Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
Восень сёлета шчодра дорыць яркія колеры. Дрэвы ў чырвона-жоўта-пурпуровым убранні лашчаць вока, зіхаціць у промнях сонца яркі дыван з лісця ў парку. Любата дый годзе!
Такі ж чароўна-прыгожы і сад, што належыць фермерскай гаспадарцы “ЯКВІЛ”. На дзясяткі гектараў раскінуўся ён. Гонкія дрэўцы, на першы позірк, невысокія і стройныя, абвешаны сакавітымі чырванабокімі яблыкамі. Утрымаць іх яблыням няпроста: плады налітыя жыццёвымі сокамі і сонечнай пяшчотай. Ідзеш па роўных дарожках паміж дрэўцамі, любуешся гэтай прыгажосцю, удыхаючы водар саду, — і атрымліваеш задавальненне.
Праўда, садаводу Віталю Арабейку, які некалькі гадоў з’яўляецца лепшым дарадцам і памочнікам заснавальніка фермерскай гаспадаркі “ЯКВІЛ”, шчыра кажучы, не да лірыкі. Сады сёлета добра ўрадзілі, надвор’е стаіць выдатнае, таму зараз задача нумар адзін — сабраць да апошняга яблычка ўраджай.
…Шэры “УАЗік” спрытна коціцца па сцежцы. На календары — восень, аднак тут, у фруктовым садзе, здаецца, час спыніўся і ва ўсю яшчэ гаспадарыць лета, бо трава і лісце на дрэвах сакавіта зялёныя. Бадай, пра восень нагадваюць толькі яблыкі. Яны дружненька абляпілі галіны і чакаюць працаўнікоў, што акуратна і спрытна здымуць іх у спецыяльныя вёдры.
— Без дадатковых рук нам не абысціся, — тлумачыць Віталь Дзмітрыевіч. — Адны толькі яблыні займаюць 70 гектараў. Штодня збіраюць ураджай (зразумела, калі надвор’е спрыяе) да трох дзясяткаў чалавек. У дзень атрымліваецца абарваць з дрэў 50 скрынь яблыкаў — гэта каля 40 тон. Сёлета плануем сабраць не менш за дзве тысячы тон яблыкаў.
Віталь Дзмітрыевіч не хавае гонару — у гэтым годзе сады “ЯКВІЛА” вельмі шчодрыя. Уявіце сабе: летась сабралі крыху больш за 800 тон яблыкаў, а сёлета будзе звыш 2000 тон! Зразумела, без граматнага ўмяшальніцтва чалавека атрымаць столькі б не ўдалося, даводзіцца, пачынаючы з перыяду цвіцення, апрацоўваць дрэвы ад хвароб і шкоднікаў. З захоўваннем ураджаю таксама праблем няма — ёсць гароднінасховішча ўмяшчальнасцю 2000 тон.
— Нашы яблыкі ідуць на “ўра” ў Расійскую Федэрацыю, а таксама ў гандлёвую сетку вобласці, на Пакроўскім кірмашы жабінкаўцы таксама ахвотна іх куплялі, — працягвае садавод. — Яны маюць прывабны таварны выгляд, смачныя, сакавітыя. Мне найбольш падабаюцца гатункі “Гала”, “Лігал” — яны салодкія. “Айдарэд”, “Чэмпіёна”, “Цэлесту” люблю за ўраджайнасць — збіраем да 60 тон з кожнага гектара. “Алеся”, “Поспех”, як бачна па назвах, беларускай селекцыі. Яны менш капрызныя. Хаця ўсё жывое клопат любіць, і сад — не выключэнне.
Бачыце, кожны яблычак трэба ўручную здымаць. З высокіх галін дастаем з дапамогай платформы. А тое, што ўпала, ідзе на сок. На аўстрыйскай лініі выпускаецца 12 відаў сокаў і фрэшаў з уласнай прадукцыі. У апрацоўку ідзе ўсё, што вырашчана на палях “ЯКВІЛА”: яблыкі, грушы, маліна, чарнаплодная рабіна, агрэст, буякі. І няхай гэта не вельмі даходная частка, затое няма праблем з нерэалізаванай прадукцыяй, якую надоўга не захаваеш.
…Літаральна праз тыдзень-другі сад апусцее. Сезон нарыхтовак, які ў “ЯКВІЛЕ” “адкрылі” клубніцы з малінай, падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння. Да вясны тут не будзе чутно гаманы работнікаў сярод нібыта асірацелых дрэў. Яблыні за зіму адпачнуць і набяруцца сіл, каб зноў аддзячыць дбайным гаспадарам шчодрым, духмяным ураджаем.
