Беларусі пагражае імклівае распаўсюджванне сумніку (золотарника) канадскага. Эколагі папярэджваюць: па ступені небяспекі для навакольнага асяроддзя і дабрабыту чалавека гэты чужародны від знаходзіцца ў адным шэрагу з баршчэўнікам і каларадскім жуком.
Сумнік канадскі ўжо сёння наносіць вялікія страты не толькі прыродзе Беларусі, але й лясной і сельскай гаспадарцы. Зараз гэты працэс яшчэ можна ўзяць пад кантроль. Калі не спыніць распаўсюджванне сумніку цяпер, то ўжо праз некалькі гадоў да-дзеная работа запатрабуе ад нас значна больш сіл і сродкаў.
Агрэсіўнаму распаў-сюджванню сумніку канадскага спрыяюць некалькі фактараў.
Па-першае, у Беларусі ён не сустракае так званых ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў і насякомых. Па-другое, з кожнага куста сумніку атрымліваецца да 100 тысяч насення, якое мае вельмі высокую ўсходжасць – да 95 %. Па-трэцяе, карані сумніку выпрацоўваюць інгібітары – рэчывы, якія падаўляюць рост іншых раслін. Услед за гэтым знікае большасць лугавых насякомых, птушак, дробных млекакормячых. Такім чынам, займаючы любы ўчастак, сумнік цалкам змяняе яго жывёльны і раслінны свет.
У выніку гэта дае карціну імклівага захопу ім усё новых земляў. Становішча ўскладняецца тым, што жывёлы, у тым ліку дзікія, не ядуць сумнік. Гэта значыць занятыя ім тэрыторыі немэтазгодна выкарыстоўваць як сенакосныя і пашавыя землі.
Сумнік канадскі хутка замацоўваецца на лугах, пашах, выганах, меліяраваных балотах, пустках. Яшчэ адну пагрозу нясе засяленне ім лясоў, дзе ён распаўсюджваецца па ўзлесках і высечках, папярэджваюць эксперты.
Крыніцай насення сумніку з’яўляюцца прысядзібныя ўчасткі і могілкі, дзе яго вырошчваюць як дэкаратыўную культуру. Адтуль ён распаўсюджваецца на прылеглыя лясы і лугі. Таму пры стварэнні кветнікаў неабходна замяняць яго іншымі дэкаратыўнымі відамі.
Змагацца з сумнікам можна хімічнымі і механічнымі метадамі. Скошваць небяспечнае пустазелле рэкамендуецца па меры адрастання да 15-20 см, гэта значыць 3-4 разы за сезон. Альтэрнатывай можа быць аднаразовае скошванне ў другой палове жніўня да выспявання насення. У гэтым выпадку скошаныя расліны патрэбна абавязкова ўтылізаваць – спаліць ці закампаставаць. Там, дзе сумнік займае значныя плошчы, эфектыўным рашэннем будзе пераворванне з падсяваннем шматгадовых злакаў.
Сяргей ШЫК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Главные новости
