«Раёнка ў маім жыцці»: 40 гадоў у адным творчым асяродку

«Раёнка ў маім жыцці»: 40 гадоў у адным творчым асяродку

Калектыў рэдакцыі раённай газеты “Сельская быў тым адзіным месцам, дзе прайшла ўся мая саракагадовая працоўная дзейнасць.

У 21 год з дыпломам філолага я ўлілася ў гэты творчы асяродак, які ў той час узначальваў Віталь Іосіфавіч Канавалюк – прафесіянал журналістыкі, умелы кіраўнік. Я прыйшла на пасаду карэспандэнта – арганізатара раённага радыё. Было страшнавата выходзіць на шырокую аўдыторыю з падрыхтаванымі мной самой перадачамі. Але ўвесь час адчувала падтрымку вопытных газетчыкаў. За час працы давялося асвоіць карэктарскую і машынапісную справы і абавязкі адказнага сакратара.

Мае допісы друкаваліся на старонках “Сельскай праўды”. Усе творчыя работнікі натхнёна аддаваліся справе. А як жа інакш? Раённая газета была і з’яўляецца зараз галоўным летапісцам жабінкаўскага краю, з яе старонак будучыя пакаленні даведаюцца, чым поўнілася жыццё прамыслоўцаў, чыгуначнікаў, педагогаў, моладзі…

Штомесяц вызначаўся лепшы карэспандэнцкі допіс. І вось на адной з планёрак замалёўка “Вясковая доктарка”, у якой я расказала пра фельчара Якаўчыцкага ФАПа Валянціну Сяргееўну Кузьміну атрымала тытул “Лепшы матэрыял месяца”. І я паверыла ў свае творчыя сілы. Дый у калектыве было ў каго вучыцца, удасканальвацца. Пэўны час у раёнцы працавалі тры пісьменнікі-прафесіяналы: Алесь Каско, Васіль Сахарчук і Расціслаў Бензярук. На старонках “Сельскай праўды” друкаваліся тэматычныя старонкі, інтэрв’ю, нарысы і замалёўкі пра лепшых вытворцаў, юбіляраў, народных майстроў, а таксама фельетоны, у якіх высмейваліся недахопы і заганы грамадства.

Газету землякі выпісвалі, чыталі – у пэўныя часы тыраж даходзіў да чатырох тысяч экземпляраў. Да карэспандэнтаў прыходзілі параіцца, падказвалі тэмы.

Героямі допісаў былі цікавыя, адданыя сваёй справе людзі, сустрэчы з якімі ўплывалі і на мой характар, прыходзіла ўменне распазнаваць сяброўства. Цікавымі суразмоўцамі былі настаўнікі Эмілія Смалюк, Святлана Янусік, Аліна Давідзюк, кіраўнікі розных рангаў Валянціна Рай, Анатоль Шалтанюк, Міхаіл Алавяннікаў, Мікалай Шпакоўскі, Аляксандр Семянюк…

Хутка дзясятак гадоў, як развіталася з калектывам “Сельскай праўды”. Выходзіла на заслужаны адпачынак з пасады адказнага сакратара газеты, які акрамя напісання матэрыялаў займаўся вычыткай і падборам карэспандэнцый для размяшчэння на старонках выдання.

Дзейнасць у журналістыцы дала багата сяброў, цікавых знаёмстваў, добры багаж ведаў і выдатнае веданне беларускай мовы (газета выдавалася ў той час на роднай мове). Менавіта дзякуючы ёй мы з мужам Алесем Каско і выбралі Жабінку для працы. Алесь Канстанцінавіч – беларускі пісьменнік, паэт і журналіст – не здраджваў матчынай мове ніколі, прапагандаваў у сваёй творчасці. Беларускасцю была напоўнена ўся наша сям’я. Хацелася б, каб сённяшнія супрацоўнікі раённай газеты, якія працягваюць справу папярэднікаў, часцей пісалі па-беларуску.

Людміла КАСКО

Фота з уласнага архіва