Рыбалка даспадобы не толькі мужчынам

Большасць з нас схільныя думаць, што рыбалка – мужчынская справа. Аднак апошнім часам з такім меркаваннем можна паспрачацца: на берагах вадаёмаў усё часцей можна сустрэць прадстаўніцу прыгожага полу. Хоць яна без капялюшыка і не на высокіх абцасіках, але трымаецца ля вады паважна, ганарліва і ўпэўнена.
У адзін са жнівеньскіх дзён я сустрэлася з Верай Васільеўнай Русовіч, якую ведаю вельмі даўно. Аб тым, што яна рыбалоў з багатым вопытам, даведалася літаральна нядаўна, адразу захацелася паведаць пра яе захапленне чытачам “Сельскай праўды”.
Вера Васільеўна цяпер пенсіянерка. Яна нараджэнка Жабінкі. У юнацтве, як і большасць хлопцаў і дзяўчат яе пакалення, марыла пазнаць свет, знайсці паболей сяброў і, канечне, простае жаночае шчасце. Паддалася на ўгаворы аднакласніцы Тамары Цалюк: маўляў, у Адлеры ў яе родзічы, ёсць дзе спыніцца, паедзем паступаць туды. Дзяўчаты абралі сабе спецыяльнасць агародніка. Вучоба ў вучылішчы і паўтарагадовая адпрацоўка ў цяплічным камбінаце горада праляцелі незаўважна. Ні цёплае мора, ні новыя знаёмствы не затрымалі дзяўчат-жабінкаўчанак на чужой зямлі. Іх пацягнула на малую радзіму. Але тут чакала незадача – не маглі знайсці працу майстра-агародніка, якую набылі ў адлераўскім вучылішчы.
– Я ўладкавалася сакратаром-машыністкай у СШ № 2 Жабінкі, – расказвала Вера Русовіч, – бо адразу пасля дзесяцігодкі закончыла курсы па гэтай спецыяльнасці. Праз пэўны час перайшла на аналагічную пасаду ў Жабінкаўскі гарвыканкам, дзе працавала да яго расфарміравання. Як складваўся далей мой жыццёвы і працоўны лёс? Рупілася прадаўцом чыгуначнага магазіна ля вакзала ў Жабінцы, санітаркай раённай бальніцы, потым чыгуначнай у Брэсце, адкуль выйшла на пенсію. Выгадавала траіх дзяцей, маю столькі ж унукаў.
У кожнага сваё жыццё. Я жыла клопатам пра сям’ю, старалася, каб дзеці набылі прафесіі. Дзякаваць Богу і падтрымцы найперш маёй мамы нам удалося гэта ажыццявіць. Як любая жанчына, хачу, каб у дзяцей усё было добра, каб болей шчасця і радасці прыносіў кожны дзень. Мне раней часам гэтага не хапала.
Так, Вера Васільеўна Русовіч звычайная жанчына, на долю якой выпала добрае і злое, прыемнае і жудаснае, але яна старался ў любой сітуацыі быць сумленнай і шчырай. Ёсць у яе захапленне, прывітае татам Васілём Іванавічам Краўцовым яшчэ ў дзяцінстве. У памяці Веры захаваліся тыя прыемныя хвіліны, як бацька браў яе на рыбалку: апранаўся па форме – у вялікія гумовыя боты (было многа балот вакол), як садзіў на плечы і пераносіў на сухое месца, як вучыў чапляць нажыўку на кручок, закідваць вуду, як радаваліся багатым уловам (рыбы ў вадаёмах хапала)…
У гутарцы жанчына прызналася, што рыбалка асабліва захапіла яе пасля замужжа, дый ўловы былі “ўраджайныя”. Адпраўлялася за дарункамі люстраной роўнядзі часцей раніцай. Садзілася на свайго двухколага памочніка, дзе з вечара былі прымацаваны вуды, і ехала. Навокал цішыня, спакой, любавалася ўзыходам сонца. І было так здорава! Прызналася Вера Васільеўна, што выбірала розныя вадаёмы для рыбалкі, часцей уладкоўвалася далей ад іншых рыбакоў і захоўвала цішыню, каб не распужаць карасікаў, карпікаў, падлешчыкаў… За дзясяткі гадоў на кручок яе вуды траплялася не толькі вышэйназваная рыба, але й шчупакі, сомікі. Выпрацаваліся ў Веры Васільеўны і пэўныя правілы: маленькую непашкоджаную рыбінку выпускаць назад у ваду; апранацца зручна і па надвор’і; рыхтавацца да рыбалкі загадзя: зварыць прыкорм, накапаць чарвякоў, прагледзець усе вуды.
– У нашым асяродку пануюць такія прыкметы, – заўважыла аматар-рыбалоў, – на ноч рыбу есці нельга, а то раніцай лавіцца не будзе. І з сабой яе браць не варта. Прытрымліваюся іх. Сказаць, што “клёў” заўсёды цудоўны, не магу. Праўда, аб гэтым не шкадую, бо для мяне галоўнае – зносіны з прыродай, насычэнне яе энергіяй. Заўважу, што жанчыны ловяць не горш за мужчын, але дадам – ніколі не ўзважвала свой улоў, безумоўна, вельмі радуюся, калі ён удалы. Гадоў пяць назад, памятаю, налавіла столькі карпаў, што ледзь пагрузіла на веласіпед. Не люблю хадзіць са спінінгам, любімая рыбалоўная прылада – вуда. Уладкуюся на беразе ў поўнай цішыні і сачу за паплаўкамі.
Веру Русовіч хвалюе змяншэнне рыбы ў вадаёмах, а таксама абворванне каналаў да самай вады. Пазней пасевы тут апрацоўваюцца рознымі хімікатамі, якія трапляюць у ваду, што часта прыводзіць да гібелі рыбы. Здараецца, цячэ такая вада нават у рэкі, а значыць, можа ўзнікнуць вялікі паморак. Высыханне вады ў каналах таксама змяншае колькасць рыбы.
Сустракаліся жанчыне-рыбалову і браканьеры, якія знішчаюць не толькі вялікую жыўнасць, але й малькоў. Падчас гаворкі яна выказала пажаданне, каб любы рыбак пакідаў сваё месца ля вады чыстым.
Вядома, Вера Русовіч неаднойчы чула: “Навошта прачынацца так рана дзеля рыбы, мерзнуць зімой?” На гэта яна з усмешкай адказвае: “Рыбалка сапраўды захапляе, калі чалавек азартны, нелянівы. Да таго ж яна дазваляе прыемна бавіць час на прыродзе. А яшчэ рыбакі вельмі добразычлівыя, шчырыя паміж сабой. Спытайся – і раскажуць пра ўлоў і пра месцы, дзе клюе, дадуць параду маладому, недасведчанаму аматару пасядзець з вудай і, канечне, пажадаюць перад пачаткам ні хваста, ні лускі – каб усё атрымалася”.
Вера Васільеўна захапіла рыбалкай і сваю родзічку Марыну Конанаву. Часта бачыцца яшчэ з адной аматаркай парыбаліць Вольгай Лазоўскай, каб абмяняцца з ёю думкамі. Усе яны лічаць, што рыбная лоўля пасуе не толькі мужчынам, і жадаюць паўдзельнічаць у спаборніцтвах, праявіць падчас іх уменне, азарт, цярпенне.
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: Вера Васільеўна РУСОВІЧ з уловам.