РАЁНКА БУДЗЕ РУХАЦЦА ДАЛЕЙ

Ужо склалася прыгожая традыцыя напрыканцы кастрычніка адзначаць нараджэнне раённай газеты. Для журналістаў “Сельскай праўды” і яе надзейных ды цікаўных чытачоў 29 кастрычніка — асаблівая дата, бо ў гэты дзень у агнявым сорак чацвёртым пабачыў свет самы першы нумар нашага выдання. Сёння раёнцы 78 гадоў. Хоць дата і не круглая, ды ўзрост, безумоўна, салідны. За гэты час жабінкаўская раёнка ўзгадавала шмат таленавітых журналістаў. І зараз “СП” стараецца ісці ў нагу з часам, заставацца летапісцам роднага краю, рухаецца разам з бурлівымі зменамі, якія прыносіць ХХІ стагоддзе.

А пачыналася ўсё ў ваенным 1944 годзе, калі Жабінкаў-шчына ўжо ачысцілася ад ворага, але да Перамогі заставаліся яшчэ доўгія агнявыя вёрсты. Край ляжаў у руінах, вельмі прыблізна можна было вызначыць агромністыя страты не толькі матэрыяльныя, але і людскія. Аднак было разуменне: жыхары не павінны заставацца без аператыўнай інфармацыі, ім трэба ведаць, што адбываецца на франтах, як жабінкаўцы сваёй працай дапамагаюць Чырвонай Арміі, якая вызваляе еўрапейскія краіны.
Менавіта таму першы нумар раённай газеты, якая тады называлася “Ленинский путь”, 29 кастрычніка 1944 года выйшаў з вялікім заклікам: “Хлеб — для фронту”. Каб газета, якую рэдагаваў Канстанцін КАЗАКОЎ, пабачыла свет, партызаны перадалі наборныя шрыфты, якімі друкавалі антыфашысцкія лістоўкі, дый сама раёнка спярша была падобна на баявы лісток.
Калі пагартаць яе пажоўклыя падшыўкі, можна прасачыць усю гісторыю краю, даведацца, напрыклад, як 30 сакавіка 1948 года ў Жабінкаўскай школе выступалі (не больш не менш!) народныя пісьменнікі Беларусі Максім ТАНК і Пімен ПАНЧАНКА.
Пра тое, як тады працавалі карэспандэнты, успамінаў былы рэдактар Пётр ШАЎЧЭНКА: “Газета выдавалася аб’ёмам паўаркуша, у выглядзе лістоўкі. Набор быў ручны. Памяшканне асвятлялася з дапамогай пераноснага электрарухавіка, які часта падводзіў нас. Тады і друкаваць газету даводзілася ўручную, выпускалі раёнку ноччу, нярэдка завіхаліся над ёю аж да раніцы. Выходзіла газета два разы на тыдзень і, нягледзячы на цяжкасці, рэгулярна і своечасова трапляла да падпісчыкаў”.
Восенню 1956-га раёнка, якую ўзначальваў Мікалай КАВАЛЬЧУК, змяніла назву на “Коммунистический путь”, а неўзабаве і фармат, калі стала выходзіць тройчы ў тыдзень на 4-х палосах.
У тыя часы наш райцэнтр актыўна забудоўваўся, прыбіраючы сляды разбуральнай вайны. Таму сёння цікава пабачыць і расказаць чытачам у рубрыцы “Раней і цяпер”, як некалі жылі жабінкаўцы, узводзіліся гандлёвыя кропкі, бальніца ці ўстановы культуры і адукацыі.
У 60-я гады наша газета пасля аднаўлення Жабінкаўскага раёна перажыла сапраўднае другое нараджэнне. У ня-дзелю, 1 студзеня 1967-га, яна выйшла яркай і святочнай, цалкам віншавальнай і беларускамоўнай, з новай назвай і вялікімі планамі.
“Газета “Сельская праўда”, што цяпер у Вашых руках, — першы нумар новай Жабінкаўскай раённай газеты, якой прадстаіць вялікае жыццё і немалыя здзяйсненні, — пісалі першыя сельскапраўдаўцы і расказвалі пра тое, над чым мяркуе працаваць калектыў рэдакцыі. — Чалавек творчай працы — герой нашага часу. Увага к чалавеку, павага да яго — закон усяго савецкага жыцця. Праца рабочага, калгасніка, служачага, яго духоўны свет, задумы і настрой, быт, вучоба і адпачынак будуць у цэнтры нашых газетных матэрыялаў”.
Ля вытокаў “СП” стаялі журналісты з Камянца Барыс БРЭЎДО (прызначаны рэдактарам) і яго намеснік Віталь КАНАВАЛЮК, які ў будучым таксама ўзначальваў рэдакцыю. Насуперак усім перашкодам, што, бывае, суправаджаюць час станаўлення, калектыў рабіў усё, каб газета выходзіла своечасова, была змястоўнай і карыснай.
Наступныя дзесяцігоддзі адпавядалі праграме, заяў-ленай ад самых пачаткаў. Аднак часам на здзяйсненне планаў патрабаваліся гады. Так, цікава даведацца, што ўжо ў 1974 годзе меўся план пабудаваць у Жабінцы дзевяціпавярховыя дамы. Між тым, першы дзевяці-павярховік быў здадзены ў нашым горадзе толькі летам 2022-га.
Пра тое, наколькі маштабныя мерапрыемствы право-дзіліся раней у раёне, зноў жа сведчыць “Сельская праўда”. Так, вясной 1985 года ў нас ладзіўся Усесаюзны семінар вучоных і метадыстаў народнай асветы, дзе былі прадстаўнікі Масквы і многіх саюзных рэспублік. Высокія госці наведалі пачатковыя школы Жабінкаўшчыны, а лозунгам нарады сталі словы: “Настаўнік вучыцца. Настаўнік абавязаны пастаянна вучыцца!”.
Эканамічныя складанасці 90-х гадоў прывялі да таго, што раёнка пачала выходзіць двойчы на тыдзень, гэткая перыядычнасць захоўваецца і дасюль. А праз пяць гадоў адбылася падзея, без якой проста немагчыма было далейшае развіццё: рэдакцыя набыла камп’ютарны настольна-выдавецкі комплекс. Гэта дазволіла самастойна ажыццяўляць набор і значна палепшыць вёрстку.
Адметным у гісторыі “Сельскай праўды” стала 25 лютага 2006 года. З гэтага дня раёнка пачала выходзіць двухколернай, часам, на значныя святы, і шматколернай.
Зараз “СП” робіць сваю будзённую, але патрэбную справу: піша найперш пра сённяшняе жыццё ды занатоўвае яго цікавыя моманты для будучыні, не забываецца і пра мінулае, якое асабліва надзённае ў Год гістарычнай памяці. Аднак, як гаворыцца, усё плыве, усё змяняецца.

Ужо з новага 2023 года плануецца рэарганізацыя газеты, якая ўвойдзе ў склад камунальнага ўнітарнага інфармацыйнага прадпрыемства “Заря”. Жабінкаўская раёнка не спыняе і надалей сваё існаванне, але цяпер ужо разам з абласной газетай будзе рухацца далей, расказваючы аб цікавых ды працавітых людзях роднага краю, пра розныя эканамічныя дасягненні і значныя палітычныя падзеі.
Будзем разам, дарагі наш чытач!

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара