Роднаму слову прызнанне ў любові

Ці ведаеце вы, што беларускую мову ЮНЕСКА прызнала другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай? Вучні і настаўнікі Крыўлянскай адзінаццацігодкі ўпэўніліся ў гэтым на ўласным вопыце: у школе прайшоў Тыдзень матчынай мовы. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Валянціна Пешка і Ніна Казюра прапанавалі шэраг мерапрыемстваў, у якіх паўдзельнічалі педагогі і вучні.
Тыдзень распачаўся з акцыі “Роднаму слову прызнанне ў любові”. Кожны напісаў сваё любімае слова, якое ўпрыгожыла “дрэва жыцця беларускай мовы”. У выніку яно расквецілася словамі “дзякуй”, “каханне”, “калі ласка”, “летуценнікі” і іншымі. А вучні старэйшых класаў згадалі радкі са сваіх любімых беларускіх вершаў і песень.
Наступны дзень прайшоў пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску!”. У інтэлектуальнай гульні “Размаўляем па-беларуску” вызначыліся вучні сёмага класа Юлія Марчук, Дар’я Дзенісовіч і Дана Мароз.
У школьнай бібліятэцы ладзілася выстава “Ты як песня салаўя, мова родная мая”. Бібліятэкар Валянціна Стасюк правяла для вучняў першага класа пасвячэнне ў чытачы.
Тыдзень матчынай мовы немагчыма ўявіць без конкурсу чытальнікаў. Лепшымі прызнаны Ірына Рубашэўская, Максім Саўчук, Вадзім Шынкарук, Яраслаў Здановіч, Анжаліка Дзянішчыц, Вікторыя Петрусевіч.
Самым юным удзельнікам — першакласнікам — прапаналі намаляваць беларускія словы. А вось вучні старэйшых класаў рабілі рэкламу ветлівых слоў.
У апошні дзень адбыўся літаратурны рынг “Што? Дзе? Калі?” сярод вучняў 9-11 класаў. Перамагла ў ім каманда “Шыпшына”, у складзе якой змагаліся Вадзім Шынкарук, Паліна Цярохіна, Дзмітрый Дзянішчыч, Андрэй Мароз, Вікторыя Дземідзюк, Ганна Арловіч.
Мерапрыемствы тыдня захапілі навучэнцаў, раскрылі іх веды і таленты. А самыя цікавыя моманты адлюстроўвалі фотаздымкі, якія штодзённа размяшчаліся на інфармацыйным стэндзе. Кожны хацеў знайсці там сябе, таму і ўдзельнічалі ўсе актыўна!
Вольга МАРЧУК, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Крыўлянскай сярэдняй школы 

На здымку: пераможцы Тыдня разам з настаўніцай Нінай КАЗЮРА.