Рыхтуемся да новага ацяпляльнага сезона

 

У нашым горадзе і раёне прадаўжаецца падрыхтоўка спажыўцоў цеплавой энергіі да асенне-зімовага перыяду. Згодна з зацверджаным райвыканкамам графікам, зарэгістраваць акты і пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд павінны 122 спажыўца цеплавой энергіі і 57 цеплакрыніц. Па стане на 24 жніўня зарэгістравалі пашпарты гатоўнасці 36 спажыўцоў (30 %) і 15 цеплакрыніц (26 %). На жаль, шэраг прадпрыемстваў своечасова не падалі заяўку на выклік інспектара для ўдзелу ў камісіі, чым зрываюць зацверджаны райвыканкамам графік.
Самыя распаўсюджаныя парушэнні, якія выяўляюць інспектары пры рабоце камісіі па праверцы электра- і цеплавой гаспадаркі да асенне-зімовага перыяду, – гэта адсутнасць цеплаізаляцыі на трубаправодах або яе дрэнны стан. Не заўсёды ўстаноўлены павераныя манометры, няма ў наяўнасці тэрмометраў. У сістэмах цеплазабеспячэння адсутнічаюць краны, штуцары для гідраўлічных выпрабаванняў і прамывак, што гаворыць пра фармальны падыход да падрыхтоўчых работ. Часта цеплавыя вузлы, асабліва ў жылых дамах і жыллёвых кааператывах, загрувашчаны пабочнымі прадметамі. Агульная праблема малых прадпрыемстваў – адсутнасць у штаце кваліфікаванага абслуговага персаналу, а менавіта на яго ўскладзены абавязкі па хуткай лакалізацыі магчымых аварыйных сітутацый з цеплаўстаноўкамі і цепласеткамі. Да пачатку ацяпляльнага перыяду яшчэ ёсць крыху часу. Тыя, хто па якіх-небудзь прычынах упусціў пытанні падрыхтоўкі да асенне-зімовых халадоў, павінны перагледзець планы, графікі з улікам часу.
Нагадваем, што ў адпаведнасці з дзейсным ТКП 388 “Правілы падрыхтоўкі і правядзення асенне-зімовага перыяду энергазабяспечваючымі арганізацыямі і спажыўцамі цеплавой энергіі” ўсе работы па падрыхтоўцы да зімы павінны быць завершаны да 20 верасня, а пашпарт гатоўнасці зарэгістраваны да 1 кастрычніка.
Уладзімір ДАНІЛЮК, дзяржаўны інспектар па энергетычным наглядзе.