Рэкорды ставіць “Рэкардзіньё”

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Надвор’е верасня і кастрычніка проста цудоўнае, што дае магчымасць аграрыям максімальна якасна і хутка спраўляцца з асеннімі палявымі работамі. Сёлета прырода адвяла ім часу на ўборку буракоў, бульбы, гародніны, кукурузы на зерне на тыдзень, а то і на два болей, чым летась. Праўда, гэта не нагода расслабляцца — трэба зладжана і арганізавана праводзіць увесь цыкл асенніх работ.

Якраз з гэтым у ААТ “Вазнясенскі” праблем не ўзнікае. Як расказала галоўны аграном гаспадаркі Ларыса Марчук, ужо адышла асенняя пасяўная. “Уклаліся ў аптымальныя тэрміны, правялі ўвесь комплекс агратэхнічных работ. Дружна з’явіліся першыя ўсходы азімых, і яны вельмі радуюць, — падкрэсліла Ларыса Іванаўна. — Цяпер ідэальна было б ім накрыцца снегам, як коўдрай, і дачакацца вясновага цяпла”.
Паралельна на палі ўносіцца арганіка, вядзецца ўздым зябліва — рыхтуецца глеба пад ураджай будучага года.
Адначасова ўбіраецца з палёў і ўраджай бягучага. На парадку дня цукровыя буракі і кукуруза — гонар гаспадаркі і самая даходная частка раслінаводчай галіны.
— Сёлета адвялі пад салодкія караняплоды 160 гектараў, — расказвае аграном, пакуль усюдыход “Ніва” лоўка пераадольвае няроўнасці ўзаранага поля на шляху да буракаўборачнага камбайна ля вёскі Мацясы. — Ураджаем задаволены. Вось, напрыклад, зараз убіраем не самыя лепшыя ўчасткі і атрымліваем 796 цэнтнераў з кожнага гектара. Мяркуем накапаць на ўзроўні мінулага года — да 13 тысяч тон цукровых буракоў. Уявіце сабе — бункер камбайна ўмяшчальнасцю 15 тон запаўняецца ўсяго за чатыры хвіліны!
У дзень убіраем да шасці гектараў. Магутнасці нашага “Холмера”, безумоўна, большыя, аднак магчымасці стрымлівае транспарт. На жаль, тых шэсць адзінак тэхнікі, што занятыя адвозкай буракоў на прызаводскі пункт, яўна не хапае, бо яны затрымліваюцца ў чэргах на выгрузку.
Можна было б разгледзець і такі варыянт: рабіць кагаты на полі. Аднак яго ў гаспадарцы не разглядаюць: эканамічна не выгадна. Патрабуюцца дадатковыя расходы на пагрузку, дый караняплоды падсыхаюць, губляюць тургар. А пакуль стаіць сухое надвор’е, буракі адпраўляюцца ў перапрацоўку чыстыя, сухія і сакавітыя, з цукрыстасцю не меней за 17 %.
Дарэчы, некалькі гадоў запар у гаспадарцы меліся вопытныя ўчасткі, на якіх высяваліся цукровыя буракі розных фірм і гібрыдаў. Гэта дазволіла выбраць тыя з іх, што найлепш падыходзяць для вырошчвання на землях “Вазнясенскага”. Таму сёлета спыніліся на чатырох высокаўрадлівых гібрыдах фірмы “KWS”: “Акацыя”, “Канстанцыя”, “Казіміра”, “Максімела”.
Яны, зразумела, не падвялі, спраўдзілі надзеі. Праўда, аб тым, колькі працы было ўкладзена, каб атрымаць з кожнага гектара да 800 цэнтнераў караняплодаў, аграном тактоўна прамаўчала. А дарэмна: пасевы атрымалі ўсё, што патрабуе тэхналогія, пачынаючы з восеньскай падрыхтоўкі глебы. Былі ўнесены арганіка, мікраэлементы, калійныя і фосфарныя ўгнаенні, зроблены пазакаранёвыя апрацоўкі. І ў летнюю спёку, і зараз, восенню, бацвінне радуе вока сакавітай зелянінай.
Пакуль на буракаўборачным камбайне “Холмер” на “салодкіх” палях шчыруюць Валерый Дзямідчык і Сцяпан Кандрацюк, на суседнім полі за штурвалам “Джон Дзіра” Васіль Альшанец убірае кукурузу. Гэтая культура таксама ў пашане ў вазнясенцаў. Сёлета не паскупіліся, пасеялі 500 гектараў. На першых 333-х убралі “каралеву палёў” яшчэ зялёнай, атрымалі выдатны корм для грамадскага статка, а астатняе пакінулі, каб атрымаць зерне.
— Сёлета вырашылі сеяць гатункі нямецкай селекцыі “Сельвіньё” і “Рэкардзіньё”, а таксама беларускія — “Алмаз”, “Лювену”, “Палескі”, — тлумачыць аграном. — Ура-джай атрымалі выдатны. Беларускія сарты нас здзівілі — выраслі выдатныя расліны. А вось пачаткі аказаліся слабаватыя, таму скасілі і заклалі ў сіласныя траншэі. Цяпер клопат — убраць кукурузу на зерне. Сёлета рабіць гэта адно задавальненне. Дзякуючы сухому надвор’ю зярняты ў пачатках выспелыя, сухія, вымалочваюцца лёгка і без страт. З поля зерне дастаўляецца на сушылку, дзе яно дапрацоўваецца. Абмалочваецца кукуруза з рэкордна нізкай вільготнасцю — 25 % (хаця звычайна гэта лічба 28–38 % і вышэй).
Своеасаблівыя рэкорды па ўраджайнасці ставіць “Рэкардзіньё” — з кожнага гектара намалочваюць 128 цэнтнераў. Звыш 600 тон зерня кукурузы ААТ “Вазнясенскі” адправіла на Жабінкаўскі камбікормавы завод, каб атрымаць камбікорм для сваіх рагуль. У цэлым жа плануецца намалаціць не менш за 2300 тон зерня — хопіць і для ўласных патрэб, і на продаж. Калі паспрыяе надвор’е, на гэтым тыдні павінны дарэшты абмалаціць “каралеву палёў”.

На здымках: убірае кукурузу Васіль АЛЬШАНЕЦ; задаволены ўраджаем цукровых буракоў аграном Ларыса МАРЧУК, начальнік участка Аляксей САДОЎНІЧЫК, механізатары Валерый ДЗЯМІДЧЫК і Сцяпан КАНДРАЦЮК.