Родная школа — любоў мая…

Напярэдадні юбілею трэцяй гарадской адзінаццацігодкі сустрэліся з яе педагогамі і навучэнцамі і папрасілі выказацца, што для іх значыць родная школа.

Ірына Сцяпанаўна САКОЛЬЧЫК, настаўнік пачатковых класаў:
— Школа для мяне — гэта ўсё маё жыццё, таму што з 50 пражытых гадоў 30 я аддала працы ў роднай установе. Гэта радасць за поспехі вучняў і ўласных дзяцей, таму што абое скончылі трэцюю школу, прычым паспяхова. Гэта перажыванні і хваляванні за маіх выхаванцаў. Гэта пастаянная самаадукацыя і вучоба, таму што не толькі я вучу дзяцей, але і яны вучаць мяне.
Таццяна Віктараўна ДАМАНСКАЯ, настаўнік хіміі:
— Школа — для мяне нават не другі, а першы дом, калі падлічыць, колькі часу я праводжу на працы і дома (смяецца). Тут мае любімыя навучэнцы, калегі, сябры, аднадумцы. Я люблю справу, якой займаюся, аддаюся ёй цалкам і поўнасцю і стараюся ўлюбіць у свой прадмет дзяцей. А яшчэ ў сценах роднай установы я забываю пра ўсялякія праблемы: калі заняты працай, пра іх проста няма калі думаць.
Людміла Сцяпанаўна МАРЧАНКА, настаўнік рускай мовы і літаратуры:
— У трэцяй адзінаццацігодцы я працую з 1992 года. Ні разу не пашкадавала аб выбраным прафесійным шляху. Быць настаўнікам — сапраўды маё прызванне, як бы высакапарна гэта ні гучала. Для мяне школа — гэта ў першую чаргу дзеці, а я — шматдзетная мама. Я выпусціла тры немалыя выпускі, якія правяла ад пятага да адзінаццатага класа. З дзецьмі мы развіваемся, удасканальваемся, маладзеем. Іх трэба паважаць і ў пятым класе, і ў сёмым, і ў дзясятым — у любым. І яны гэта адчуваюць і да настаўніка ставяцца з павагай. Кожны навучэнец — гэта асоба, я люблю дзяцей — і яны адказваюць мне ўзаемнасцю і зацікаўленасцю маімі прадметамі.
Юлія Валер’еўна КАВАЛЬЧУК, настаўнік англійскай мовы:
— У мяне такое ўражанне, быццам я з роднай школы нікуды не сыходзіла. Правучылася тут 11 гадоў і вярнулася сюды пасля ўніверсітэта дыпламаваным спецыялістам. Гэта для мяне нават больш, чым дом. Мае былыя настаўнікі цяпер мае калегі, мы як адна сям’я. Школа — гэта сустрэча з сябрамі, з вучнямі. Апошнія не даюць сумаваць, “фантануюць” ідэямі, зараджаюць энергіяй і пазітывам. А якія магчымасці для творчасці! Адвёў урокі — і хочаш спявай з дзецьмі, хочаш танцуй, хочаш малюй ці пастаноўкі на англійскай мове рэпеціруй! Аднастайнасці ў нашай рабоце дакладна няма!

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК, навучэнец 11 “А” класа:
— Школа — гэта тое месца, дзе кожны можна з дапамогай настаўнікаў знайсці сябе, раскрыць свае здольнасці і таленты, паўдзельнічаць у алімпіядах і конкурсах. Я прымаў удзел у многіх: і абласнога, і рэспубліканскага ўзроўню. Гэта было вельмі цікава. У міжнародным конкурсе … чэлендж. Удзячны ўсім педагогам трэцяй школы за трывалыя веды, якія яны даюць, і неабыякавасць да вучняў!
Дзмітрый УЛЬЧЫК, навучэнец 11 “А” класа:
— Тут мы атрымліваем веды, якія спатрэбяцца нам у далейшым, стануць трывалай базай пра навучанні ў каледжах, універсітэтах. Школа — гэта і месца сустрэчы з сябрамі. Мне як сёлетняму выпускніку шкада расставацца з імі і любімымі настаўнікамі. Запомніцца ўдзел у факультатывах, пазашкольных мерапрыемствах, асабліва спартыўных, а таксама ў “Арляняці” і “Зарніцы”.
Лізавета КАРПУК, навучэнка 11 “А” класа:
— Школа — месца, дзе мяне заўсёды зразумеюць і дапамогуць. Мерапрыемствы, якія тут право-дзяцца, дапамагаюць нам раскрывацца, развівацца. Удзячна сваім настаўнікам, дзякуючы ведам, што яны далі, я ўпэўнена гляджу ў будучыню.
Марына АНДРАЙЧУК, навучэнка 11 “Б” класа:
— Школа ­— гэта месца, дзе я набываю веды, што спатрэбяцца ў далейшым жыцці. Акрамя таго, школа вучыць нас сябраваць, узаемадзейнічаць паміж сабою. Тут цікава, займальна, пазнавальна і не сумна!
Ганна БАРЫСЮК, навучэнка 11 “Б” класа:
— Школа — гэта ўтульная атмасфера ўзаемаразумення, падтрымкі і даверу паміж настаўнікамі і вучнямі. Педагогі дапамагаюць ажыццяўляць нашы мары. Тут цікава праходзяць урокі, весела на перапынках. У нашай школе праходзіць мноства разнастайных мерапрыемстваў, у якіх мы з задавальненнем прымаем удзел. Я вельмі рада, што правучылася 11 гадоў менавіта ў трэцяй школе. Вялікі дзякуй усім, хто тут працуе!
Паліна ФЕДАРУК і Глеб СЕРАФІМОВІЧ, навучэнцы 4 “А” класа:
— Гэта наш другі дом, аднакласнікі — нібы браты і сёстры, а настаўніца — другая мама. Школа — гэта свет ведаў, тут мы даведваемся шмат новага і цікавага. Мы любім нашу школу! Яна — самая лепшая!
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фатаграфавала Крысціна СЕМЯНЮК.