РЭХА ВАЙНЫ Ў МУЗЕЙНЫХ ФОНДАХ

Напярэдадні памятнага дня, звязанага з трагедыяй Хатыні, гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах наведалі прадстаўнікі райвыканкама – сябры раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

 

Яны імкнуліся бліжэй пазнаёміцца з мінулым Жабінкаўшчыны, і ў гэтым атрымалі дапамогу з боку дырэктара музея Святланы ЦАРУК і галоўнага захавальніка фондаў Андрэя ЗАХАРЧУКА. Супрацоўнікі ўстановы, якая створана дзеля захавання нашай памяці аб мінулым, падрабязна пазнаёмілі гасцей з музейнымі экспазіцыямі. Разам яны прайшліся па залах, прысвечаных народнаму побыту, роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, гісторыі Жабінкі і Жабінкаўшчыны ад самых пачаткаў да сённяшніх дзён.

Аднак цэнтральнай мэтай стала ўсё ж наведванне новай экспазіцыі “Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа”. Яна адкрылася ў раённым музеі больш за месяц таму і ўжо выклікала цікавасць у шматлікіх наведвальнікаў.

У аснове выставы – пошукі і здабыткі, зробленыя летась пракуратурай нашага раёна. Яе супрацоўнікі шчыльна займаюцца вывучэннем фактаў злачынстваў, якія ўчынялі на жабінкаўскай зямлі акупанты і іх памагатыя на працягу 1941-1944 гадоў. Цяпер у рамках Года гістарычнай памяці актыўна праводзіцца культурна-асветніцкая работа, каб як мага больш жабінкаўцаў ведалі праўду аб вайне. Яе рэха і праз дзесяцігоддзі кранае ўсё новыя і новыя пакаленні.

Як расказала намеснік пракурора Алена СІДАРУК (на здымку), пра даўнія злачынствы яскрава сведчаць не толькі гільзы ад патронаў, адшуканыя ў колішнім маёнтку Ацячызна (зараз ён у складзе аграгарадка Ленінскі), але і тыя сведкі, што захавалі ў памяці часы ліхалецця. Фотаздымкі на выставе, напрыклад, занатавалі моманты, калі Алена Міхайлаўна і пракурор раёна Алег ЦЫГАНОЎ запісвалі ўспаміны сцяпанкаўца Івана Аксенцьевіча МАКАСЮКА і жыхаркі Хадасоў Надзеі Паўлаўны БАРТАШУК.

Сведчанні людзей сталага ўзросту і архіўныя дакументы аформлены ў асобныя папачкі: “Расстрэлы яўрэйскага насельніцтва, в. Хадасы, в. Ацячызна”, “Пайменны спіс загінулых і выгнаных у Германію грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна”, “Журнал баявых дзеянняў 310-га паліцэйскага батальёна”, “Агляд месцаў злачынстваў фашыстаў на тэрыторыі аг. Ракітніца і в. Федзькавічы”, ды інш.

Папулярызацыя няпростай тэмы, пра якую павінен ведаць кожны, працягваецца. У бліжэйшы час супрацоўнікі пракуратуры правядуць падобныя мерапрыемствы ў музеі для навучэнцаў і настаўнікаў школ. Каля экспазіцыі “Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа” адбудуцца сустрэчы з няпростай нашай гісторыяй і для працаўнікоў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны.

Анатоль РОСТАЎ

Фота аўтара