Спрадвеку Жабінкаўшчына падтрымлівае сяброўскія суседскія адносіны з рэгіёнамі шматнацыянальнай Расійскай Федэрацыі. Цікавасць да нас заўсёды непадробная, таксама і жабінкаўцы сваімі культурнымі, эканамічнымі здабыткамі здзіўляюць суседзяў на ўсходзе.
7 снежня быў зроблены чарговы крок у гэтым накірунку, калі адбылася сустрэча кіраўніцтва Жабінкаўшчыны і муніцыпальнага ўтварэння Іглінскі раён Рэспублікі Башкартастан.
З боку Жабінкаўшчыны на сустрэчы прысутнічалі старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК і яго намеснік Андрэй КУЗЬМІЧ. Адпаведна Башкартастан прадстаўлялі кіраўнік Іглінскага раёна Гюзель НАСЫРАВА і яе намеснік па эканоміцы, бізнес-шэрыф Артур ІДРЫСАЎ.
План мерапрыемстваў, які падпісалі бакі, арыентаваны на развіццё перспектыў міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі. Падчас сустрэчы намечаны ключавыя арыенціры супрацоўніцтва. Сярод іх — узаемадзеянне па пытаннях мясцовага самакіравання, сумесная дзейнасць у аграпрамысловым комплексе, развіццё эканамічнага патэнцыялу, турызму. Не менш важным, як адзначылі прадстаўнікі Жабінкаўскага і Іглінскага раёнаў, з’яўляецца таксама ўзаемадзеянне ў галіне культуры, спорту і маладзёжнай палітыкі.
Гэткім чынам, рэгіёны, якія раздзяляюць вялікія адлегласці, маюць усе шансы стаць бліжэй.
Анатоль БЕНЗЯРУК

