Размова пра дзень сённяшні на месцы гістарычнай памяці

Мемарыяльны комплекс партызанскай славы “Хаваншчына” ў Івацэвіцкім раёне знаходзіцца на востраве ў лясным гушчары. Гэтае месца вядома далёка за межамі раёна, бо тут у 1943-1944 гадах месціўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, абкамы КПБ і камсамола, падпольная рэдакцыя абласной газеты “Зара”. Цікава, што неабходнае выдавецкае абсталяванне энтузіасты неслі на сабе звыш 500 кіламетраў ажно з Мінскай вобласці! Друкавалася газета на балоце, і кожнага яе выхаду з нецярпенннем чакалі чытачы на Вялікай зямлі, бо яна несла інфармацыю аб сітуацыі на франтах, давала надзею на хуткае вызваленне ад фашысцкіх захопнікаў. Цяжка ўявіць, як удавалася партызанам (а іх разам з жанчынамі і дзецьмі налічвалася звыш 200 чалавек) выжываць сярод непраходных балот, гатаваць ежу (днём запальваць вогніша забаранялася, каб не заўважылі нямецкія карнікі), праводзіць складаныя аперацыі параненым партызанам і нават вучыць дзяцей у лясной школе. Па ўспамінах, на ўсіх малых было толькі пяць падручнікаў, аднак дзеці вельмі хацелі вучыцца, і знаходзіліся смельчакі, што выбіраліся ў горад за падручнікамі. А гэта раўнялася смерці…
Цяпер тут — зацішна і спакойна. А каб акунуцца ў падзеі таго часу, рэалістычна пабудаваны комплекс “Хаваншчына” (ад беларускага слова “хавацца”). Дапамагаюць адчуць гэты час і работнікі музея, калі апранаюцца ў вопратку ваенных часоў, раскладваюць вогнішча, гатуюць няхітры абед (“мачанку” і аладкі з крапівы каштавалі?). Дарэчы, сёлета ў апошні майскі дзень “Хаваншчына” адзначыць чарговую гадавіну. Рэкамендуем там абавязкова пабываць — не пашкадуеце!
На мінулым тыдні сустрэчу з прадстаўнікамі абласных СМІ і мас-медыя на месцы гістарычнай памяці і партызанскага гонару правёў губернатар вобласці Юрый Шулейка. Падчас сустрэчы закраналіся многія тэмы — ад патрыятычнага выхавання да надзённай сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй.
— У нас няма панікі, як у першую хвалю захваральнасці, — запэўніў старшыня аблвыканкама. — Лечаць пацыентаў з кавідам у Брэсце, Пінску, Баранавічах, Кобрыне. На сённяшні дзень каля тысячы чалавек прахо-дзяць лячэнне амбулаторна і столькі ж знаходзяцца ў бальніцах. У вобласці дастаткова абсталявання і вопыту медперсаналу, каб праводзіць неабходнае лячэнне, устаноўлены чатыры дадатковыя апараты камп’ютарнай тамаграфіі. Таксама любы дарослы жадаючы можа зрабіць прышчэпку і праверыць, ці ёсць у арганізме антыцелы да каранавіруса. Дарэчы, я сам прышчапіўся — ніякіх пабочных эфектаў не было.
Юрый Шулейка расказаў, як прамысловасць Брэстчыны адаптавалася да работы ва ўмовах COVID-19:
— Эканамічная планка вобласці паднята вельмі высока, балансаваць на такім узроўні няпроста. Сёлета ў эканоміцы назіраецца рост экспарту прадукцыі. Перапрацоўчая прамысловасць таксама займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне. За дасягненні наш рэгіён занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару.
Абмеркаваў губернатар з жур-налістамі і тэмы эканамічных санкцый, замацавання маладых спецыялістаў на вёсцы з будаўніцтвам жылля з дзяржпадтрымкай для іх, а таксама закрануў змяненні ў Законе “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” і іншае.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара