Роднае слова грэе душу

Гэта безумоўна адчулі вучні Маціевіцкай базавай школы, дзе ў гэтыя вераснёўскія дні прайшоў насычаны Тыдзень беларускай мовы.

Усе без выключэння навучэнцы сталі сапраў-днымі падарожнікамі ў свет роднай мовы і літаратуры. Адбывалася гэта з дапамогай класных кіраўнікоў, настаўнікаў пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святланы ПЕШКА.
Распачынаўся тыдзень 15 верасня, калі для 5-9 класаў праводзілася акцыя “Размаўляем па-беларуску”. Дзеці змаглі адчуць наколькі дарагое і трапяткое роднае слова, як важна памятаць і ганарыцца мовай, якую ўзгадавалі для нас многія пакаленні продкаў, на якой свае творы пісалі сапраўды народныя песняры Янка КУПАЛА і Якуб КОЛАС.
На працягу ўсяго тыдня ў школе дзейнічала кніжная выстава “Скарбонкі гістарычнай памяці”. Яна дазваляла пазнаёміцца з багатым мінулым беларусаў, што надзвычай важна ў Год гістарычнай памяці. Адначасова самыя малодшыя вучні, якія займаюцца ў 1-4 класах пападарожнічалі па казачных мясцінах, пазнаёміліся з творамі літаратараў, што пішуць для дзяцей. Асаблівую цікавасць у маленькіх выклікала казка, напісаная жабінкаўскім пісьменнікам Расціславам БЕНЗЕРУКОМ.
Вельмі насычанымі на мерапрыемствы выдаліся серада і чацвер. 21 верасня прайшоў турнір знаўцаў роднай мовы, а на наступны дзень — анлайн-акцыя “Натхнёныя Бацькаўшчынай”. Акрамя таго, вучні 5-9 класаў прымалі ў сябе гісторыка і пісьменніка Анатоля БЕНЗЕРУКА (на здымку). Анатоль Расціслававіч расказаў пра дзяржаўныя святы, якія існуюць у нашай краіне, падрабязна распавёў пра трагічны лёс вёскі Драмлёва, якой прысвяціў дакументальную аповесць-эсэ “Галавасек”. Празаік прапанаваў юным чытачам адкрываць у сябе таленты, у тым ліку літаратурныя. Для прыкладу ён прачытаў цудоўную вершаваную казку вучаніцы са Старога Сяла Вольгі ДРУШЧЫЦ. Гэты твор неўзабаве з’явіцца ў тэматычнай паласе “Берасцейскае шматгалоссе”, якая выходзіць на старонках “Сельскай праўды”.
Антон БЕРАСТОК