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Галіна Іванова і іншыя. Дарэчы, менавіта цэнтр творчасці традыцыйна з’яўляецца арганізатарам прыёму ў піянеры і курыруе работу піянерскіх дружын Жабінкаўшчыны.
Вядучыя ўрачыстасці заўважылі, што 2021-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства. Усіх нас аб’ядноўвае жаданне жыць у згодзе і быць шчаслівымі, цаніць родную зямлю. Час бяжыць, мяняюцца пакаленні. На чырвоным полі піянерскага гальштука з’явіўся зялёны колер, сімвалічны для нашай дзяржавы. Але нязменнымі засталіся добрыя традыцыі, пранесеныя піянерскай арганізацыяй амаль праз сто гадоў, якія яна адзначыць у наступным годзе.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Святланы КІСЛАЙ

